Лагафе́т (грэч. λογοθέτης, лац.: logotheta, італ.: logoteta, рум.: logofăt; ад λόγος — тут: пастанова, загад, лік, адлік; θέτης — які кладзе, накладае) — вышэйшы чыноўнік (аўдытар, канцлер і да т.п.) царскай ці патрыяршай канцылярыі ў Візантыі, а затым і ў некаторых Усходніх Цэрквах. Царкоўны лагафет быў захавальнікам патрыяршай пячаткі, кіраваў патрыяршай канцылярыяй і яе архівам; на ім жа ляжала грашовая справаздачнасць па патрыярхіі; ён часта быў членам патрыяршага суда. Іх абавязкі апісвае Георгій Кадзін у «De officialibus palatii Constantinopolitani etc». Грамадзянскія лагафеты адказвалі за розныя галіны дзяржаўных расходаў: лагафет прыватных маёмасцей, лагафет сакрэтаў, лагафет статкаў, лагафет вайсковага казначэйства, лагафет пошты (лагафет дрома). Вялікі лагафет кіраваў дзяржаўным казначэйствам.

Візантыйскія лагафеты

  • Драмалагафет (λογοθέτης τοῦ δρόμου) — лагафет пошт, адказны за імперскую пошту, дыпламатыю і разведку. У X—XI стагоддзі носьбіт гэтага тытула выконваў функцыі галоўнага міністра імперыі.
  • Лагафет генікона (λογοθέτης τοῦ γενικοῦ або ὁ γενικός), які выконваў функцыі міністра фінансаў.
  • Лагафет стратыётыкаў (λογοθέτης τοῦ στρατιωτικοῦ), адказны за забеспячэнне візантыйскай арміі, хоць дакладныя яго абавязкі не цалкам ясныя.
  • Лагафет статкаў (λογοθέτης τῶν ἀγελῶν), кіраўнік дзяржаўнымі маёнткамі (мітата) у заходняй Малой Азіі, якія пастаўлялі коней і мулаў для арміі і паштовай службы.
  • Лагафет эйдыкі, які адказваў за імператарскія скарбніцу, фабрыкі, склады і манаполіі. У эпоху Рымскай імперыі яму адпавядаў тытул лац.: comes rerum privatarum.
  • Лагафет прэторыя (λογοθέτης τοῦ πραιτωρίου), адзін з двух галоўных памочнікаў эпарха Канстанцінопаля.
  • Лагафет прыватнай маёмасці.
  • Вялікі лагафет (μέγας λογοθέτης), пасада першапачаткова з’явілася пад назвай logothetēs tōn sekretōn у часы кіравання Аляксея I Камніна для нагляду і каардынацыі дзейнасці іншых дзяржаўных службаў.

Лагафеты за межамі Візантыі

Сіцылія

З Візантыі тытул перайшоў на Захад, дзе трывала замацаваўся ў Сіцыліі. Тытул быў эквівалентны або нават больш значны, чым лац.: Magnus Cancellarius; яго насіў, напрыклад, П'етра дэла Вінья, усемагутны прыдворны імператара Фрыдрыха II.

Дунайскія княствы

Тытул лагафет выкарыстоўваўся ў сярэднявечных Малдаўскім княстве і Валахіі для абазначэння главы гаспадарскай канцылярыі і захавальніка дзяржаўнай пячаткі. У адсутнасць гаспадара выконваў яго функцыі. Праз лагафета праходзіла афармленне дзяржаўных папер. Пазней з’явіліся тытулы «другі лагафет» і «трэці лагафет» — іх маглі насіць некалькі асоб. Тэрмін «лагафет» прыйшоў у Малдавію з Візантыі праз Балгарыю.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.