Купецтва — сацыяльны пласт, які займаўся прадпрымальніцтвам пераважна ў галіне гандлю. Атрымлівала прыбытак за кошт перапродажу па больш высокай цане тавараў, што былі куплены ў іх вытворцаў (уладальнікаў).

Гісторыя

Вядома з глыбокай старажытнасці, у т.л. ў Карфагене, Старажытнай Грэцыі, Рыме, эліністычных дзяржавах. У раннім сярэдневякоўі купецтва найбольш інтэнсіўна развівалася ў арабскіх краінах, Індыі, Кітаі; быў пашыраны тып вандроўнага купца. У сувязі з аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ростам гарадоў у XI—XII стст. пашырылася ў Заходняй Еўропе, асабліва ў Венецыі, Генуі, гарадах Ганзы. Напачатку купецтва дзейнічала пераважна ў сферы знешняга, а з 16 ст. і ўнутранага гандлю. Для абароны сваіх інтарэсаў сярэдневяковае купецтва аб’ядноўвалася ў асобныя карпарацыі — гільдыі, сотні і інш., уваходзіла ў склад гарадскога патрыцыяту. Разам з гандлем купецтва займалася ліхвярствам і водкупам.

Пасля Вялікіх геаграфічных адкрыццяў яго гандлёвая дэейнасць пашырылася на краіны Амерыкі, Азіі, Афрыкі; ствараліся вялікія гандлёвыя кампаніі, што імкнуліся ўстанавіць гандлёвую манаполію і нават ваенна-палітычнае панаванне ў цэлых краінах і раёнах свету: брытанская (16001858) і нідэрландская (16021798) Ост-Індскія, Расійска-Амерыканская (17991868). У 1618 стст. купецтва спалучала гандлёвыя і крэдытна-пазыковыя аперацыі з прадпрымальніцтвам у прамысловасці.

У развітым капіталістычным (рыначным) грамадстве купецкі (гандлёвы) капітал паступова страціў самастойную ролю і ператварыўся ў адасобленую частку прамысловага капіталу, а купецтва стала часткай прадпрымальнікаў. Купцы традыцыйнага тыпу, што вядуць самастойны гандаль, захаваліся пераважна ў рознічным гандлі, аднак самі тэрміны «купецтва» і «купец» цяпер у беларускай мове амаль не ўжываюцца.

Беларусь

Рускі купец. З нямецкай гравюры XVI стагоддзя
Адзенне купцоў у Русіі, Масковіі і Польшчы. З нямецкай гравюры XVI стагоддзя

Ва ўсходніх славян купецтва пачало фарміравацца ў 910 стст. пераважна з княжацкіх дружыннікаў, якія ўдзельнічалі ў зборы даніны і яе збыце на знешніх рынках. Плаванне купецкіх караванаў са старажытна-рускіх цэнтраў, у т.л. Полацка, у Візантыю апісана ў творы Канстанціна VII Багранароднага «Аб кіраванні імперыяй» (сярэдзіна 10 ст.). Гандаль Кіеўскай Русі з Візантыяй рэгуляваўся дагаворамі 911, 944, 971. Фарміраванню купецтва значна спрыялі міжнародныя гандлёвыя камунікацыі: шлях «з варагаў у грэкі», заходнядзвінскі, дняпроўска-бугскі шляхі. 3 11 ст. купецтва папаўнялася з гарадскіх і сельскіх рамеснікаў. Гандлем займаліся таксама манахі, вольныя сяляне, пазней і залежныя ад феадалаў людзі і нават халопы, якія выконвалі даручэнні сваіх уладальнікаў[1].

3 беларускіх гарадоў у пісьмовых крыніцах 1214 стст. найлепш асветлена дзейнасць купецтва Полацка і Віцебска. Паводле дагавора 1229[1] і дагавораў полацкіх князёў Гердзеня 1263 (1264) і Ізяслава 1265 з Інфлянцкім ордэнам купецтва Полацка і Віцебска магло свабодна гандляваць у Рызе, Любеку, на Готландзе. Віцебская берасцяная грамата мяжы XIIIXIV стст. сведчыць пра ўдзел мясцовага купецтва ў хлебным гандлі. У неўраджайныя гады яно дастаўляла збожжа з Рыгі. Полацкія купцы неаднаразова ўпамінаюцца ў «Рыжскай даўгавой кнізе» (12861352). У XIVXV стст. гандляры з беларускіх гарадоў ездзілі ў Польшчу, Прусію, Турцыю, Маскву, Ноўгарад, Пскоў. У Рызе іх рэзідэнцыяй быў Рускі двор (упамінаецца ў 1458), з мяжы XIIIXIV стст. тут існавала праваслаўная царква Св. Мікалая. Гандаль вёўся, як правіла, оптам, нярэдка ў крэдыт. Канфлікты паміж беларускімі і нямецкімі купцамі разглядаліся ў спецыяльных судах[2].

Дзейнасці купецтва спрыяла ўвядзенне ў канцы XIVXV стст. магдэбургскага права[1] ў Берасці, Слуцку, Гародні, Полацку, Менску і інш[2]. Прадстаўнікі купецтва ўваходзілі ў органы гарадскога самакіравання[1]. Для беларускага купецтва XIVXV стст. характэрна маёмасная і сацыяльная дыферэнцыяцыя. Некаторыя заможныя купцы выконвалі гандлёвыя даручэнні вялікіх князёў літоўскіх і нават вызваляліся ад выплаты транзітных і мытных збораў. Купецтва адыгрывала станоўчую ролю ў развіцці сярэдневяковай культуры Беларусі. Купцамі былі бацька (Лука) і брат (Іван) беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Да XVI ст. склаліся купецкія дынастыі, для якіх занятак гандлем стаў традыцыйнай сямейнай справай[2].

