Кіева-Пячэрская лаўра*
**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Краіна Сцяг Украіны Украіна
Тып культурны
Крытэрыі І, ІІ, ІІІ, IV
Спасылка 527
Рэгіён*** Еўропа і Паўночная Амерыка
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1990  (14-а сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Кіева-Пячэрская лаўра — дзяржаўны музейны комплекс у Кіеве (Украіна). Часткова выкарыстоўваецца, як манастыр і рэзідэнцыя кіеўскага мітрапаліта.

Духоўны і інтэлектуальны ўплыў Кіева-Пячэрскай лаўры спрыяў распаўсюджанню праваслаўнай культуры і праваслаўнай веры на Русі.

Гісторыя

Заснаваны ў 1051 годзе пры Яраславе Мудрым манахам Антоніем, родам з Любеча. Сузаснавальнікамі Пячэрскага манастыра сталі адзін з першых вучняў Антонія — Феадосій. Князь Святаслаў II Яраславіч падарыў манастыру плато над пячорамі, дзе пазней выраслі выдатныя каменныя храмы, упрыгожаныя жывапісам, келлі, крапасныя вежы і іншыя будынкі. З манастыром звязаныя імёны летапісца Нестара (аўтара «Аповесці мінулых гадоў»), мастака Аліпія.

З 1592 па 1688 год быў стаўрапігіяй Канстанцінопальскага Патрыярха; з 1688 года манастыр атрымаў тытул лаўры[1] і стаў «стаўрапігіёнам царскім і патрыяршым Маскоўскім»; у 1786 годзе лаўра была падпарадкавана кіеўскаму мітрапаліту, які стаў яе свяшчэннаархімандрытам.

Ніжняя Лаўра знаходзіцца ў веданні Украінскай Праваслаўнай Царквы (Маскоўскага Патрыярхата), а верхняя Лаўра — у веданні Нацыянальнага Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка[2]. 2 снежня 2022 года зарэгістраваны статут Кіева-Пячэрскай лаўры як манастыра ў складзе Праваслаўнай Царквы Украіны.

Храмы і славутасці

  • Вялікая лаўрская званіца
  • Ганназачаццеўская царква
  • Дабравешчанская царква
  • Званіца на Бліжніх пячорах
  • Званіца на Далёкіх пячорах
  • Крыжаўзвіжанская царква
  • Сабор Успення Прасвятой Багародзіцы
  • Трапезная царква прападобных Антонія і Феадосія
  • Троіцкая надбрамная царква (Святая брама)
  • Царква «Жываносная крыніца»
  • Царква і былыя шпітальныя пакоі Мікольскага манастыра
  • Царква Раства Прасвятой Багародзіцы
  • Царква Спаса на Бераставе
  • Царква Уваскрэсення Хрыстовага
  • Царква Усіх Святых
  • Царква ўсіх прападобных айцоў Пячэрскіх

У Бліжніх і Далёкіх пячорах Лаўры знаходзяцца мошчы ўгоднікаў Божых, таксама ў Лаўры ёсць і пахаванні прыхаджан (напрыклад, магіла Пятра Аркадзевіча Сталыпіна).

Рэлігійны аскетызм кіева-пячэрскага манаства

Кіева-пячэрскае манаства стаяла ля вытокаў рэлігійна-аскетычных памкненняў на Русі. Гэта ідэалогія найбольш поўны выраз знайшла ў Кіева-Пячэрскім патэрыку XII—XIII ст., вядомым цяпер толькі па позніх рэдакцыях.

Ядром зборніка паслужылі два пасланні. Першае з іх — пасланне былога манаха Кіева-Пячэрскага манастыра суздальскага біскупа Семіёна да свайго сябра і настаўніка кіева-пячэрскага манаха Палікарпа. Самім Палікарпам было напісана другое пасланне, якое звернута да архімандрыта Акіндына. Пры стварэнні першапачатковай рэдакцыі да гэтых пасланняў было далучана таксама «Слова аб першых чарнарызцах пячэрскіх» з «Аповесці мінулых гадоў», якія разам склалі асноўную рэдакцыю помніка.

Кіева-Пячэрскі патэрык — адзін з узораў жыційнай літаратуры. У простай і немудрагелістай форме разгортваюцца тут сцэны з манастырскага жыцця, зместам якіх з'яўляецца бесперапынная барацьба з целам. Але прастата сюжэтаў тут вельмі ўмоўная, бо ўзноўленыя сітуацыі — гэта значна больш складаныя тэалагічныя па сваім сэнсе пабудовы, у якіх так званая канкрэтыка адыгрывае зусім не галоўную ролю. У апісаннях, якія складаюць Патэрык, праз адмысловы спосаб стварэння вобраза, ён аказваецца не ідэалізацыяй рэальнасці, а, наадварот, канкрэтызацыяй ідэалу, рэальна існага ў сферы абсалютнай духоўнасці.

