Конга | |
---|---|
фр. Congo | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 4700 км |
Басейн | 3 680 000 км² |
Расход вады | 41 800 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | Вадаспады Баёма і Lualaba River[d] |
• Вышыня | 1590 м |
Вусце | Атлантычны акіян |
• Вышыня | 0 м |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Атлантычны акіян |
|
|
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ко́нга — рака ў Цэнтральнай Афрыцы, пераважна ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, часткова на яе межах з Рэспублікай Конга і Анголай. Даўжыня 4320 км (ад вытоку ракі Луалаба), плошча басейна 3,7 млн.км². Па даўжыні займае 2-е месца ў Афрыцы (пасля Ніла), па плошчы басейна і воднасці 1-е месца ў Афрыцы і 2-е ў свеце (пасля ракі Амазонка).
Геаграфія
Бярэ пачатак у селішча пачатак ля паселішча Мумена[1].
Даўжыня Конга ад вытока Луалабы - 4374 км (ад вытока Чамбешы - 4700 км). Плошча басейна ад 3457 да 3820 тыс. км²[2]. Выток Луалабы бярэ пачатак на паўднёвым усходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, на плато каля мяжы з Замбіяй. Паводле іншых дадзеных, вытокам Конга з’яўляецца рака Чамбешы, якая ўтвараецца паміж азёрамі Ньяса і Танганьіка на вышыні 1590 метраў над узроўнем мора. Яна ўпадае ў возера Бангвеулу, выцякае з яго пад імем Луапула, упадае ў возера Мверу, выцякаючы з яго як рака Лувуа, і злучаецца з Луалабай. Для вехняга цячэння Конга (Луалаба), размешчанага ў межах пласкагор'яў і плато, характэрна чаргаванне парожыстых участкаў і выраўнаваных б'ефаў са спакойнай плынню. Найбольш стромкім падзеннем (475 м на адлегласці каля 70 км) Луалаба адрозніваецца ў цясніне Нзіла, якой яна праразае паўднёвыя адгор'і гор Мітумба. Пачынаючы ад горада Букама, рака павольна цячэ, моцна меандруючы, па плоскім дне грабена Упемба; гэты ўчастак моцна забалочаны і мае шмат азёраў, сярод якіх самымі буйнымі з’яўляюцца Кабве, Упемба, Кісале і Кабумба. Ніжэй горада Кангола Луалаба прарываецца праз крышталічныя пароды цяснінай Порт-д'Анфер (Брама Пекла), яе рэчышча звужаецца да 90-120 м, утворачы парогі і вадаспады; далей уніз па плыні - адна за адной яшчэ некалькі груп вадаспадаў і парогаў. Паміж гарадамі Кінду і Убунду рака зноў спакойна цячэ ў шырокай даліне. Пад самым экватарам яна спускаецца з краявых уступаў плато ва ўпадзіну Конга, утвараючы вадаспады Стэнлі.
Пасля вадаспадаў Стэнлі ля горада Кісангані рака змяняе назву на Конга. У сярэднім цячэнні, заключаным у межах упадзіны Конга, рака носіць спакойны характар з нязначным падзеннем (у сярэднім каля 0,07 м/км). Яе рэчышча, пераважна з нізкімі і плоскімі, часта забалочанымі берагамі, уяўляе сабой ланцужок азёрападобных пашырэнняў (месцамі да 15 км), падзеленых адносна звужанымі (да 1,5-2 км) ўчасткамі. У цэнтральнай частцы ўпадзіны Конга поймы ракі і яе правых прытокаў Убангі і Санга зліваюцца разам, утвараючы адну з найбуйнейшых у свеце перыядычна затапляемых абласцей. Па меры набліжэння да заходняга краю ўпадзіны аблічча ракі змяняецца: яна сціснутая тут паміж высокімі (100 м і больш) і стромкімі карэннымі берагамі, звужаючыся месцамі менш чым да 1 км; глыбіні ўзрастаюць (нярэдка да 20-30 м), цячэнне паскараецца. Гэты звужаны ўчастак, так званы Канал, пераходзіць у возерападобнае пашырэнне Стэнлі-Пул (даўжынёй каля 30 км, шырынёй да 25 км), якім сканчаецца сярэдняе цячэнне Конга.
