Крот еўрапейскі | |||||||||||||||||||||||||||||||||
На паверхні зямлі | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Арэал | |||||||||||||||||||||||||||||||||
| |||||||||||||||||||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Крот еўрапейскі, Крот звычайны, Крот[1] (Talpa europaea) — млекакормячая жывёла сямейства кратовых. Жыве пад зямлёй у глебе.
Апісанне
Цела (даўжыня 12—15 см, маса 65—92 г.) і галава падоўжаныя. Цела крата моцнае, цыліндрычнай формы. Галава без вушных ракавін сядзіць на кароткай шыі. Маленькія недаразвітыя вочы схаваны ў поўсці. Заднія лапы развіты слаба. Пярэднія (капальныя) лапатападобныя канечнасці крата вывернуты вонкі, з доўгімі пляскатымі кіппюрамі і перапонкай паміж пальцамі. Кароткія плячо і перадплечча схаваны ў тулаве. Моцна развітыя лапатападобныя кісці разграбаюць зямлю, дзякуючы чаму крот хутка перамяшчаецца ў глебе. Вельмі добра развіты нюх.
Поўсць кароткая, аксаміцістая, мяккая, зверху матава-чорная або чорна-бурая з шараватым адценнем, знізу больш светлая. Поўсцевае покрыва не мае напрамку.
Пашырэнне
Насельнік глебы лясной і лесастэпавай зон. Пашыраны ў Еўразіі і Паўночнай Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, часцей у паўночнай і цэнтральнай частках, у месцах з дзярнова-падзолістымі сугліністымі глебамі. Сустракаецца на ўзпесках, высечках, палянах, лугах, палях і агародах, у садах, парках і лясах. Жыве пад зямлёй у норах.
Асаблівасці біялогіі
Аселы від. Пад зямлёй рые норы (жыллёвыя і кармавыя), зямлю выкідвае вонкі. Яго прысутнасць выдаюць выкіды зямлі з падземных галерэй — кратавінне. Гнездавая камера звычайна пад пнямі, кустамі, купінамі на глыбіні да 1,5 м, кармавыя хады на глыбіні 2—50 см. Актыўны ўвесь год, пераважна вясной і ўвосень, раніцай і ўвечары. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі.
Корміцца дажджавымі чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі. Бываюць выпадкі канібалізму. За адзін раз з'ядае 22, за суткі да 60 грам корму.
Полавая спеласць ва ўзросце 5—6 месяцаў. Спароўванне ў сакавіку — красавіку. Цяжарнасць да 40 сутак (мяркуюць, што ёсць латэнтная фаза). У прыплодзе 1—9 (найчасцей 3—7) дзіцянят. Некаторыя самкі ў канцы лета даюць другі прыплод. Дзіцяняты нараджаюцца сляпымі, голымі, бездапаможнымі, пакідаюць гняздо праз месяц.
Ліняе крот вясной, улетку і ўвосень.
Промысел
Аб'ект промыслу (нарыхтоўка шкурак).
Зноскі
- ↑ Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
Літаратура
- Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6
- Фядосаў А. Крот еўрапейскі // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.