Кучукі, Кучуковічы — шляхецкі род герба «Сякера»[1].
В. Насевіч называе для Кучукаў герб «Сястрэнец»[2], але напэўна блытае іх з Сестранцэвічамі-Кучукамі, вядомымі з XVII ст. у Мсціслаўскім ваяводстве.
На думку В. Насевіча, пачынальнік роду — Кучук, каморнік вялікага князя Ягайлы, удзельнік забойства вялікага князя Кейстута ў 1382 годзе[2]. Паводле Р. Пятраўскаса, родапачынальнік — Конрад Кучук (Cunradus alias Kuczuc)[1], якога В. Насевіч называе Конрадам сынам Кучука[2]. Конрад Кучук вядомы толькі са свайго надання ў 1436 годзе віленскім францысканцам, ён карыстаўся пячаткай з гербам «Сякера» і лічыў вотчынным маёнткам Жырмуны (heres de Szyrmuni)[1]. Таксама Конрад Кучук валодаў Дакудавым і Жыдкавічамі[1]. На думку яшчэ У. Сямковіча, аснаваную на карыстанні гербам «Сякера» і лакалізацыі вотчын (Жырмуны і Салечнікі), Конрад Кучук мог быць сынам Аляксандра Монтаўта[1]. Паводле Р. Пятраўскаса, храналагічна Конрад Кучук можа быць хутчэй братам Аляксандра Монтаўта[1]. Звесткі пра герб і вотчыны фактычна пацвярджаюць блізкую роднасць Кучукаў з Монтаўтамі і Бутрымамі[1].
Паводле В. Насевіча, Конрад атрымаў ад вялікага князя Шчучын[2].
Сын Конрада — Ян (каля 1410-каля 1478), маршалак гаспадарскі (1469—1478) і намеснік лідскі (1473).
Сыны Яна — Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі (1482); Войцех (каля 1440 — пачатак 1506), маршалак гаспадарскі (1492—1505), намеснік уладзімірскі (1494) і намеснік ваўкавыскі (1496).
Пасля смерці Войцеха родавыя маёнткі Салечнікі у Віленскім павеце, Жырмуны, Дакудаў, Шчучын у Лідскім павеце, Вязынь у Менскім павеце, выслужанае Войцехам Палонна ў Луцкім павеце і іншыя праз шлюб яго дачкі перайшлі да Станіслава Кішкі.[3]
Крыніцы
- 1 2 3 4 5 6 7 Пятраўскас 2014, с. 260.
- 1 2 3 4 ВКЛ : Энц. у 2-х т. — Т. 2. 2005, с. 174.
- ↑ Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 стагоддзяў. — Мн.: БелЭН, 1993.
Літаратура
- Насевіч В. Кучукі // Вялікае княства Літоўскае : Энцыклапедыя ў 2-х т.. — Мн: БелЭн, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 174. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0.
- Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / Перакл. з літоўск. А. Мікус; Навук. рэд. М. Макараў.. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-006-2.