У ніжнім цячэнні Конга прарываецца да акіяна праз Паўднёва-Гвінейскае ўзвышша ў глыбокай (да 500 м) цясніне. Шырыня рэчышча тут памяншаецца да 400-500 метраў, месцамі да 220-250 метраў. На працягу 350 км паміж гарадамі Кіншаса і Матады рака спускаецца на 270 м, утвараючы каля 70 парогаў і вадаспадаў, якія аб’ядноўваюцца пад агульнай назвай Вадаспады Лівінгстана. Глыбіні на гэтым участку перавышаюць 220 м, што робіць Конга адной з найбольш глыбокіх рэк у свеце[3]. Ля Матады рака выходзіць на прыморскую нізіну, рэчышча пашыраецца да 1-2 км, глыбіні на фарватэры дасягаюць 25-30 м. Каля горада Бома пачынаецца эстуарый, шырыня якога ў сярэдняй частцы даходзіць да 19 км, затым памяншаецца да 3,5 км і зноў павялічваецца да вусця, дзе складае 9,8 км [4]. Агульная плошча дэльты Конга складае каля 1000 км², плошча эстуарыя - каля 200 км². Вяршыня і сярэдняя частка эстуарыя заняты маладой дэльтай, якая актыўна фармуецца. Працягам эстуарыя служыць Падводны каньён Конга агульнай даўжынёй не меней за 800 км.
Прытокі
Галоўныя прытокі:
Да басейна Конга належаць буйныя азёры — Танганьіка, Ківу, Бангвеулу, Мверу і іншыя.
Гідралагічны рэжым
Конга мае досыць складаны рэжым. Большасць прытокаў характарызуюцца перавагай асенняга сцёку: на прытоках з вадазборам у Паўночным паўшар’і максімальны пад’ём вады дасягаецца ў верасні — лістападзе, у Паўднёвым — у красавіку — траўні. У сярэдніі і асабліва ў ніжнім цячэнні сезонныя ваганні сцёку ў значнай меры згладжаны праз раўнамерныя паступленні ў раку вод яе прытокаў, паколькі вялікія часткі басейну ракі ляжаць вышэй і ніжэ экватара і прынамсі ў адной частцы ракі трывае сезон даждоў[5]. З гэтай прычыны Конга з усіх вялікіх рэк Зямлі выдзяляецца найбольшай прыроднай зарэгуляванасцю. Жыўленне дажджавое. Максімальныя паводкі ў вярхоўях у лістападзе-студзені, у сярэднім і ніжнім цячэнні — у маі-чэрвені і лістападзе-студзені.
Сярэдні гадавы расход вады 46 тыс. м³/с, або 1450 км³, максімальны — 75 тыс. м³/с, мінімальны — 23 тыс. м³/с. Вялікія масы вады, якія Конга выносіць у акіян, апрасняюць яго на 75 кіламетраў ад берага. Цвёрды сцёк каля 50 млн.тон за год.
Сярэднія штомесячныя расходы вады (у м³/с), вызначаныя на гідрапосце Кіншаса за перыяд 1903—1983 гг.[6] |
---|
Прыроднае асяроддзе
Басейн Конга мае адно з самых вялікіх у свеце разнастайнасці флоры і фаўны. Большую частку басейна Конга займае гілея — вільготны экватарыяльны лес, які вельмі слаба вывучаны. Гэта тлумачыцца тым, што праца даследчыкаў тут моцна абмежаваная натуральнай цяжкадаступнасцю, а таксама нестабільнай палітычнай сітуацыяй, асабліва ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, дзе знаходзіцца большая частка вадазбору.
