Група храмаў у Кхаджураха*
Khajuraho Group of Monuments**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Краіна Індыя
Тып Культурны
Крытэрыі i, iii
Спасылка
Рэгіён*** Азія
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1986  (10 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Кхаджураха (хіндзі: खजुराहे) — невялікая турыстычная вёска вакол храмаў у Індыі (шт. Мадх'я-Прадэш). Захавалася каля 20 храмаў, буйнейшы з якіх Кандар'я Махадэва. Буйны комплекс храмаў у паўночнаіндыйскім стылі Нагара (асноўныя тры элементы стылю: квадратнае свяцілішча санктум, адзін ці два рады трансептаў і ўвянчаны крывалінейным конусам шыкхарай. Паўночны стыль храмавай архітэктуры і скульптуры дасягае тут свайго піка. Усе будынкі былі ўзведзены ў IX—XII стагоддзях нашай эры. З'яўленне храмаў у Кхаджураха было звязана з адраджэннем індуізму ў гэты перыяд гісторыі Індыі.

Горад Кхаджураха быў культурнай і рэлігійнай сталіцай дынастыі Чандэла. Першапачаткова было пабудавана 85 храмаў і шматлікія дадатковыя будынкі. Свецкія пабудовы у Кхаджураха не захаваліся.

Згадванні аб дынастыі Чандэла губляюцца пасля XIII стагоддзя, і Кхаджураха аказаўся згубленым для свету. Толькі ў 1838 годзе брытанскі інжынер прайшоў праз джунглі і зноў адкрыў дзіўную мясціну пад назвай Каджураха.

Цяпер захавалася толькі 25 храмаў, увесь комплекс займае плошчу 21 км². Кхаджураха — аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Мастацтва і архітэктура

Кхаджураха з'яўляецца кульмінацыяй развіцця сярэдневяковай архітэктуры ў паўночнай Індыі. Храмы прысвечаны шываізму, вішнуізму і джайнізму.

У большасці храмаў агульная задума і план, адрозненні толькі ў дэталях. Усе храмы сіметрычныя адносна восі ўсход-захад. Тры храмы пабудаваны з граніту: Чаустах-ёгіні, Брахмы і Лалгуані-Махадэві. Усе астатнія храмы Кхаджулаха зроблены з пясчаніку[1], колер каменю вар'іруецца ад цёмна- да светла-жоўтага, сустракаецца ружовы. Матэрыял для будаўніцтва здабывалі ў горадзе Пана на ўсходнім беразе ракі Кен.

Асаблівасці храмаў Кхаджураха

Агульны выгляд Храма Кандар'я-Махадэва
  • кампактнасць;
  • выцягнутасць уверх;
  • адсутнасць сцен вакол храмаў;
  • высокія платформы-тэрасы (джагаці);
  • храмы абкружаны адкрытай галерэяй;
  • храмы багата аздоблены скульптурай.

Неад'емныя элементы плана храмаў

  1. Архамандапа — уваход-порцік[2], уваходны павільён[3]
  2. Мандапам — вестыбюль[4][5] — месца для тых хто моліцца[6], уваходны павільён для тых хто моліцца[3].
  3. Маха-мандапа — цэнтральная зала.
  4. Санктум — свяцілішча.

Знешні выгляд храмаў

У вялікіх храмах бакавыя трансепты ўпрыгожаны акном з балконам для вентыляцыі. Над балконамі размешчаны раскошныя скульптурныя групы, якія паказваюць сцэны з жыцця багоў. Святло з акон асвятляе ўнутраны цэнтральны зал.

Храм з двума парамі трансептаў уздоўж восі падобны на лацінскі крыж. Асобныя з вялікіх храмаў маюць дадатковыя свяцілішчы па чатырох вуглах платформы.

У храмаў падкрэслена высокі падмурак — платформа-тэраса. Па яе перыметру размешчаны серыі цудоўных арнаментаў. Пышныя рэльефы змяняюць адзін аднаго, як кадры з фільма аб дынастыі Чандэла.

Сцены храмаў пакрытыя двума і больш шэрагамі вытанчанай скульптуры. Дасканалая прыгажосць праяўляецца ў кожнай статуі з яе вытанчанасцю, культам элегантнасці і дасканаласці. Храмавая скульптура — самая прыцягальная асаблівасць Кхаджураха.

Над сценамі ўзвышаюцца скляпенні, якія складаюцца з серыі пікаў. Старажытныя апісанні параўноўваюць іх з горнай градой гары Кайлас ці Меру. Вышыня скляпенняў паступова павялічваецца ад самага нізкага ўзроўня (знаходзіцца над уваходным порцікам) да самага высокага — сікхары (знаходзіцца над свяцілішчам). Скляпенні пабудаваныя па адной восі, кожнае з іх мае пірамідальную форму.

