Куяльніцкі курорт, Куяльнік — бальнеагразевы курорт ва Украіне. У складзе Адэскай групы курортаў, за 10 км ад г.Адэса, на беразе Куяльніцкага лімана. Адзін са старэйшых гразевых курортаў (першыя ўстановы былі пабудаваны ў 1833 годзе). Асноўныя лекавыя прыродныя фактары: глеевыя сульфідныя гразі (запасы каля 20 млн.м³), ліманная рапа (мінералізацыя да 190 г/л, мае ў сабе серавадарод, бром, жалеза), хларыдна-гідракарбанатна-натрыевыя воды мясцовых мінеральных крыніц (пітная лячэбна-сталовая і для ваннаў, наладжаны прамысловы разліў). Гразе-, бальнеа-, аэрагелія- і таласатэрапія хвароб суставаў, нервовай сістэмы, гінекалагічных, некаторых страўнікава-кішачных. Санаторыі, пансіянаты, бальнеа- і гразелячэбніцы, установы для амбулаторна-курсовачнага лячэння.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).