Больш за 1700 відаў птушак, больш за 400 відаў млекакормячых, шмат рэптылій, амфібій і насякомых былі выяўленыя ў басейне Конга. Многія з раслін і жывёл тут яшчэ невядомыя навуцы. Тыповыя насельнікі — шматлікія малпы, у тым ліку гарыла і шымпанзэ, бліжэйшыя сучасныя сваякі чалавека, а таксама сланы, леапарды , папугаі, птушкі-насарогі, гіганцкія змеі, такія як некаторыя віды удаваў і пітонаў, якія дасягаюць даўжыні да 9 метраў, а таксама вельмі атрутныя змеі, такія як кобры і мамба. Тут знаходзяцца самыя вялікія жабы у свеце, а таксама хамелеоны і яшчаркі. У Конга таксама жывуць самыя буйныя і небяспечныя мурашы у свеце, некаторыя віды нападаюць нават на дробных рэптылій і млекакормячых.
Сярод яшчэ невядомых відаў жывёл, напэўна, шмат насякомых. Французскія біёлагі выявілі ў джунглях Конга невядомыя віды, у тым ліку гіганцкую моль з размахам крылаў больш за 30 см. Улічваючы, што Конга з’яўляецца вельмі дрэнна вывучаным раёнам і вельмі мала раслін і жывёл, якія там жывуць, вядомыя навуцы, некаторыя біёлагі лічаць, што экватарыяльныя лясы Конга маюць самуюе вялікую біяразнастайнасць на планеце, якая можа пераўзыходзіць нават дажджавыя лясы Амазоніі.
Утварэнне Конга, верагодна, прывяло да алапатрычнага відаўтварэння баноба і шымпанзэ ад іх агульнага продка[7]. Баноба з’яўляецца эндэмікам гілеі, як і іншыя знакавыя віды, такія як чорна-зялёная малпа, малпа дрыяс, вадзяная цывета, акапі і кангалезскі паўлін[8].
Што тычыцца водных флоры і фаўны, басейн Конга мае вельмі высокае багацце відаў і з’яўляецца домам для адной з самых высокіх канцэнтрацый вядомых эндэмікаў.[9] На сённяшні дзень у басейне Конга зарэгістравана амаль 700 відаў рыб, і большасць з іх застаюцца практычна недаследаванымі[10][11]. У сувязі з гэтым, а таксама з-за вялікіх ўнутраных адрозненняў паміж рознымі часткамі басейна, апошні часта дзеліцца на некалькі экарэгіёнаў (замест таго, каб разглядаць яго як адзін экарэгіён). Сярод гэтых экарэгіёнаў толькі ў верхнім цячэнні Конга (Вадаспады Стэнлі) налічваецца больш за 300 відаў рыб, у тым ліку каля 80 эндэмічных [12], а ў паўднёва-заходняй частцы (басейн Касаі) — каля 200 відаў рыб, з якіх каля чвэрці з’яўляюцца эндэмічнымі [13].
Дамінуючымі сямействамі рыб, прынамсі ў некаторых частках ракі, з’яўляюцца карпавыя (напрыклад, Labeo simpsoni), рыбы-сланы (лац.: Mormyridae), афрыканскія тэтры, Mochokidae і цыхлавыя[14]. Сярод мясцовай рыбы ў рацэ таксама ёсць драпежная агрэсіўная вялікая тыгравая рыба. Два з самых незвычайных эндэмічных відаў цыхлідаў — бялёсыя (не пігментаваныя) і сляпыя «Lamprologus lethops» (лац.: Lamprologus lethops), якія, як мяркуюць, жывуць на глыбіні 160 метраў[12], і Heterochromis multidens, якія, як мяркуюць, больш цесна звязаныя з амерыканскімі цыхлідамі, чым з іншымі афрыканскімі[15]. Таксама ў рацэ водзіцца безліч энжэмічных жаб і слімакоў[14][16].