Адной з цэнтральных ідэй Патэрыка з'яўляецца ідэя аб грэшнасці зямнога і чысціні нябеснага. Аўтары помніка перакананыя ў магчымасці поўнай перамогі духоўнага пачатку, да чаго вядзе адмысловы спосаб зямнога жыцця — манаства. Строга выконваючы статуты і звычаі манастырскага жыцця, можна дасягнуць стану «выше человеческого в плоти житие ангельское подражающее». Гэты анёльскі стан патрабуе практычна поўнага прыгнёту ўсіх матэрыяльных патрэб і засяроджвання духоўнага жыцця на боскім сузіранні. Фактычна ўвесь помнік прысвечаны апісанню спроб увасаблення чалавека ў анёльскі вобраз, параметры якога будуюцца на аснове ідэалаў анёльскага чыну, створаных на аснове біблейскіх тэкстаў.

Яскравую карціну барацьбы чалавека са сваім целам дае «Жыціе Феадосія Пячэрскага»: «Ежай яму быў хлеб сухі, і ваду піў у меру, і капаў пячору сабе, не даючы супакою ні днём, ні ўначы».

Безумоўны прыярытэт духоўнага над матэрыяльным, скіраванасць на нябеснае і азначэнне зямнога як імгненнага вызначылі асаблівасці маральных уяўленняў кіева-пячэрскага манаства. Жыццё зямное для іх ёсць своеасаблівым паслухмянствам, дадзеным манаху Богам для таго, каб ён змог выявіць адданасць і далучанасць да вышэйшага духоўнага пачатку. Не жыццё, а смерць пасля годнага манаскага жыцця становіцца найвышэйшай каштоўнасцю.

Ідэя пакоры лягла ў аснову манастырскага статута, які строга рэгламентаваў і уніфікаваў усе моманты манаскага жыцця. Статут быў падручнікам жыцця для большасці насельнікаў манастыра; але некаторым, найбольш праведным, быў прыгатаваны лёс подзвігу. Да абраных адносіліся найперш пустэльнікі, якія ўсяляк абмяжоўвалі сябе ў ежы, насілі на сабе цяжкія вярыгі. Героі-праведнікі надзяляюцца ў Патэрыку адмысловай мудрасцю, якой яны адзначаны з самога нараджэння і якая дадзена ім Богам.

Манастырскі статут строга рэгламентаваў, што, калі і колькі варта чытаць. Самастойнае і бескантрольнае чытанне, паводле Патэрыка, вядзе да спакусы д'яблам, як гэта здарылася з манахам, які перастаў маліцца і старанна заняўся чытаннем, «і ніхто не мог з ім памерацца ў веданні кніг Старога Запавету, ён увесь яго на памяць ведаў. Тварэнне і Апостал жа не жадаў бачыць і іншым не дазваляў гутарыць з ім».

Адной з фундаментальных праблем Патэрыка з'яўляецца праблема канфлікту дабра і зла. Дабро, як правіла, пераведзена ў форму хрысціянскай набожнасці, пакоры і аскетызму. Зло шматаблічнае. Свет дабра маналітны. Свет зла дробны, розны, не мае выразных абрысаў. Зло квітнее ў княжых палатах і багатых кіеўскіх хатах, і ў сёлах, пранікае яно і ў сцены манастыра, а цэнтральнай постаццю гэтай шматаблічнай выявы зла выступае д'ябал.

У рамках падобнага разумення дабра і зла апісваецца і барацьба з нячысцікамі манахаў-праведнікаў, для якіх гэтая барацьба была асноўным подзвігам. Вызваленне ад уплыву матэрыяльнага свету ёсць для манаха найперш вызваленне ад улады нячысціка: «Трэба было вызваліцца ад цела, ад света, які апынуўся ва ўладзе д'ябальскіх полчышчаў, і каб атрымаць тыя месцы на небе, якія прызначаліся для людзей божых, варта ўжо тут стаць светлымі зямнымі анёламі або нябеснымі людзьмі, гэта значыць зрабіцца манахамі або аскетамі, якія ненавідзяць свет і ўзвышаюць боскі пачатак — дух».

Гл. таксама

Зноскі

  1. Лавра // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). СПб., 1890—1907.
  2. Архіўная копія. Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2012. Праверана 17 мая 2014.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.