Унутраная канструкцыя храма

Элемент сцяны цэнтральнай залы

Уваход-порцік — падоўжаны праход у вестыбюль (мандапу). Ён багата аздоблены кругавой каменнай гірляндай. Арнамент складаецца з любоўных пар, прыгожых кветак і міфічных жывёл. У мандапе прастора пашыраецца. Вестыбюль упрыгожаны балюстрадай (какшасанай), разной столлю, калонамі і пілястрамі.

Цэнтральная зала (маха — мандапа) — закрытае памяшканне ўнутры бакавых трансептаў. У вялікіх храмах у цэнтры залы размешчана квадратнае ўзвышэнне (антарала), з калонамі па вуглах, якое перагароджвае прамы ўваход у свяцілішча. Унутры храма знаходзіцца статуя ці лінгам бога, якому прысвечаны храм.

Інтэр'ер храмаў надзвычайна багата дэкарыраваны дэталямі, вялікай колькасцю скульптур. Скляпенні ўпрыгожаны майстэрскім геаметрычным малюнкам. Самы знакаміты элемент унутранага аздаблення — падтрымныя фігуры апсар — цудоўных німф. Апсары, якія з'яўляюцца шэдэўрамі сярэдневяковай скульптуры, адлюстраваны ў пажадлівых позах і ідэальна адпаліраваны. На фасадзе свяцілішча часцей за ўсё размяшчаюць дзве ці тры групы статуй — дакладныя копіі са знешняга фасада храма.

Скульптура

Вялікі рэльеф Храма Лакшмана

Скульптура Кхаджураха бярэ свае вытокі з сярэдневяковай школы Арысы і пераўзыходзіць яе ў вытанчанасці выяў.

Усю скульптуру Кхаджураха можна падзяліць на пяць асноўных катэгорый.

  • Першая катэгорыя ўключае рэлігійныя выявы. Яны зроблены толькі ўздоўж фасадаў, у строгім узгадненні з кананічнай формулай і прадпісаннямі.
  • Другая катэгорыя складаецца з багоў, іх слуг і атачэння. Сустракаецца ў нішах на сценах, а таксама ў вялікіх і сярэдніх рэльефах на фасадах храмаў, ва ўнутраным аздабленні. Скульптуры ў нішах выкананы строга і кананічна. Позы астатніх багоў і багінь больш свабодныя. Вызначыць багоў можна толькі па асобых прыкметах: галаўному ўбору, свяшчэннай рэчы ў руках, упрыгожваннях па ўсяму целу, ездавой жывёле і брыльянтах на грудзях.
  • Да трэцяй катэгорыі адносяць апсар і сура-сундарыс. Гэта самая вядомая і шматлікая частка скульптуры Кхаджураха. Сустракаецца ў вялікіх і сярэдніх рэльефах на фасадах храмаў, на ўнутраных сценах, калонах і столі. Сура-сундарыс — зграбная німфа ў прыгожых строях і ўпрыгожаннях. Ёй уласцівыя чалавечыя эмоцыі ў звычайных жаночых справах. Яна можа распранацца, пазяхаць, пачухваць бок, выцягваць стрэмку з нагі, мацаць грудзі, песціць дзіця, гуляць з дамашнім гадаванцам, пісаць ліст, іграць на флейце. Апсара адлюстравана ў час танца ў розных позах. Як служка багоў, яна можа трымаць у руках кветку лотаса, люстэрка, пасудзіну з вадой, араматычныя рэчывы, арнаменты і іншае. Статуі сура-сундарыс і апсар выконваюць у адпаведнасці са строгімі канонамі: галава нахілена ў адзін бок, цела ў другі, а ногі ў трэці; вельмі выразна вылучаны позірк.
  • Чацвёртая катэгорыя — свецкая скульптура: валадары і іх сем'і, настаўнікі і вучні, дамашнія сцэны, танцоры і музыкі, эратычныя пары і групы.
  • У пятую катэгорыю ўваходзяць скульптуры жывёл, уключаючы міфалагічных. У асноўным гэта вярблюды, коні, кабаны, малпы, сабакі, папугаі і іншае.

Эратычная скульптура Кхаджураха

Дэталь фасада Кандар'я-Махадэва

Ва ўсім свеце эратычная скульптура з'яўляецца сімвалам Кхаджураха. Пры ўсёй сваёй разнастайнасці форм і вытанчанасці выканання яна, натуральна, прыцягвае ўвагу. Сустракаецца на фрызах платформ, а таксама ў вялікіх, сярэдніх і малых рэльефах на фасадах храмаў. Часта любоўныя пары памешчаны ў месцах архітэктурных злучэнняў паміж асобнымі часткамі храмаў на фасадзе будынка (напрыклад, злучэнне свяцілішча з цэнтральным залам), чаму вельмі часта надаюць сімвалічнае значэнне касмічнага адзінства. Дакладна невядомы адносіны да эратычнай скульптуры ў часы правіцеляў Чандэла.

