Купалаўскі | |
---|---|
Катэгорыя МСАП — IV (Тэрыторыя кіравання відамі ці месцапражываннямі) |
|
Размяшчэнне | Беларусь, Лагойскі і Мінскі раёны, Мінская вобласць |
Найбліжэйшы горад | Лагойск |
Плошча | 3834 га[1] |
Дата заснавання | 6 красавіка 2000 года |
Кіруючая арганізацыя | ДЛГУ «Краснасельскае» |
Купалаўскі |
|
Купалаўскі |
|
Купалаўскі — рэспубліканскі ладшафтны заказнік у Лагойскім і Мінскім раёнах Мінскай вобласці.
Створаны ў 2000 годзе для захавання ў натуральным стане ўнікальнага прыроднага ландшафтнага комплекса з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, аховы рэдкіх лясных біяцэнозаў, а таксама для адраджэння прыроднага асяроддзя гісторыка-культурных аб’ектаў[1].
Плошча заказніка скаладае 3834 га (з іх 2743 га — у Лагойскім раёне, 1091 га — у Мінскім)[2].
Заказнік названы ў гонар народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, жыццё і творчасць якога звязаны з шэрагам мясцін на яго тэрыторыі[3].
Ландшафт
Заказнік знаходзіцца ў межах Лагойскага ўзвышша (частка Мінскага ўзвышша), сярэдняя вышыня якога складае 250—200 м. На яго тэрыторыі знаходзіцца гара Лысая (342 м) — другая па вышыні вяршыня Беларусі.
Ландшафты вылучаюцца выключнай прыгажосцю дзякуючы складанай будове, вялікім перападам вышынь і яруснаму рэльефу. Найвышэйшы ярус фарміруюць марэнныя ці камавыя ўзгоркі (вышыня 35—30 м), другі ярус — сярэднеўзгорысты рэльеф з адноснымі перавышэннямі вышынь 5—10 м, трэці ярус (ніжэй 250 м) прадстаўлены абалонавымі тэрасамі рэк Удры і Лукавай і глыбока ўрэзанымі старажытнымі лагчынамі сцёку.
Лясы займаюць 80 % тэрыторыі заказніка. З-за асаблівасцяў рэльефу балотныя бярозавыя і чорнаалешнікавыя лясы амаль не сустракаюцца. На ўзгорках распаўсюджаны хвойнікі і ельнікі, якія чаргуюцца з дзялянкамі шэраалешнікавых дрэвастояў і светлых бярозавых гаёў. Для моцна перасечанага ўзгорыстага рэльефу характэрны ялова-бярозава-шэраалешнікавый сярэднеўзроставыя дрэвастоі. У падлеску часта сустракаюцца дуб, ясень, ліпа, клён[3].
Флора
У флоры заказніка налічваецца 568 відаў сасудзістых раслін, у тым ліку 8 відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: купальнік горны, пярэсна еўрапейская, лілея кучаравая, гладыёлус чарапіцападобны, баранец звычайны, званочак шыракалісты, пустапялёснік зялёны, тайнік яйцападобны[3].
- Купальнік горны
- Лілея кучаравая
- Пярэсна еўрапейская
- Гладыёлус чарапіцападобны
- Баранец звычайны
- Званочак шыракалісты
- Пустапялёснік зялёны
- Тайнік яйцападобны
Фаўна
Фаўна заказніка налічвае 119 відаў наземных пазваночных жывел, у тым ліку 2 віды рэдкіх і знікаючых віды дзікіх жывёл, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: зялёная жаўна і пустальга звычайная[3].
- Зялёная жаўна
- Пустальга звычайная
Зноскі
- 1 2 Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 6 апреля 2000 г. № 470 "Об образовании республиканского ландшафтного заказника «Купаловский»
- ↑ Заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння (руск.) (DOC). Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Праверана 25 лютага 2020.
- 1 2 3 4 Заповедные территории Беларуси — Республиканский ландшафтный заказник «Купаловский» Архівавана 17 лютага 2020.