Кобрынскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у ХІХ — пачатку ХХ ст. пераважна на тэрыторыі Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў. Вызначаўся завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту жаночага касцюма.
Жаночае адзенне
Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з даматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам. Аздаблялі кашулю вышыўкай (процягам, крыжыкам), радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геаметрычны або раслінны) чырвона-малінавы арнамент з невялікімі ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі (нагадваюць тасёмкі), што ў падоўжным ці папярочным кірунку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіцыйна-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкаратыўна злучаных полак белай ільняной тканіны.
Адметнасць кобрынскага строю ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга фартуха быў відзён з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняных — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва (у крыжы, акенцы, паскі); ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андарак з чорнай або цёмна-сіняй тканіны з белымі, зялёнымі, сінімі, фіялетавымі прасноўкамі. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканым у разнаколерныя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт.
Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная «павай» (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Асаблівую велічнасць і пластычную стройнасць касцюму надавала намітка, абматаная вакол твару і жывапісна задрапіраваная на спіне. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі.
Мужчынскае адзенне
Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай какардай, шапкі (круглай, чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка, з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкай малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.
Літаратура
- Беларускі народны касцюм / Л. І. Маленка; [маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мінск : Ураджай, 2001.
- Маленко, Л. И. Белорусский костюм XIX—XX вв. / Л. И. Маленко. — Минск : Белорусская наука, 2005.
- Маслова, Г. С. Народная одежда русских, украинцев, белорусов в XIX — нач. XX вв. / Г. С. Маслова // Восточно-славянский этнографический сборник. — М., 1956.
- Романюк, М. Ф. Белорусская народная одежда / М. Ф. Романюк. — Мінск : Беларусь, 1981. — 473 с.