Кодэкс
«Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь»
Дзяржава:
Прыняцце: Палатай прадстаўнікоў 2 чэрвеня 1999 года
Ухваленне: Саветам Рэспублікі 24 чэрвеня 1999 года
Падпісанне: 9 ліпеня 1999 года
Уступ у сілу: 1 студзеня 2001 года

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (КК Беларусі) — асноўная крыніца крымінальнага права Беларусі, адзіны нарматыўны акт, які ўстанаўлівае злачыннасць і каральнасць дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

Дзеючая рэдакцыя Крымінальнага кодэкса Беларусі была падпісана прэзідэнтам Беларусі А. Р. Лукашэнкам 9 ліпеня 1999 года і ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2001 года, змяніўшы папярэдні Крымінальны кодэкс Беларускай ССР 1960 года, які прымяняўся да тых часоў.

Структура кодэкса

Кодэкс складаецца з Агульнай (раздзелы I—V, главы 1-16) і Асаблівай частак (раздзелы VI—XV, главы 17-37). У Агульнай частцы разглядаюцца асноўныя паняцці крымінальнага заканадаўства, устанаўлiваюцца асновы і ўмовы крымінальнай адказнасці, агульныя палажэнні аб крымінальным пакаранні, іншых мерах крымінальнай адказнасці, бяспекі і лячэння, а таксама асаблівасці прымянення крымінальнага пакарання да непаўналетніх.

Асаблівая частка ўключае ў сябе артыкулы, якія апісваюць склады канкрэтных злачынстваў. Структура Асаблівай часткі адлюстроўвае іерархію каштоўнасцяў, якія ахоўваюцца крымінальным законам: на першым месцы стаяць злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы, далей злачынствы супраць чалавека, і толькі затым злачынствы супраць уласнасці, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.

Асаблівасці кодэкса

КК Беларусі характарызуецца спецыялістамі як досыць самастойны і тэарэтычна прадуманы, пры гэтым ён шмат у чым заснаваны на палажэннях Мадэльнага Крымінальнага кодэкса для дзяржаў — удзельніц СНД, а многія нормы запазычаныя з Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі 1996 года.

Кодэкс улічвае становішча міжнароднага права, усталёўваючы адказнасць за злачынствы, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі і канвенцыямі: гандаль людзьмі; выкраданне чалавека; вярбоўка людзей для эксплуатацыі; легалізацыя («адмыванне») матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых злачынным шляхам; тэрарызм, захоп закладнікаў.

У кодэкс рэгулярна ўносяцца змены, якія адлюстроўваюць змены рэгулюемых ім грамадскіх адносін і з’яўленне новых відаў і формаў грамадска небяспечных дзеянняў.

Гл. таксама

  • Крымінальнае заканадаўства

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 513. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  • Уголовный кодекс Республики Беларусь, Мн. «Амалфея», 2009, 350 с.

Спасылкі

  1. https://pravo.by/document/pdf/kodeksibel/kriminalni_kodeks_rb_1999_bel
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.