Для басейну ракі Конга ўласцівыя вузкарылыя (Mecistops cataphractus), нільскія (Crocodylus niloticus) і тупарылыя кракадзілы (Osteolaemus tetraspis), а тасама некалькі відаў чарапах.
Гаспадарчае значэнне
Гідраэнергетычныя рэсурсы
Брытанская энцыклапедыя паведамляе, што гідраэнергетычны патэнцыял Конга складае прыкладна 1/6 ад агульнасусветнага (хоць выкарыстоўваецца толькі невялікая яго частка). Адзін толькі комплекс вадаспадаў Інга вышэй горада Матады можа забяспечваць выпрацоўку 30 ГВт электраэнергіі, а сукупнасць гідраэнергетычных рэсурсаў ракі ацэньваецца ў 390 ГВт[17]. Апошняе тлумачыцца вялікай колькасцю вады, якая пераносіцца ракой, і значным падзеннем рэчышча на ўсім яе працягу аж да вусця (іншыя буйныя рэкі ў іх ніжнім цячэнні з’яўляюцца раўніннымі і працякаюць у нізінах). На Конга пабудавана некалькі буйных ГЭС — Нзіла, Нсіке (на Луалабе), Інга (на вадаспадах Лівінгстана). Усяго ў басейне Конга пабудавана каля 40 ГЭС.
Найбуйнейшай гідраэлектрастанцыяй ракі з’яўляецца Інга, якая знаходзіцца прыкладна ў 200 км на паўднёвы захад ад Кіншасы. Праект Інга быў запушчаны ў пачатку 1970-х будаўніцтвам першай плаціны. На сённяшні дзень пабудаваны толькі дзве плаціны «Інга I» (фр.: Barrage Inga I) і «Інга II» (фр.: Barrage Inga II), на якіх працуюць чатырнаццаць турбін. Праекты «Інга III» (фр.: Barrage Inga III) і «Гранд Інга» (фр.: Barrage Grand Inga, англ.: Grand Inga Dam) знаходзяцца на стадыі праектавання. У выпадку рэалізацыі праекта «Гранд Інга» яе магутнасць больш чым удвая перавысіць магутнасць ГЭС Тры цясніны ў Кітаі. Існуюць асцярогі, што будаўніцтва гэтых новых плацін можа прывесці да вымірання многіх відаў рыб, якія з’яўляюцца эндэмічных ў рацэ.
Суднаходства
Агульная даўжыня суднаходных шляхоў па рэках і азёрах басейна Конга — каля 20 тыс. км (з іх толькі на тэрыторыі ДРК — 14 тыс. км). Большасць даступных для суднаходства ўчасткаў рэк засяроджана ва ўпадзіне Конга, дзе яны ўтвараюць адзіную разгалінаваную сістэму водных шляхоў, якая, аднак, аддзелена ад акіяна вадаспадамі Лівінгстана ў ніжнім цячэнні Конга. Сама рака мае 4 галоўныя суднаходныя ўчасткі: Букама — Кангола (645 км), Кінду — Убунду (300 км), Кісангані — Кіншаса (1742 км), Матады — вусце (138 км); апошні ўчастак, так званы марскі б’еф, даступны для акіянскіх судоў. Суднаходныя ўчасткі звязаны паміж сабой чыгункамі.
Аб’ёмы водных грузаперавозак па Конга невялікія ў параўнанні з еўрапейскімі рэкамі — у прыватнасці, грузазварот порта Кіншаса Кіншасы не перавышае мільёна тон. Пры гэтым рака, спрыяючы транспарціроўцы грузаў водным шляхам, адначасова перашкаджае сухапутным перавозкам — праз раку і яе прытокі перакінута толькі невялікая колькасць мастоў, а сувязь паміж Кіншасай і Бразавілем ажыццяўляецца з дапамогай паромнай пераправы[17]. Галоўныя рачныя і азёрныя парты ў басейне: на Конга, апроч Кіншасы — Бразавіль, Мбандака, Кісангані, Убунду, Кінду, Кангола, Кабала, Букама; на рацэ Убангі — Бангі; на рацэ Касаі — Ілеба; на возеры Танганьіка — Каліма, Кігома, Бужумбура; на возеры Ківу — Букаву. У нізоўях Конга — марскія парты Матады, Бома, Банана (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Галоўныя рачныя парты — Бразавіль (Рэспубліка Конга), Кіншаса, Кісангані, марскія — Матады, Бома, Банана (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Рыбалоўства
Рыбалоўства (тылапія, нільскі акунь, барбель, тыгравая рыба, прэснаводны селядзец).
