Кры
Nēhiyaw
Агульная колькасць 317 000
Рэгіёны пражывання Канада
Мова мовы кры, мічыф
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іну, атыкамек

Кры (ад фр.: cri, саманазва: Nēhiyaw) — група малых алганкінскіх народаў, карэнныя жыхары Канады. Агульная колькасць (2015 г.) - 317 000 чалавек.[1]

Кры адносяцца да паўночных алганкінаў і маюць агульнае паходжанне з іну. Яны лічаць сябе прамымі нашчадкамі культурнага героя Вісакеджака, які выратаваў зямлю ад сусветнага патопу[2]. Да прыходу еўрапейцаў кры насялялі лясныя раёны ўсходняй Канады, займаліся вандроўным паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам.

Першыя кантакты паміж французскімі езуітамі і кры былі ўсталяваны каля 1640 г. Французы выкарыстоўвалі для назвы тубыльцаў скарочаную форму слова аджыбвэ Kirištino[3]. У выніку ўдзелу ў футравым гандлі кры пашырылі населеныя імі тэрыторыі і часткова перасяліліся на заходнія раўніны[4]. Там яны асвоілі конегадоўлю і паляванне на бізонаў.

Урад Канады імкнуўся захоўваць добрыя адносіны з тубыльцамі. Кры ўдзельнічалі ў даследаванні паўночных тэрыторый, наладжванні дзяржаўнай паштовай службы. Аднак у другой палове XIX ст. з-за вынішчэння дзікай жывёлы традыцыйны лад жыцця прывёў да крызісу. Урад Канады скарыстаўся гэтым для перамяшчэння раней вандроўных груп у рэзервацыі. Перамяшчэнне суправаджалася дагаворамі, паводле якіх урад абяцаў абараняць правы тубыльцаў на зямлю. Да нашых дзён у рэзервацыях жыве каля паловы ўсіх кры.

З 1970-х гг. заўважна палітычная актыўнасць кры. Яны ўдзельнічаюць у экалагічным руху і барацьбе карэнных народаў за свае правы.

Да кантактаў з еўрапейцамі кры падзяляліся на тэрытарыяльныя групы з некалькіх сем'яў. Улетку яны сустракаліся для арганізацыі супольных свят. Вылучаўся пласт абраных правадыроў і шаманаў. Пасля перамяшчэння ў рэзервацыі традыцыйныя паляўнічыя групы зніклі. Кры сталі падзяляцца паводле прыналежнасці да той ці іншай рэзервацыі або адпаведна мове.

Зноскі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.