Крайна (славенск.: Kranjska, vojvodstvo Krajnsko, ням.: Krain, лац.: Carnia, Carniolia) — гістарычная вобласць, якая займае большую частку тэрыторыі сучаснай Славеніі. Ядро Крайны — землі ў вярхоўі ракі Савы. Сама Крайна раздзяляецца на тры вобласці — Унутраную Крайну, Верхнюю Крайну і Ніжнюю Крайну (з Белай Крайнай).
У старажытнасці Крайну засялялі плямёны кельтаў і ілірыйцаў; з канца I ст. да н. э. Крайна - частка рымскай правінцыі Панонія.
У IV—VI ст. н. э. — арэна барацьбы готаў, гунаў, лангабардаў. У канцы VI ст. была заселена славянамі. З канца VI да канца VIII ст. знаходзілася пад уладай авараў.
У канцы VIII ст. ўвайшла ў склад дзяржавы франкаў, якія ўтварылі на тэрыторыі Крайны марку пад назвай Карния.
З другой паловы X ст. да пачатку XI ст. Верхняя і частка Унутранай Крайны ўваходзіла ў склад герцагства Вялікая Карантанія, Ніжняя Крайна ўвайшла ў Славенскую марку.
Да другой паловы XIII ст. Крайнай валодалі розныя нямецкія феадальныя роды, найбольш значныя з якіх — Андэкс-Мераны і Шпангаймы. У 1269—1276 гады ўваходзіла ў склад уладанняў чэшскага караля Пржэмысла II; з 1279 года — феод графаў Горыцка-Цірольскіх.
У 1335 годзе адышла да Габсбургаў. З 1364 года Крайна — герцагства, затым адна з каронных земляў Габсбургаў (галоўны горад Любляна).
У XVI стагоддзі Крайна — цэнтр буйных сялянскіх паўстанняў (1515 і 1573 гадоў) і рэфармацыйнага руху, з якім звязана абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці славенскага народа, стварэнне літаратурнай мовы.
У 1763-1848 гады Крайна ўваходзіла па чарзе ў склад Грацкай і Люблянскай губерняў, у 1809—1813 гады — Ілірыйскіх правінцый. Пасля 1848 г. атрымала адміністрацыйную самастойнасць.
У XIX ст. Крайна — цэнтр славенскага нацыянальнага руху.
Пасля распаду Аўстра-Венгрыі большая частка Крайны па Рапальскаму дагавору (1920) увайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў, славенцаў (з 1929 года — Югаславія), меншая (Унутраная Крайна) адышла да Італіі.
Па мірным дагаворы з Італіяй 1947 года ўся тэрыторыя Крайны аб'яднана ў складзе Сацыялістычнай рэспублікі Славенія ў СФРЮ[1].
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 443. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).