Куруба (कुरुम्बा) | |
Агульная колькасць | 57 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | куруба |
Рэлігія | індуізм |
Блізкія этнічныя групы | тэлугу, тамілы, канада, корага |
Куруба, куруман або курумба (саманазва कुरुम्बा) — племянная і каставая супольнасць пераважна на захадзе індыйскага штата Тамілнад. Агульная колькасць — 57 тыс. чал.[1]
Паходжанне
Куруба значна адрозніваюцца ад сваіх суседзяў (тода, кота, бадага, кадава і інш.) сваім знешнім абліччам, паколькі маюць ясна выяўленыя рысы аўстралоіднай расы (нізкі рост, цёмная скура, кудлатыя валасы). Гэта можа сведчыць пра тое, што куруба паходзяць ад найстаражытных насельнікаў паўднёвай Індыі, якія з’явіліся раней за многія іншыя дравідамоўныя групы.
У тамільскіх гістарычных запісах куруба выступаюць як ваенная супольнасць, якая ў эпоху сярэднявечча актыўна ўдзельнічала ў войнах у Паўднёвай і Цэнтральнай Індыі. Некаторыя гісторыкі лічаць, што выхадцы з куруба мелі непасрэднае дачыненне да фарміравання маратхаў і шэрагу правячых дынастый. Пры гэтым іх гісторыю адсоўваюць да часоў «Махабхараты» і перакладаюць назву як «маючыя давер»[2].
З XVI ст. куруба фіксуюцца як рэлігійная і этнічная група горцаў-авечкагадоўцаў. Прычым, як каста яны прылічаюцца да нізкай варны шудраў. У гэтай сувязі, частка даследчыкаў лічаць, што куруба-воіны і куруба-пастухі — гэта адна і тая ж супольнасць, якая ў выніку гістарычных змен была вымушана змяніць асноўны занятак дзейнасці і была паніжана ў статусе[3]. Іншыя тлумачаць сярэднявечных воінаў і сучасных пастухоў як дзве абсалютна розныя па паходжанню групы з агульнай назвай[4]. Самі куруба адносяць сябе да нашчадкаў вялікіх сярэднявечных дынастый[5]. У апошнія дзесяцігоддзі іх гісторыя была значна міфалагізавана.
Традыцыйная культура
Куруба падзяляюцца на 4 тэрытарыяльныя групы, кожная з якіх займае пэўны невялікі рэгіён,- мулу, алу, палу і джэну[6]. Алу і палу найбольш блізкія адна да другой. Межы іх рассялення сутыкаюцца. Астатнія дзве групы адасоблены. Алу і палу займаюцца трыманнем авечак, паляваннем і збіральніцтвам. Мулу і джэну — пераважна толькі збіральніцтвам і паляваннем, але таксама працуюць на плантацыях, наймаюцца секчы лес.
Акрамя таго, куруба падзяляюцца на дзве экзагамныя супольнасці нагар і балагар на чале якіх стаяць правадыры-мудалі. Улада правадыроў перадаецца па спадчыне ад бацькі да сына. У склад супольнасцей уваходзяць роды, што аб’ядноўваюць нуклеарныя і пашыраныя сем’і.
У куруба няма істотных забарон на ежу. Вясельныя і пахавальныя рытуалы значна спрошчаныя. Нябожчыкаў звычайна спальваюць, а малых дзяцей і мудалі хаваюць у зямлі. Маюцца памінальныя пячоры, дзе ў гонар памерлых ставяць камяні. Акрамя індуісцкіх багоў, куруба шануюць духаў гор і лесу. Усе куруба таксама славяцца сярод суседзяў за сваё ўменне чараваць.
Мова
Куруба размаўляюць на мове, якая фактычна з’яўляецца паўднёвым дыялектам мовы канада, аднак карыстаюцца тамільскім алфавітам.
Зноскі
- ↑ Kuruman of India
- ↑ History of Kurubas
- ↑ Народы Южной Азии. / Под ред. Н. Гусевой, А. Дьякова, М. Левина, Н. Чебоксарова. — М.: Из-во АН СССР, 1963. С. 653
- ↑ West B. A. Encyclopedia of the Peoples of Asia and Oceania. — New York, 2009. P. 361
- ↑ Kurumba Tribe Архівавана 29 лістапада 2013.
- ↑ Kurumba