Замак | |
Крэўскі замак | |
---|---|
| |
54°18′36″ пн. ш. 26°17′02″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | Крэва |
Заснавальнік | Гедымін |
Будаўніцтва | канец XIII — XIV ст. |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000602 |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Крэўскі замак — комплекс абарончых збудаванняў тыпу кастэль каля вёскі Крэва Смаргонскага раёна.
Будаўніцтва
Пэўны час пабудовы замка застаецца дыскусійным. Класічная версія — пабудова замка Альгердам пасля 1338 года (да 1345 года) як сваёй рэзідэнцыі. У 1980—1990-я гады пашырылася версія пра пачатак будаўніцтва Крэўскага замка ў канцы XIII — пачатку XIV стагоддзяў, якую актыўна падтрымалі беларускія археолагі Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі. Як аргументы прыводзяцца некаторыя асаблівасці будаўнічай тэхнікі, а таксама характарыстыкі цэглы муроў. Юрый Бохан падтрымлівае думку, што будаўніцтва замка пачалося на мяжы XIII — пачатку XIV стагоддзяў, але завяршылася ўжо ў часы кіравання Гедыміна[1].
З іншага боку, пісьмовыя крыніцы даюць падставы аднесці будаўніцтва Крэўскага замка да 1370—1380-х гадоў[2]. Украінскі археолаг Сяргей Панышка таксама на аснове паралеляў паміж мураванымі замкамі Валыні адстойвае датаванне другой паловай XIV стагоддзя, калі Альгерд быў ужо вялікім князем[3].
Як падсумоўвае Алег Дзярновіч:
Найбольш жа абгрунтаваным застаецца традыцыйнае датаванне — 1320—1330-я. Ва ўсялякім выпадку, Крэўскі замак стаў адным з першым цалкам мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага, дзе да той пары, як і на беларускіх землях увогуле, не існавала традыцый мураванага дойлідства аб’ектаў такога маштабу. Узводзіўся замак, як нам бачыцца, пры ўдзеле ганзейскіх майстроў[4].
Адна з першых мураваных кастэляў Вялікага княства Літоўскага пабудавана каля сутокаў Краўлянкі і Шляхцянкі. Асноўная частка збудаванняў размешчана на балоцістым поплаве, палова абарончых муроў узведзена на штучна расшыранай пясчанай дзюне.
Гісторыя
Крэўскі замак быў месцам многіх гістарычных падзей. Ужо неўзабаве па будаўніцтве ён абстраляны каменнымі ядрамі (іх знайшлі падчас раскопак ля заходняй сцяны) і спалена баявая галерэя.
У XIV стагоддзі Крэўскі замак быў адной з дынастычных рэзідэнцый Гедымінавічаў (Альгерда, а потым Ягайлы) і пастаянна згадваецца ў падарожжах Ягайлы як прамежкавы пункт паездак і месца сустрэч[4].
У 1382 годзе загадам вялікага князя літоўскага Ягайлы ў замку задушаны яго дзядзька вялікі князь Кейстут — сапернік за велікакняжацкі сталец. Паводле Супрасльскага летапісу:
Князя великого Кестутия… оковав ко Криеву послали и всадили во вежю… И так во Криеве пятой нощи князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайлавы[5].
Такі самы мог чакаць Вітаўт, сына Кейстута, які «седель во Криеве за твердою сторожею в комнате», але ён здолеў уцячы, пераапрануты ў жаночую вопратку кампаньёнкі сваёй жонкі[6].
У 1385 годзе ў замку выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі — аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы пад уладай вялікага князя Ягайлы. У 1433 годзе Крэўскім замкам авалодаў вялікі князь Свідрыгайла, скінуты з велікакняжацкага стальца («взяша Криево мурованны и сожже»).
У 1503—1506 гадах замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, але хутка ён быў адбудаваны. У 1519 годзе ў глыбокім рэйдзе на Вялікае Княства Літоўскае Крэва захапілі маскоўскія ваяводы. У другой палове XVI стагоддзя ў Крэўскім замку жыў беглы рускі князь Андрэй Курбскі, які атрымаў урад крэўскага старосты і захоўваў яго да 1571 года.[7]
Паступова замак губляў абарончае значэнне.
