Кыска
англ. Kiska
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча277,7 км²
Насельніцтва
  • 0 чал.
Размяшчэнне
51°57′38,30″ пн. ш. 177°29′41″ з. д.
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Кыска (Паўночная Амерыка)
Кыска
Кыска
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кы́ска (англ.: Kiska) — востраў у групе Алеуцкіх астравоў. Уваходзіць у склад амерыканскага штата Аляска. Плошча — 277,7 км². Сталага насельніцтва няма.

Геаграфія

Востраў Кыска з’яўляецца адным з найбуйнейшых астравоў групы Пацучыныя Алеуцкага архіпелага. Месціцца ў 3045 км на захад ад Джуна, сталіцы штата Аляска. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 38,51 км. Найбольшая шырыня — 12,9 км.

Мае вулканічнае паходжанне. Стратавулкан Кыска ўзвышаецца на 1220,4 м і з’яўляецца актыўным. Апошнія вывэржэнні зафіксаваны ў 1962 г., 1964 г. і 1990 г. Бухта Кыска на ўсходнім узбярэжжы лічыцца адным з найбольш прыдатных месцаў для стаянак марскіх суднаў на поўначы Ціхага акіяна. З усходу яна зачынена невялікім востравам Літл-Кыска.

Клімат пераходны ад умеранага да арктычнага. На заходнім узбярэжжы сярэднія тэмпературы рэдка апускаюцца ніжэй за 0 °C. Аднак у гарах прахалодна нават у летнія месяцы.

Прырода

Большую частку вострава Кыска займае тундра, якую на ўзвышшах змяняюць карст, зараснікі моху і лішайнікаў. Фаўна адметна мноствам марскіх птушак. У выніку чалавечай дзейнасці былі інтрадуцыраваны пацукі і пясцы. У 1995 г. на востраве выяўлена 5 экалагічна небяспечных месц, дзе знойдзены атрутныя рэчывы або адыходы, пакінутыя чалавекам.

Кыска разам з востравам Ату ўваходзіць у склад асобнай прыроднай ахоўваемай зоны.

Гісторыя

Лічыцца, што востраў Кыска быў населены продкамі алеутаў каля 4500 гадоў таму. Яны займаліся рыбалоўствам і паляваннем на ластаногіх, будавалі хаціны зямлянкавага тыпу. 25 кастрычніка 1741 г. востраў быў адкрыты расійскай экспедыцыяй на чале з В. Берынгам. Доўгі час расійскія здабытчыкі футра мала цікавіліся яго берагамі. У 17581759 гг. на ім зімавала каманда пацярпелага крушэнне расійскага судна «Святы Капітан». Аднойчы яна была атакавана абарыгенамі, якія, аднак, спужаліся стрэлаў і адступілі.

У 1810 г. і 1812 г. Расійска-амерыканская кампанія выселіла тубыльцаў Кыскі на астравы Ату і Амчытка, дзе з-за змяншэння насельніцтва не хапала рабочых рук. Выселеныя на Амчытку некаторы час сезонна наведваліся на Кыску, але ў выніку таксама былі пераселены на Ату.

У 1867 г. Кыска разам з іншымі Алеуцкімі астравамі была прададзена ЗША. Востраў сезонна наведваўся паляўнічымі на каланаў. У 1898 г. была высунута прапанова стварэння на ім буйной базы ВМС, але яна была пабудавана ў Пёрл-Харбар. Тым не меней, у 1901 г. заходняя частка была перададзена ў карыстанне ваенным. Тут быў пабудаваны пост. З 1912 г. наведванне Кыскі замежнымі суднамі было абмежавана. У 1913 г. астатняя частка вострава была абвешчана прыродным заказнікам. У 1936 г. была адчынена метэаралагічная станцыя.

6 ліпеня 1942 г. востраў Кыска быў акупаваны часцямі японскай арміі ў колькасці 500 чалавек. На метэаралагічнай станцыі знаходзіліся 10 амерыканскіх ваенных і сабака. Падчас штурму станцыі загінулі 2 амерыканцы, 7 трапілі ў палон, галоўны малодшы афіцэр В. К. Хаўс збег, але праз 50 дзён з-за голаду і прахалоднага надвор’я быў вымушаны таксама здацца ў палон. Усе палонныя былі інтэрніраваны ў Японію, адкуль вярнуліся толькі пасля заканчэння другой сусветнай вайны. На працягу ўсёй акупацыі ВПС ЗША і Канады несупынна бамбавалі японскія пазіцыі. Пасля захопу амерыканцамі вострава Ату 28 ліпеня 1943 г. японцы патаемна эвакуяваліся з Кыскі. 15 жніўня 1943 г. амерыканскія салдаты занялі востраў. Пры гэтым з-за мін, памылковых абстрэлаў і абмаражэнняў загінула 313 амерыканцаў.

У пасляваенны перыяд месца дыслакацыі японскіх войск было абвешчана нацыянальным гістарычным помнікам ЗША. Прырода Кыскі часткова пацярпела падчас выпрабаванняў ядзернай зброі на суседнім востраве Амчытка.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.