  • Згодна з першай версіяй, секс быў даступнай тэмай у дадзеным грамадстве ў той перыяд часу.
  • Другая версія сцвярджае, што статуі ілюструюць старажытныя тэксты Кама Сутры. Сцэны паказваюць эратычную практыку ў цэнтральнай сярэдневяковай Індыі ў сектах, якія ўключалі ў сексуальны акт рытуальны сімвалізм. У спалучэнні ёгі (духоўных ведаў) і бхогі (фізічнага задавальнення) бачылі альтэрнатыўны шлях да дасягнення вызвалення. Кантроль задавальнення — як шлях да выратавання.
  • Трэцяя версія мяркуе, што размяшчэнне эратычнай скульптуры мела мэтай навучанне. Скульптары падавалі прыклад новаму пакаленню ў натуральных адносінах да сексу, як да неад'емнай часткі жыцця.
  • Паводле чацвёртай версіі, размяшчэнне эратычнай скульптуры на ніжніх узроўнях храмаў мела мэтай паказаць рэальнае месца палавых зносін у іерархіі сапраўдных каштоўнасцей чалавека.

У старажытных трактатах па архітэктуры пішуць аб любоўных парах птушак, жывёл, людзей, як аб сімвале шчасця і дабрабыту.

Таксама ў мастацтве Індыі сустракаюцца больш раннія выявы закаханых пар, напрыклад скульптуры з тэракоты перыяду Шунга і таксама мастацтве скульптуры больш позняга перыяду ў гарадах Амараваці і Матхура.

Храналагічная шкала

Храм Джагадамбі
Храм Дуладэа

Параўнальны аналіз скульптуры, архітэктуры і дэкаратыўных уласцівасцей храмаў Кхаджураха паказаў, што згодна з часавым крытэрыем усе храмы можна падзяліць на дзве групы. Больш ранняя група з менш раскошнымі храмамі: Чаустах-ёгіні, Брахмы, Лалгуані-Махадэві і Вараха. Яны пабудаваны з граніту і пясчаніку.

Другая група ўключае храмы толькі з пясчаніку. Будуюцца храмы Лакшмана, Чатурбхуджа і Дуладэа. Пасля храма Лакшмана з'яўляюцца храмы Пашванатха, Вісвнатха, Джагадамбі і Чытрагупта. Увасабленнем піка архітэктуры і росквіту скульптуры з'яўляецца храм Кандар'я—Махадэва. Самы позні перыяд будаўніцтва ўвасабляюць храмы Вамана, Адзінатха і Джавары, больш скромныя па памерах, але не менш вытанчаныя.

Заходняя група храмаў

Храмы размешчаны ўздоўж галоўнай дарогі на захадзе ад турыстычнай вёскі Кхаджураха. Храмы заходняй групы найчасцей наведваюць турысты. Першым ад увахода знаходзіцца храм Лакшмана. Побач з ім знаходзяцца два меншыя храмы: Вараха і Лакшмі. Адразу за імі на адной платформе ўзвышаюцца храмы Кандарыя-Махадэві і Джагадамбі. Направа ад іх адзіны ў Кхаджураха храм бога Сонца — Чытрагупта. За ім бліжэй да выхаду знаходзіцца храм Вісванатха са свяцілішчам Нандзі. Злева — храм Лакшмана.

Усходняя група храмаў

Усходняя група храмаў знаходзіцца побач з вёскай Кхаджураха. Уключае ў сабе тры брахманскія храмы: Брахмы, Ваманы і Джавары, тры джайнісцкія храмы: Гханай, Адзінатха і Паршванатха. Брахманскія храмы размешчаны бліжэй да возера.

Паўднёвая група храмаў

Паўднёвая група храмаў уключае два храмы: Дуладэа і Чатурбхуджа. Вялікая статуя Ханумана (бога малпаў) знаходзіцца на сярэдзіне шляху паміж заходняй групай храмаў і вёскай Кхаджураха.

Галерэя

Крыніцы

  1. Жуковский, Копцева 2005, с. 319.
  2. Архитектура: терминологический словарь Архівавана 20 лістапада 2016. / составитель Ф. Р. Хаялина. — Оренбург: ИПК ГОУ ОГУ. 2008/ — C/ 14.
  3. 1 2 Жуковский, Копцева 2005, с. 298.
  4. Thapar, Binda. Introduktion to Indian Architecture. — Singapoure: Periplus Editions, 2004. — P. 143. ISBN 0-471-28451-3.
  5. Ching, Francis D.K.. A Visual Dictionary of architecture. — P. 253. ISBN 0-471-28451-3.
  6. Архитектура: терминологический словарь Архівавана 20 лістапада 2016. / составитель Ф. Р. Хаялина. — Оренбург: ИПК ГОУ ОГУ, 2008. — С. 68

Літаратура

  • World Heritage Series:KHAJURAHO. Based on the text Krishna Deva, Published by ASI, New Delhi, 2002. — 98 c.
  • Жуковский, В. И., Копцева, Н. П. Искусство Востока. Индия: Учеб. пособие.. — Красноярск: Краснояр. гос. ун-т, 2005. — 402 с. — ISBN 5-7638-2575-5.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.