Яшчэ ў XVIII стагоддзі Крэўскі замак быў у добрым стане. Пазней пачалося яго разбурэнне, якое давяршыла Першая сусветная вайна, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту і больш як 3 гады вяліся пазіцыйныя баі. Замак апынуўся на тэрыторыі, захопленай немцамі, тут былі збудаваны сховішчы і назіральныя пункты. Падчас абстрэлаў асабліва моцна пацярпела Княжацкая вежа і сцены ў паўднёвай частцы замка. Да нашых дзён захаваліся толькі замкавыя руіны[8].
Кансервацыя рэшткаў замкавых муроў была зроблена ў 1929 годзе польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам Станіслава Лорэнца.
У 1970 годзе замак даследавала экспедыцыя пад кіраўніцтвам М. А. Ткачова. У 1985 годзе — на чале з А. Трусавым і М. А. Ткачовым. У 1988 годзе — пад кіраўніцтвам І. М. Чарняўскага.
Замак знаходзіцца на мяжы разбурэння. Кансервацыя рэштак замка працягнулася ў 2004 годзе. Тады студэнты-валанцёры закансервавалі ўваход у Кейстутаву вежу. Пазней на сцяне замка была ўсталявана супрацьаварыйная канструкцыя, якая абараняе гэту частку сцяны ад уздзеяння ападкаў. У 2005 годзе быў створаны Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» (www.kreuskizamak.by), галоўнай мэтай якога было спрыянне захаванню Крэўскага замка. Фонд штогод ладзіў летнікі і культурныя мерапрыемствы ў Крэве і іншых населеных пунктах. 26 чэрвеня 2023 года Гродзенскі абласны суд прыняў рашэнне пра ліквідацыю фонду па іску Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама[9].
Сучасны стан і працы на замку
Замак — помнік архітэктуры і гісторыі, турыстычны аб’ект. Фрагменты замка маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.
Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Крэўскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[10].
Працы па кансервацыі з рэстаўрацыяй замка аднавілі восенню 2017 года. Калі ў рэстаўратараў скончыліся камяні для сцен, іх збіралі талакой праз сацыяльныя сеткі[11].
У 2017 годзе кошт прац у замку склаў 92 284 рублёў, у 2018 – 789 435 рублёў. У 2019 годзе быў перапынак праз брак сродкаў, у 2020 годзе працы працягнулі. У 2018−2019 гадах фонд «Крэўскі замак» і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук арганізоўвалі археалагічныя раскопкі[12] на тэрыторыі гарадзішча пад кіраўніцтвам вядучага навуковага супрацоўніка інстытута Алега Дзярновіча.
Да пачатку 2020-х гадоў праведзены кансервацыя Княжацкай вежы, кансервацыя з рэстаўрацыяй паўночна-заходняй і паўночна-ўсходняй сцен. У 2022 годзе вялася кансервацыя паўднёва-заходняй сцяны. У 2022 годзе ўсталявалі браму. Зайсці ў двор стала магчыма, толькі папярэдне замовіўшы экскурсію[13]. Экскурсавод прыязджае са Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея. Летам 2022 года ў тоўшчы сцяны Малой вежы знайшлі ход з прыступкамі XIV ст.[14] Знаходка мусіць дапамагчы рэстаўратарам пры стварэнні праекта рэканструкцыі Княжацкай вежы. Восенню 2022 года побач з Крэўскім замкам, на Юравай гары збудавалі і адкрылі драўляную вежу-дазорцу[15]. На думку гісторыкаў, там магла размяшчацца вежа – частка сігнальнай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага.
У 2023 годзе археолагі адкрылі падмуркі трэцяй вежы, невядомай раней ні на выявах, ні на планах, ні ў апісаннях. Падмурак мае шырыню каля 2 м[16]. Праўдападобна, што менавіта ў гэтым месцы войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе прарваліся на замак, мяркуе кіраўнік раскопак Алег Дзярновіч. Вежа была пашкоджана і больш не аднаўлялася. Знаходка змяніла ранейшае ўяўленне пра структуру замка. Пакуль раскоп вырашылі закансерваваць.
Праектам прадугледжваецца аднаўленне сцен, баявых галерэй i Княжацкай вежы, у якой плануецца размясціць музейную экспазіцыю.