У XVIXVII стст. купецтва складала значную групу насельніцтва ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Берасці, Пінску, Менску, Гародні, Слуцку, Міры, Бабруйску, Копысі, Шклове і інш. Пінск у 1631 годзе толькі пад юрысдыкцыяй магістрата меў «купцов до килка сот, которыми с товарами розными, восками, лоями, скурами, сукнами и иншыми товарами, у крамах седючими, гандлями до мест головных ездят». Магілёў у першай палове XVII ст. налічваў больш за 600 купцоў. Яшчэ больш іх было ў Полацку, бо для збірання купецкага падатку ў 1650 годзе ўлады накіравалі ў горад 7 зборшчыкаў. Купцы звычайна вялі гандаль ва ўласных крамах, у адрозненне ад «перакупняў», якія «только таким товаром, што живности належит, таргують», і шкотаў (шотаў), «котории речи свои ку продаваню на собе носят». Беларускае купецтва падтрымлівала гандлёвыя сувязі з Рыгай, Караляўцом (Кёнігсбергам), Варшавай, Гданьскам, Люблінам, Торунем, Гнезнам, Ноўгарадам, Псковам, Бранскам, Смаленскам, Масквой, Кіевам, Луцкам, Уладзімірам, Канстанцінопалем, Ясамі, венгерскімі гарадамі. На Захад беларускія купцы вывозілі пераважна вялікія партыі футра, воску, сырых і вырабленых скур, пянькі, хмелю[2][1]. Футра купцы набывалі на рынках Маскоўскай дзяржавы, некаторую іх колькасць куплялі на рынках беларускіх гарадоў і ў сёлах. 3 гарадоў Захаду яны прывозілі дарагую тканіну, металічныя і шкляныя вырабы, паперу, галантарэю[2][1], гваздзіку, перац, карыцу і інш[2].

Шляхі, па якіх правозілі тавар купцы-госці, называліся «гасцінцамі». Адзін з галоўных гасцінцаў праходзіў праз усю Беларусь з захаду на ўсход — ад Берасця да Оршы праз Камянец, Шарашова, Новы Двор, Ружану, Слонім, Моўчадзь, Мір, Нясвіж, Койданава, Менск, Барысаў, Начу, Бобр, Талачын, Коханаў. Праезд па гэтым гасцінцы з таварам займаў у пачатку XVII ст. амаль месяц. Гандлёвымі шляхамі для купецтва былі рэкі Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і інш. У канцы XVI — першай паловы XVII ст. беларускае купецтва павялічвалася з прыгонных сялян. Так, устава Стрэшынскай воласці 1618 адзначала, што ў Стрэшыне ваколічныя сяляне з усёй воласці трымалі арандаваныя ў мяшчан крамы. Судовы запіс у кнізе менскага гродскага суда 1625 паведамляў пра ўцёкі з с. Амінавічы маёнтка Жыцін 8 сем’яў «з людей добра заможных купцов». Бацька адной з гэтых сем’яў «витины до Кролевца спушчал, конми, быдлом купчыл с двема сынами». Дакументы XVIXVII стст. адносяць да купцоў і тых гандляроў, якія вялі ўнутраны гадаль у гарадах, мястэчках і вёсках Вялікага Княства Літоўскага. Жыхарам мястэчка Лагішын грамата вялікага князя літоўскага 1569 дазваляла «межи реками Ясольдою и Припяти по сёлах ездити, торговати, куповати, продавати». Гандлёвыя аперацыі купцоў Крычава праводзіліся ў населеных пунктах «памиж Дняпром, Сожам, Прыпятю и иншыми реками».

Пашыраным заняткам беларускага купецтва было і ліхвярства[2][1]. Купецтва адыгрывала вядучую ролю ў сацыяльным жыцці гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. 3 купцоў выбіралася гарадская рада, бурмістры, радцы, лаўнікі[2].

Пасля далучэння зямель Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. гандлёвая дзейнасць купцоў Беларусі заняпала[1].

У Расіі купецтва як гандлёва-прамысловае гарадское саслоўе аформлена ў 1775 і 1785. У адпаведнасці з Даравальнай граматай гарадам 1785 года купецтва падзялялася на 3 гільдыі. Большасць беларускіх купцоў была аднесена да самых бедных — у 3-ю гільдыю. Купцы карысталіся асабістымі і гасп. прывілеямі (асабліва 1-я і 2-я гільдыі), плацілі падаткі ў казну, да 1898 года карысталіся пераважным правам на заняткі прадпрымальніцтвам. У 1863 годзе скасавана 3-я гільдыя і доступ у купецтва стаў адкрытым прадстаўнікам іншых саслоўяў. У 1840 годзе ў Беларусі гільдзейскіх купцоў было 1078 чал., у 1860—1650 чал., у 1897 — 18 282 чал. (у Расійскай імперыі — 225,6 тыс. чал.). Як саслоўе купецтва скасавана 23 лістапада 1917[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Купецтва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 ЭнцВКЛ 2005.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.