Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 1858
Заснавальнікі Карл Камінскі
Размяшчэнне Магілёўская вобласць
Ключавыя постаці Эдуард Арэшка, Андрэй Чышчэня
Галіна харчовая прамысловасць
Прадукцыя гарэлка, джын, настойка, этанол
Абарот 336,057 млрд недэнам. руб[1] (2015 г.; $20,959 млн)
Аперацыйны прыбытак -27,476 млрд недэнам. руб (2015 г.; -$1,714 млн)
Чысты прыбытак -667 тыс. рублёў (2017 г.; -$334 тыс.)
Матчына кампанія ААТ «Мінск Крышталь»
Даччыныя кампаніі Касцюковіцкі спіртзавод
Сайт klimlvz.by

ААТ «Клі́мавіцкі лікёра-гарэ́лачны заво́д» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1858 годзе ў Клімавічах шляхціцам Карлам Камінскім.

На 2018 год завод выпускаў гарэлку «Альфа лінія», «Каласы» і «Сярэбраныя ключы», этанол і настойкі, у тым ліку «Клімград» з мацункам 22%. Прадпрыемства было найбольшым у Клімавіцкім раёне паводле колькасці супрацоўнікаў. На яго прыпадала 10% алкагольнага рынку Беларусі. Звыш паловы выручкі завода ішло на падаткі[2].

Гісторыя

У 1858 годзе шляхціц Карл Камінскі заснаваў у Клімавічах (Магілёўская губерня) рэктыфікацыйны завод на беразе ракі Лабжанка. На завод паступаў спірт-сырэц з сырцовых заводаў Клімавіцкага павета, якія належалі Камінскаму. Спірт-сырэц дастаўлялі гужавымі павозкамі ў бочках, але вымярэнні ажыццяўлялі ў вёдрах. Выраблены спірт-рэктыфікат адпраўлялі ў Чэрыкаў (Магілёўская губерня), дзе з яго выраблялі гарэлку. У лістападзе 1917 года бальшавіцкі ўрад Расіі нацыяналізаваў завод. У 1934 годзе прадпрыемства пераўтварылі ў пладавінзавод, дзе выраблялі джэм, яблычнае пюрэ і сочыва, пладова-ягаднае віно. У 1935 годзе аднавілі выпуск гарэлкі з разлівам у пляшкі па 0,1 літра, 0,5 літра, 1 літр і 3 літры. У 1937 годзе ўсталявалі канвеер. Пасля ўсталявання 2-га канвеера вытворчасць вырасла да 5000 дэкалітраў за год. У 1939 годзе на канвееры працавала 12 чалавек. Ваду пампавалі з ракі Лабжанкі і артэзіянскай свідравіны пры дапамозе паравых помпаў. У кацельні дзейнічаў кацёл Шухава-Берліна, які забяспечваў завод парай. Крыніцай электраэнергіі служыла паравая машына. Заводу падпарадкавалі гарэлачную краму ў Клімавічах, што да 1939 года належала Цэнтраспірту — саюзнаму аб’яднанню дзяржаўных вінакурняў. У 1943 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады вывезлі ў Германію рэктыфікацыйны апарат і падарвалі завод[3].