Архітэктура
Замак у плане няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі. Паўночная сцяна даўжынёй 85 м, усходняя — 108,5 м, паўднёвая — 71,55 м, заходняя — 97,2 м. Таўшчыня сцен 2,5—3 м, вышыня каля 12—13 м. Сцены да ўзроўню баявой галерэі вымураваны з палявога каменю, на вышыні каля 7 м ад паверхні сцены па вонкавым перыметры аблямаваны поясам каля 2 м з буйнапамернай цэглы. Замак па рагах меў 2 вежы. Паўночная, Княжацкая вежа, амаль квадратная ў плане (18,65 × 17 м) выступае за перыметр абарончых муроў. У вежы было не менш за 4 паверхі і склеп-турма ўнізе, пераходы паміж імі існавалі ў тоўшчы сцен. Па дыяганалі ад Княжацкай вежы знутры да замкавых муроў была прыбудавана Малая вежа памерамі 11 × 10,65 м. Сцены да вышыні 3 м вымураваны з камянёў, вышэй — з цэглы. Уязная брама знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй сцяне. На замкавым двары размяшчалася кузня, жылыя пабудовы, мелася сажалка.
Заўвагі
- ↑ Бохан Ю. Мураваныя замкі ў Вялікім княстве Літоўскім // Спадчына. 2006. № 2. С. 33.
- ↑ Дзярновіч Алег. Крэўскі замак і старажытнае Крэва: праблемы датавання і культурныя асаблівасці // Беларускі гістарычны часопіс. — 2017. № 1. С. 5—16.
- ↑ Панышко Сергей. Кревский замок и волынские укрепления // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2020. — С. 147—152.
- 1 2 Дзярновіч Алег. Крэўскі замак: праблемы датавання і архітэктурныя асаблівасці (паводле найноўшых даследаванняў) // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. Мінск: Беларуская навука, 2021. — С. 52—73.
- ↑ Супральская летопись // ПСРЛ. М.: Наука, 1980. Т. 35. С. 63.
- ↑ Мароз Валянціна. Крэва ў беларускім летапісанні // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — С. 46—51.
- ↑ Ерусалимский Константин. Князь Андрей Курбский — староста Кревский и Ковельский // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2021. С. 210—232.
- ↑ Богданов Владимир. Замок на передовой: Крево в событиях Первой мировой войны. 1915—1918 гг. // Крэва. Гісторыя, археалогія, культурная спадчына. — Мінск: Беларуская навука, 2021. — С. 319—334.
- ↑ К, А.. Праз суд ліквідуюць фонд "Крэўскі замак". Ён 18 гадоў вывучаў і дапамагаў захоўваць спадчыну Крэва (абноўлена) . Hrodna.life (6 чэрвеня 2023). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ Постановление Совета Министров от 03.06.2016 № 437 О некоторых вопросах обеспечения сохранности историко-культурных ценностей Архівавана 24 лютага 2020.
- ↑ Беларусы скінуліся на камяні для Крэўскага замку. Іх набылі за адзін дзень . naviny.belsat.eu. Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ К, А.. Гродненцев приглашают на археологические раскопки в Крево (руск.) . Hrodna.life - русская версия (12 ліпеня 2019). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ Экскурсавод едзе 23 км дзеля 40 хвілін працы. У Крэве для турыстаў адкрылі адзін з найстарэйшых замкаў ВКЛ . Hrodna.life (2 ліпеня 2021). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя. Чым карысная гэтая знаходка? . Hrodna.life (28 чэрвеня 2022). Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ Гісторыя ажыла. У Крэве, на Юравай гары, адбылося ўрачыстае адкрыццё вежы-дазорцы (фотарэпартаж) . www.shliah.by. Праверана 17 студзеня 2024.
- ↑ К, А.. У Крэўскім замку раскапалі трэцюю вежу. Але не ўсе гісторыкі ўзрадаваліся (абноўлена) . Hrodna.life (24 ліпеня 2023). Праверана 17 студзеня 2024.
Літаратура
- Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV—XVII ст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) / А. І. Дзярновіч // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс «Мір». — Мінск : Медысонт, 2013. — С. 23—29.
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-X — С. 14-17.
- Крэ́ўскі за́мак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 406. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крэўскі замак
- Загадка «егіпецкай сіняй» — нечаканыя знаходкі ў Крэўскім замку // nashaniva.by
- Алег Дзярновіч: Паводле археолагаў раскопкі Крэва перавяртаюць нашы ўяўленні пра ХІІІ ст. // nashaniva.by
- Крэўскі замак Архівавана 3 красавіка 2014. на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь
- Афіцыйны сайт Мясцовага дабрачыннага фонду «Крэўскі замак»
- Крэўскі замак быў расстраляны Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Крэўскі замак на сайце «Архіварта»