Гісторыя адкрыцця і даследавання
Чалавек насяляе басейн Конга каля 50 тысяч гадоў, але еўрапейцы ўпершыню пазналі аб гэтай рацэ толькі ў XV стагоддзі.
У канцы 1481 года партугальскі кароль Жуан II паслаў флатылію каравел уздоўж заходняга ўзбярэжжа Афрыкі да Залатога Берагу (сучасная Гана), каб адкрыць тамака руднікі для здабычы золата. Экспедыцыю ўзначаліў Дыегу дэ Азамбужа. Для рудніка патрэбны былі рабы, таму ў 1482 годзе Азамбужа паслаў Дыягу Кана абследаваць невядомае тады заходняе ўзбярэжжа Афрыкі. У раёне 6° паўднёвай шыраты партугальцы выявілі вусце вялікай ракі і высадзіліся на бераг, дзе іх сустрэлі чарнаскурыя людзі племені банту. Яны расказалі, што рака называецца «Нзары» — «Вялікая», а дзяржавай, па тэрыторыі якой яна цячэ, кіруе цар, які носіць тытул мані-конга. У знак адкрыцця гэтых земляў партугальцы ўсталявалі непадалёк ад вусця падран (каменны слуп), а раку назвалі Ракой Падраў (Rio do Padrão).
Верхняе цячэнне Конга (Луалаба) адкрыта Давідам Лівінгстанам у 1871 годзе. Большую частку Конга ад Ніангве ўніз па цячэнні даследаваў у 1876—1877 Генры Мортан Стэнлі. Прыток Касаі даследаваў Герман фон Вісман у 1885 годзе.
Галерэя
- Акапі, адна з найбольш рэдкіх жывёл басейну Конга. Найболшая папуляцыя - ў лесе Ітуры
- Архідэя Laelia-anceps africana
- Пачатак вадаспадаў Лівінгстана ля Кіншасы
- Конга ля Кісангані
- Конга ля Кісангані
- Конга блізу Матады
Зноскі
- ↑ A-35-В Стэнливиль. Масштаб: 1 : 500 000.
- ↑ Конго // Киреев — Конго. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2009. — С. 738. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—). — ISBN 978-5-85270-345-3.
- ↑ Kevin Oberg. Discharge and Other Hydraulic Measurements for Characterizing the Hydraulics of Lower Congo River(недаступная спасылка). U.S. Geological Survey (1 ліпеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2011. Праверана 28 красавіка 2020.
- ↑ Географический энциклопедический словарь // А. Ф. Трёшников II, дад.. — Москва: Советская энциклопедия, 1989 г.. — С. 246.
- ↑ Рака Конга (англ.)
- ↑ Zaire Basin - Station: Kinshasa . www.compositerunoff.sr.unh.edu. Праверана 21 сакавіка 2022.
- ↑ Caswell JL, Mallick S, Richter DJ; et al. (2008). "Analysis of chimpanzee history based on genome sequence alignments". PLoS Genet. 4 (4): e1000057. doi:10.1371/journal.pgen.1000057. PMC 2278377. PMID 18421364.
{{cite journal}}
: Непасрэднае ўжыванне et al. у:|author=
(даведка)Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (link) (англ.) - ↑ Kingdon, J. (1997). The Kingdon Guide to African Mammals. Academic Press Limited, London. ISBN 0-12-408355-2. (англ.)
