Крэмацыя (ад лац.: Cremare — паліць, спальваць) — працэс спальвання трупаў. Звычайна праводзіцца ў якасці абраду перад пахаваннем. Ажыццяўляецца ў крэматорыі, у старажытных грамадствах — на вогнішчы.
Гісторыя
Крэмацыя была распаўсюджаная ўжо ў старажытныя часы, узнікла ў часы позняга неаліту і раннягай бронзавага веку. Першабытныя людзі аддавалі агню цела нябожчыка, па адной тэорыі — каб забяспечыць яму абарону багоў ў замагільным свеце.
У Еўропе крэмацыя шырока выкарыстоўвалася ў Старажытнай Грэцыі. Грэкі лічылі, што спальванне дапаможа нябожчыку ў замагільным свеце. Затым гэтая традыцыя была перанесена ў Старажытны Рым. Там крэміраваныя парэшткі пачалі захоўваць у адмысловых месцах — калумбарый.
На тэрыторыі Беларусі трупаспаленне з’явілася ў 2-м тысячагоддзі да н.э., найбольш ранняе зафіксавана ў могільніках позняга этапу сярэднедняпроўскай культуры. У жалезным веку звычай трупаспалення трывала зацвердзіўся ў шэрагу плямён (мілаградская культура, зарубінецкая культура). Да канца X стагоддзя шырока распаўсюдзіўся ва ўсходніх славян.
З пашырэннем хрысціянства трупаспаленне паступова знікла, бо хрысціянская царква лічыла яго язычніцкім рытуалам, які супярэчыць хрысціянскаму вучэнню аб «уваскрашэнні з мёртвых» і «замагільным жыцці». Адбыўся паступовы пераход да трупапалажэння і пахавання паводле хрысціянскіх абрадаў. Да 400 г. н. э. большасць народаў Еўропы прыняло хрышчэнне і адмовілася ад крэмацыі. У 785 годзе, пад пагрозай смяротнага пакарання, Карл Вялікі забараніў крэмацыю, і яна была забытая прыкладна на тысячу гадоў.
Адраджэнне крэмацыі адбылося ў Еўропе ў другой палове XVIII стагоддзя. У гэты час хутка раслі гарады. Могілкі не спраўляліся з пастаянным патокам памерлых. З’явіліся брацкія магілы і пахаванні побач з дамамі. Блізкасць могілак часам выклікала эпідэміі сярод мясцовых жыхароў. Адкрыццё мікраарганізмаў паказала, што пахаванні з’яўляюцца крыніцай небяспекі для людзей. Таму ўспомнілі пра спальванне трупаў. Пры гэтым крэмацыю неабходна было арганізаваць без абразы нябожчыка і яго сваякоў. Звычайныя вогнішчы не падыходзілі для гэтых мэтаў. Таму пачалі будаваць крэматорыі.
У 1869 годзе Міжнародная медыцынская канферэнцыя, якая праходзіла ў Фларэнцыі, прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала да шырокага распаўсюду крэмацыі, бо яна спрыяе «захаванню здароўя і зямлі для жывых людзей».
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8). — С.536
- Штыхаў Г. В. Трупаспаленне // Энцыклапедыя Археалогія і нумізматыка Беларусі. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крэмацыя