Дзяржава ў складзе Асманскай імперыі
Крыцкая дзяржава
Κρητική Πολιτείά
Герб Сцяг
Герб Сцяг
< 
 >
1898  1913

Сталіца Ханья
Мова(ы) грэчаская
Афіцыйная мова грэчаская мова
Рэлігія сунізм, грэчаскае праваслаўе
Плошча 8336 км²
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Крыцкая дзяржава (грэч. Κρητική Πολιτεία, Крыцкая Палітыя) была заснавана ў 1898 годзе, пасля ўмяшальніцтва Вялікіх дзяржаў у падзеі на востраве Крыт. У 1897 годзе паўстанне на Крыце стала прычынай грэка-турэцкай вайны і ўмяшальніцтва Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Расіі на той падставе, што Асманская імперыя ўжо не магла кантраляваць сітуацыю на Крыце. У 1908 годзе востраў дэ-факта стаў часткай Грэчаскага каралеўства, фармальнае далучэнне адбылося ў 1913 годзе.

Гісторыя

Перадумовы

Пасля Турэцка-венецыянскай вайны (1645—1669) востравам Крыт валодала Асманская імперыя. На востраве жыло ў асноўным грэкамоўнае насельніцтва, большасць з якога спавядала хрысціянства. Падчас і пасля Грэчаскай вайны за незалежнасць хрысціянскае насельніцтва вострава некалькі разоў паўставала супраць асманскага прыгнёту з мэтай далучыцца да Грэцыі. Усе паўстанні былі жорстка падаўлены, але пад ціскам еўрапейскіх дзяржаў асманскі ўрад быў вымушаны саступіць. У 1878 годзе быў заключаны Халепскі пакт, згодна з якім на востраве стваралася аўтаномная дзяржава пад пратэктаратам Асманскай імперыі. Туркі парушылі ўмовы пагаднення ў 1889 годзе.

У выніку скасавання пакта напружанне на востраве ўзмацнілася, што ў 1895 годзе прывяло да чарговага паўстання, якое значна пашырылася ў 1896—1897 гадах і распаўсюдзілася на большую частку вострава. Нацыяналістычныя тайныя таварыствы і ірэдэнтысцкая грамадская думка вымусілі грэчаскі ўрад адправіць на востраў невялікі экспедыцыйны корпус, справакаваўшы вайну з Асманскай імперыяй. Хаця большая частка Крыта апынулася пад кантролем паўстанцаў, непадрыхтаваная грэчаская армія адышла з Фесаліі, якую занялі туркі. Вайна скончылася дзякуючы ўмяшальніцтву Вялікіх дзяржаў, якія вымусілі грэчаскі кантынгент і асманскую армію адбыць з Крыта. Згодна з Канстанцінопальскім дагаворам, Асманскі ўрад паабяцаў прытрымлівацца Халепскага пакта.

Заснаванне Крыцкай дзяржавы

Да сакавіка 1897 года Вялікія дзяржавы сфармавалі на востраве часовы ўрад, які складаўся з чатырох адміралаў і кіраваў да прыбыцця на востраў грэчаскага прынца Георга, які быў абраны ў якасці першага Вярхоўнага камісара (грэч. Ύπατος Αρμοστής). Аўтаномія Крыта была створана 9 снежня 1898 года. Турэцкія войскі пакінулі востраў у 1898 годзе, але на Крыце застаўся міжнародны ваенны гарнізон.

Колькасць міжнародных сіл на Крыце

Першапачаткова, у 1897 годзе, на Крыце было размешчана 2875 іншаземных міратворцаў: 200 англічан, 710 французаў, 300 рускіх, 1015 італьянцаў, 600 аўстрыйцаў, 10 немцаў, 40 чарнагорцаў[1]. Міжнародныя сілы да пачатку 1907 года налічвалі: англічан — 817, французаў — 750, рускіх — 960, італьянцаў — 327 чалавек[1]. У студзені 1908 года налічвалася больш за 1750 міратворцаў: 500 англічан, 500 французаў, 500 рускіх, 250 італьянцаў[1].

Унутраныя канфлікты

13 снежня 1898 года Георг Грэчаскі на наступныя тры гады заняў пасаду Вярхоўнага камісара. 27 красавіка 1899 года быў сфарміраваны ўрад, у якім Элефтэрыяс Венізелас заняў пасаду міністра юстыцыі. Да 1900 паміж Венізеласам і прынцам узніклі рознагалоссі ў пытаннях унутранай палітыкі. Венізелас сышоў у адстаўку ў пачатку 1901 года, і на працягу наступных трох гадоў ён і яго прыхільнікі вялі жорсткую палітычную барацьбу з фракцыяй прынца, што прывяло да палітычнага і адміністрацыйнага крызісу на востраве.

