Праваслаўны храм | |
Крыжаўзвіжанская царква | |
---|---|
53°53′46″ пн. ш. 30°19′29″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Магілёў |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Магілёўская і Мсціслаўская епархія |
Архітэктурны стыль | барока, псеўдарускі стыль |
Дата пабудовы | XVII ст. |
Асноўныя даты | |
XVII ст. — Узведзена як жылы дом |
|
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000011 |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Крыжаўзвіжанская царква[1] (у літаратурных крыніцах вядома як Барысаглебская царква) — праваслаўная царква ў Магілёве па адрасе зав. Брусава, 2.
Гісторыя
Драўляная Крыжаўздвіжанская царква пабудаваная ў 1612 годзе ў Трыснінскай сотне Задубравенскага пасада на ўласныя сродкі жыхароў. Паміж прыхаджанамі і святаром Нестарам Іванавічам. Айцец Нестар у добраахвотным запісу ўказвае, што царква новая і бедная. У кнізе «Вопыт апісання Магілёўскай губерні» як дата пабудовы царквы прыводзіцца 1616 год — у гэты год дагавор 1612 года запісалі ў магістрацкія кнігі. Сярод ініцыятараў дадзенага дагавора значыліся: Герасім, Восіп і Васіль Якімавічы, Максім Купрыянавіч, бурмістр Ходка Багданавіч. Гэтых жа асоб згадвае ігумен Арэст у ліку гараджан, якія не пусцілі ў Магілёў полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў 1618 годзе, што сведчыць аб высокім узроўні самасвядомасці вернікаў царквы Уздвіжання Святога Крыжа Хрыстова і іх грамадскай актыўнасці[2].
За пратэст супраць уніяцкага архіепіскапа Кунцэвіча ў 1618 годзе ўлады зачынілі ўсе праваслаўныя цэрквы ў Магілёве ў 1619 годзе, служба праводзілася ўніятамі ў адной царкве Святога Спаса. Праваслаўная царква фактычна была па-за законам, ажыццяўленне свяшчэннікамі рэлігійных абрадаў забаранялася. Хроніка Магілёва прыводзіць адзін выпадак, а ігумен Арэст яе дапаўняе. У 1626 годзе ў Вялікдзень святар Крыжаўздвіжанскай царквы Захарый Зара за Віленскай гарадской брамай на выгане ў шалашы служыў літургію. Неўзабаве яго арыштавалі, а прыхаджан разагналі салдаты. Ігумен Арэст павядамляў, што яго магчыма забілі, а гарадская хроніка пісала, што ён збег да кіеўскіх манахаў[2].
Царква Святога Крыжа была адчынена ў 1634 годзе, на год пазней астатніх цэркваў, хутчэй за ўсё па прычыне актыўнага ўдзела ў падзеях 1618 года жыхароў Трыснінскай сотні[2].
У шостым пункце спіска «дыпламата» караля Уладзіслава IV, зацверджанага соймам 1635 года, аб размеркаванні паміж уніятамі і праваслаўнымі манастыроў і цэркваў згадвалася: «Манастыр Святога Спаса ў Магілёве з перавозам застаюцца ва валоданні ўніятаў, а царква Святога Крыжа ў Магілёве і сёлы Пячэрск, Цвіркава, Барсукі і Тарасавічы прызначаюцца для рэзідэнцыі праваслаўнага епіскапа». Крыжаўздвіжанская царква разам з пералічанымі сёламі ўпамінаецца толькі адзін раз і ва ўсіх іншых спісах адсутнічае. Хутчэй усяго, пад рэзідэнцыю яе прызначылі завочна, без папярэдняй згоды і праваслаўнай царкве яна не падыходзіла[2].
У 1660 годзе падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай Крыжаўздвіжанская царква абгарэла[2].
У 1666 годзе кароль Ян II Казімір Ваза праз дэлегата сейма шляхетнага Антонія Якубавіча Галушку дараваў Крыжаўздвіжанскай царкве некаторыя правы. Царкве дазвалялася мець школу для вывучэння розных моў і навук і для павышэння адукацыі мясцовага насельніцтва, а таксама ўстанаўліваліся два кананічныя святы. Адно з іх агульнае для хрысціян Уздвіжання Крыжа Гасподня, а другое праваслаўнае ці рускае ў гонар святых Барыса і Глеба. Гэта першае ўпамінанне аб шанаванні ў Магілёве гэтых праваслаўных святых[2].
Таксама вернікам дазвалялася будаваць новую мураваную царкву. Пачынаючы з 1666 года пачалі сустракацца ў дакументах імёны Святых Барыса і Глеба, а з цягам часу побач з Крыжаўздвіжанскай царквой пабудаваны прыдзел, а потым магчыма і асобная царква[2].
Царква Уздвіжання Крыжа Гасподня была пабудавана з жылога мураваннага будынка і такім чынам змяніла сваё першапачатковае месца знаходжання[2]. Паводле іншых звестак, уведзена ў XVII ст. як жылы дом, які ў XIX ст. быў перабудаваны пад царкву[3].
Архітэктура
Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. Меў рысы дэкору, характэрныя XVII ст., так атынкаваныя фасады былі дэкарыраваны раслінным арнаментам, які нагадваў беларускія матывы, фрэскамі на паўднёвай сцяне, шырокі карнізам, які апярэзваў па перыметры будынак. У XIX ст. палавіна ўсходняй сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да заходняй сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай, першы ярус яе вырашаны як тамбур, у другім размешчаны званы. На вільчыку ўведзены галоўны драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы барока і псеўдарускага стылю. Інтэр’ер асіметрычны[3].
Зноскі
- ↑ Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 М. У. Шымукенус. ПРАВАСЛАЎНЫЯ ЦЭРКВЫ ЗАДУБРАВЕНСКАГА ПАСАДА ГОРАДА МАГІЛЁВА Ў ХVІ-ХVІІІ СТАГОДДЗЯХ. // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац удзельнікаў ІХ Міжнар. навук. канф., 25-26 чэрвеня 2015 г., г. Магілёў / уклад. А. М. Бацюкоў, І. А. Пушкін. — Магілёў: МДУХ, 2015. — 539 с. ISBN 978-985-6985-35-8.
- 1 2 Г. Лаўрэцкі. Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 467. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
- Г. Лаўрэцкі. Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крыжаўзвіжанская царква (Магілёў)
- Крыжаўзвіжанская царква (Магілёў) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Крыжаўзвіжанская царква (Магілёў) на сайце Radzima.org
- Крыжаўзвіжанская царква (Магілёў) на сайце «Архіварта»