- ↑ Dickman, Kyle. Evolution in the Deepest River in the World(недаступная спасылка). Science & Nature. Smithsonian Magazine (3 лістапада 2009). Архівавана з першакрыніцы 9 лістапада 2011. Праверана 21 кастрычніка 2011. (англ.)
- ↑ Freshwater Ecoregions of the World (2008). Sudanic Congo — Oubangi. Архівавана 5 кастрычніка 2011. Accessed 2 May 2011. (англ.)
- ↑ "Monster Fish of the Congo". Explorer. 2009. National Geographic Channel.
{{cite episode}}
: Вонкавая спасылка ў
(даведка); Невядомы параметр|episodelink=
|episodelink=
ігнараваны (прапануецца|episode-link=
) (даведка); Праверце значэнне|episodelink=
(даведка); Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры:|began=
,|city=
,|serieslink=
,|ended=
,|transcripturl=
, і|seriesno=
(даведка) (англ.) - 1 2 Norlander, Britt (April 20, 2009). Rough waters: one of the world’s most turbulent rivers is home to a wide array of fish species. Now, large dams are threatening their future. Science World (англ.)
- ↑ Freshwater Ecoregions of the World (2008). Kasai. Архівавана 5 кастрычніка 2011. Accessed 2 May 2011. (англ.)
- 1 2 Freshwater Ecoregions of the World (2008). Upper Lualaba. Архівавана 5 кастрычніка 2011. Accessed 2 May 2011. (англ.)
- ↑ Kullander, S.O. (1998). A phylogeny and classification of the South American Cichlidae (Teleostei: Perciformes). Pp. 461—498 in Malabarba, L., et al. (eds.), Phylogeny and Classification of Neotropical Fishes, Porto Alegre. (англ.)
- ↑ Freshwater Ecoregions of the World (2008). Lower Congo Rapids. Архівавана 5 кастрычніка 2011. Accessed 2 May 2011. (англ.)
- 1 2 Congo River
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Forbath, Peter (1979). The River Congo: The Discovery, Exploration and Exploitation of the World's Most Dramatic River. New York: E. P. Dutton,. ISBN 0-525-47573-7.
- François Neyt, Fleuve Congo, Fonds Mercator, Bruxelles, 2010, 400 p.
- Franz Bultot et Gérard L. Dupriez, Niveaux et débits du fleuve Zaïre à Kinshasa : régime, variabilité, prévision, Académie royale des sciences d'outre-mer, Bruxelles, 1987, 49 p.
- Marc Colyn, L'Importance zoogéographique du bassin du fleuve Zaïre pour la spéciation : le cas des Primates simiens, université Rennes 1, 1989, 323 p. (thèse)
- Jean Meulenbergh, Diffusion des eaux du fleuve Congo dans les eaux de l'Atlantique Sud, Académie royale des Sciences d'Outre-Mer, Bruxelles, 1968, 149 p.
- James Kingston Tuckey, Relation d'une expédition entreprise en 1816 sous les ordres du capitaine J.K. Tuckey, pour reconnoître le Zaïre, communément appelé le Congo fleuve de l'Afrique méridionale ; suivie du journal du professeur Smith, et de quelques observations générales sur les habitants, et l'histoire naturelle de la partie du royaume du Congo arrosée par le Zaire ; le tout précédé d'une Introduction expliquant les motifs qui ont déterminé ce voyage (traduit de l'anglais par l'auteur de Quinze jours à Londres), Librairie de Gide fils, Paris, 1818, 2 vol.
- Roland Pourtier, Congo un fleuve à puissance contrariée, 2021, 272 p.
Спасылкі
- The River Congo Basin
- Audio slideshow: The River Congo: Following in Explorer Sir Henry Morton Stanley's Footsteps – Tim Butcher recounts his trip through the Congo on the route of 19th-century explorer Sir Henry Morgan Stanley.
- Bibliography on Water Resources and International Law Peace Palace Library
- Map of the Congo River basin at Water Resources eAtlas
- The Congo Project, American Museum of Natural History