У сакавіку 1905 года Венізелас і яго прыхільнікі сабраліся ў вёсцы Тэрысас каля Ханьі, сфарміравалі Рэвалюцыйны сход, запатрабавалі палітычных рэформаў і абвясцілі «палітычны саюз Крыта з Грэцыяй у якасці адной вольнай прававой дзяржавы». Маніфесты былі дастаўлены ў консульствы Вялікіх дзяржаў. Так пачалося паўстанне супраць прынца Георга. Крыцкая жандармерыя засталася вернай прынцу, але шматлікія дэпутаты далучыліся да паўстання, і, нягледзячы на заяўленні Вялікіх дзяржаў, міжнародныя ўзброеныя сілы спачатку не пачалі ніякіх дзеянняў супраць паўстанцаў.

Актывізацыя дзеянняў паўстанцаў, іх адмова здаць зброю, згодна з меркаваннем начальніка расійскага атрада на Крыце К. Урбановіча, былі звязаны з іх «цвёрдым перакананнем, што ўсе дзеянні міжнародных войскаў супраць іх будуць мець толькі дэманстратыўны характар». У чэрвені 1905 г. па паўстанцам быў адкрыты агонь з расійскай кананерскай лодкі «Храбры», якая падтрымлівала расійскія войскі, накіраваныя ў вёску Платанія; з боку паўстанцаў былі ахвяры. Пасля гэтага пачасціліся выпадкі нападаў паўстанцаў на расійскі атрад[2]. Дзеянні расійскіх войскаў супраць паўстанцаў выклікалі абурэнне не толькі на Крыце, але і ў Расіі. Большасць французскіх афіцэраў, як паведамляў расійскі генеральны консул А. Н. Бранеўскі, «адносіліся з відавочнай сімпатыяй да паўстання і выказвалі недавер вярхоўнаму камісару». Італьянскія войскі таксама не хавалі сваіх сімпатый да паўстанцаў і не пераследавалі іх, у сувязі з чым у італьянскі сектар увайшлі расійскія і брытанскія войскі. Мікалай II на тэлеграме консула Бранеўскага напісаў пра італьянцаў: «Вось народ, самі нічога не робяць, а іншым шкодзяць!»[3]

15 жніўня парламент Крыта прагаласаваў за прапановы Венізеласа, і Вялікія дзяржавы сталі пасрэднікамі ў перамовах, у выніку якіх было вырашана, што прынц Георг павінен сысці ў адстаўку і будзе створана новая канстытуцыя.

У 1906 годзе былі праведзены выбары: партыі, што падтрымлівалі прынца, набралі 38 127 галасоў, а партыі, якія падтрымлівалі Венізеласа, — 33 279 галасоў. Але ў верасні 1906 года прынц Георг быў заменены былым прэм’ер-міністрам Грэцыі Александрасам Заімісам і пакінуў востраў. На змену італьянскім афіцэрам і жандармерыі прышлі грэчаскія, пачаўся вывад з Крыта замежных войск, у выніку чаго востраў дэ-факта апынуўся пад грэчаскім кантролем. Вывад міжнародных войск ажыццяўляўся паэтапна, са студзеня 1908 па чэрвень 1909 года[3].

Аб’яднанне з Грэцыяй

У 1908 годзе, скарыстаўшыся ўнутранымі хваляваннямі ў Турцыі, а таксама набліжэннем заканчэння тэрміна кіраўніцтва Заіміса, крыцкія дэпутаты ў аднабаковым парадку абвясцілі аб стварэнні саюза з Грэцыяй, але гэты акт не быў прызнаны Грэцыяй да кастрычніка 1912 года, а на міжнародным узроўні да 1913 года, аж да Балканскіх войн.

Згодна з Лонданскім дагаворам, султан Мехмед V адмовіўся ад афіцыйных правоў на востраў. Да снежня грэчаскі флаг быў падняты ў Ханьі, і Крыт афіцыйна стаў часткай грэчаскага каралеўства. Мусульманская меншасць першапачаткова засталася на востраве, але пазней перасялілася ў Турцыю, у адпаведнасці з узаемным абменам насельніцтвам згодна з Лазанскім дагаворам паміж Турцыяй і Грэцыяй.

Зноскі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.