Купо́н (англ.: label[1][2], coupon[3] або tab[4]) — частка марачнага аркуша, аддзеленая ад паштовых марак перфарацыяй або вузкім белым полем у беззубцовых марак. Купон не з'яўляецца знакам паштовай аплаты, не мае наміналу і слова «Пошта». Ён узнікае або праз спецыяльнае размяшчэнне марак у аркушы, або з мэтай паведамлення дадатковай інфармацыі ці дэкаратыўнага афармлення маркі. Купоны бываюць гарызантальныя (збоку), вертыкальныя (зверху або знізу) і прамежкавыя (пасярод марак).
Гісторыя і апісанне
Маюцца розныя версіі паходжання купона.
У адпаведнасці з першай, купоны з'явіліся для зручнасці падліку марак у прадажным марачным аркушы, колькасць якіх павінна была быць круглай. Калі па ўмовах друку (памер аркуша і памер маркі) гэтага не атрымлівалася, лішнія марачныя месцы займалі купоны. Напрыклад, калі на аркушы былі 42 асобнікі (6 × 7), друкавалі 40 марак і 2 купоны. Радзей купон атрымлівалі з паласы паперы (поля), што аддзяляла сектары ў тыпаграфскім аркушы, напрыклад, на марцы СССР з партрэтам А. С. Грыбаедава 1959 г. або праз дадатковую лінію перфарацыі на шырокім полі аркуша — на некаторых марках СССР серыі «25-годдзе першынцаў савецкай індустрыі» 1958 г.
Купон таксама часам адрываўся падчас праходжання паштовым адпраўленнем пошты (гашэння).
На купоне таксама размяшчаліся ўмовы дастаўкі карэспандэнцыі, напрыклад, дастаўляць або не дастаўляць у выхадныя і святочныя дні (своеасаблівая інструкцыя для паштальёнаў).
Купоны, якія выкарыстоўваліся для падліку марак у аркушы, першапачаткова былі пустымі — на іх адсутнічалі надпісы або малюнкі, але потым гэтыя месцы сталі выкарыстоўваць для нанясення розных знакаў, малюнкаў, тэкстаў службовага, рэкламнага або дэкаратыўнага характару. У сучаснасці аформлены купон з'яўляецца дадаткам да зместу малюнка або тэксту на паштовай марцы, з якой ён надрукаваны. Марачныя аркушы з купонамі друкуюцца ў многіх краінах.
Філатэлістычныя аспекты
Марка з асобным купонам захоўвае ўсе ўласцівасці знака паштовай аплаты, аднак у філатэлістычных калекцыях гэта жа марка з купонам ацэньваецца вышэй. Купон, аддзелены ад маркі, не мае ніякай каштоўнасці — ні намінальнай, ані філатэлістычнай.
Цікавыя факты
Купоны дзяржаўнай пошты ў розны час у розных краінах выкарыстоўваліся для палітычнай і рэлігійнай прапаганды, размяшчэння паэтычных і празаічных тэкстаў, інфармацыі аб будучых падзеях, рэкламы і нават як латарэйныя білеты.
Гл. таксама
- Гатар, філатэлія
- Міжнародны адказны купон
Зноскі
- ↑ Label; Label, commemorative; Label, dominical; Labeled stamps; Label, semi-postal (англ.)(недаступная спасылка). Glossary of Stamp Collecting Terms — L. AskPhil; Collectors Club of Chicago. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2012. Праверана 24 чэрвеня 2010.
- ↑ «Stamps news and stories». Архівавана 13 лютага 2010. (англ.) (Праверана 12 снежня 2008)
- ↑ Coupon (англ.). Glossary of Stamp Collecting Terms — C. AskPhil; Collectors Club of Chicago. Архівавана з першакрыніцы 26 лютага 2012. Праверана 24 чэрвеня 2010.
- ↑ «Kenmore Stamps». Архівавана 19 сакавіка 2012. (англ.) (Праверана 12 снежня 2008)
Літаратура
- Азбука филателиста // Филателия. — 1994. — № 12. — С. 52.
- Алойц В. Тайны белых купонов // Петербургский коллекционер. — 2005. — № 1 (31). — С. 44.
- Большой филателистический словарь / Под общ. ред. Н. И. Владинца и В. А. Якобса. — М.: Радио и связь, 1988. — 320 с. — ISBN 5-256-00175-2. [См. статьи, начинающиеся на Купон, Листы марок с купонами и Надпечатки купона.]
- Каталог листов марок 1992—2009. Российская Федерация(недаступная спасылка) / Под ред. В. Б. Загорского. — СПб.: Стандарт-Коллекция, 2009. — 72 с. — ISBN 978-5-902275-41-1. (Праверана 20 красавіка 2011) (Включает описание листов марок с купонами.)
- Тет-беш, купон, сцепка // Календарь филателиста — 1974. — М.: Связь, 1973. — 16—22 декабря.
- Филателистический словарь / Сост. О. Я. Басин. — М.: Связь, 1968. — 164 с. [См. Купон, Регистрационные купоны и Рекламные купоны.]
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Купон (філатэлія)