У 1944 годзе на заводзе аднавілі вытворчасць гарэлкі са спірту-сырцу, які прадавалі ў бочках. У 1947 годзе пабудавалі кацельню з 2 катламі на торфе. У 1948 годзе аднавілі разліў гарэлкі ў пляшкі. У 1950 годзе аднавілі цэх рэктыфікацыі, пабудавалі лікёрны ўчастак і аддзяленне посуду. У 1953 годзе ўкаранілі аўтаматычную лінію разліву на 3000 пляшак за гадзіну, сталі выпускаць гарэлку трох мацункаў — 40%, 50% і 56% — а таксама лікёры і настойкі. У 1955 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну. У 1958 годзе рэктыфікацыйны апарат замянілі на новы магутнасцю 750 дэкалітраў за содні з адначасным аддзяленнем сівушнага алею і эфіраальдэгіднай фракцыі (ЭАФ). Цэх разліву налічваў 4 аўтаматычныя лініі, на трох з якіх разлівалі ў паўлітровыя пляшкі. На яшчэ адной лініі разлівалі ў пляшкі па 0,25 літра. У 1959 годзе ўсталявалі пляшкамыйную машыну на 6000 пляшак за гадзіну і прыпынілі выраб гарэлкі мацункам 40%. У 1960 годзе лікёрны цэх пераабсталявалі ў вінны магутнасцю 8000 дэкалітраў за месяц. У 1966 годзе пабудавалі дадатковую артэзіянскую свідравіну з выдаткам 60 м³ вады за год. У 1967 годзе налічвалася 312 супрацоўнікаў, з іх 274 работнікі, 24 інжынеры і тэхнікі, 14 службоўцаў. У 1968 годзе ўсталявалі 5 аўтаматычных ліній разліву гарэлкі магутнасцю на 6000 пляшак за гадзіну. У 1980 годзе ўзвялі будынак з рэктыфікацыйнай устаноўкай на 2000 дэкалітраў за содні і 3-павярховы адміністрацыйны корпус. У 1984 годзе магутнасць віннага цэха дасягула 1,41 млн дэкалітраў за месяц. У красавіку 1987 года Клімавіцкаму лікёра-гарэлачнаму заводу падпарадкавалі Касцюковіцкі спіртзавод. У 1987 годзе ў Клімавічах наладзілі выраб безалкагольнага кактэйлю «Рубінавы». У будынках аўтабазы стварылі кандытарскі цэх, дзе пачалі выпускаць такія ўсходнія ласункі, як фруктовы лукум (250 тонаў за год) і газінакі (100 тонаў). У 1989 годзе прадпрыемства налічвала 310 супрацоўнікаў[3].

У 1992 годзе пабудавалі цэх з прэс-формамі для вырабу скрыняў з поліэтылену нізкага ціску. У 1994 годзе пусцілі нямецкую аўтаматычную лінію «Нагема» на 6000 пляшак за гадзіну з укупоркай «пад шруб». У 1996 годзе скончылі будаўніцтва спіртасховішча на 150 000 дэкалітраў. Уласны аўтапарк дастаўкі сыравіны налічваў 68 грузавікоў. У 1997 годзе пусцілі аўтаматычныя майстэрні. У 1999 годзе кацельню перавялі з вадкага паліва на прыродны газ. У 2001 годзе ўсталявалі італьянскую лінію разліву «Маг» для пляшак ад 0,25 літра да 1 літра з магчымасцю прымяняць кроненкорку для ўкупоркі і 2-пазіцыйнай этыкеткі. Таксама паставілі лінію разліву віна. У 2002 годзе паставілі 3 прэсы «Бухер» для перапрацоўкі 15 тонаў яблыкаў за гадзіну і вакуум-выпарную ўстаноўку для вырабу канцэнтраванага соку. У 2004 годзе набылі газавы храматограф для вызначэння мікрадамешкаў у спірце і гарэлцы. У 2005 годзе заклалі сад на 110 гектараў з 7 відамі раслін: алыча, вішня, чарнаплодная рабіна, чорныя і чырвоныя парэчкі, яблыня. У 2006 годзе УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м паводле велічыні вытворцам гарэлкі ў Беларусі. Вытворчая магутнасць завода складала: па спірце-сырцы — 2,87 дэкалітраў за содні і 876 000 дэкалітраў за год; па спірце-рэктыфікаце — 4000 дэкалітраў за содні і 1,25 млн дэкалітраў за год; па гарэлцы — 2,5 млн дал за год; па настойках — 180 000 дал за год; па вінаградным віне — 271 200 дал за год. Гадавая магутнасць па вырабе ўсходніх ласункаў складала 204 тонаў, у тым ліку грыльяжу, газінакаў і лукуму. Гадавая магутнасць па выпуску поліэтыленавых скрыняў складала 280 000 адзінак[3].

У 2007 годзе набылі аўтаматычны станок для прастаўлення этыкетак і акцызных марак. У 2008 годзе адрамантавалі свідравіну і паставілі ўстаноўку змякчэння вады і фільтар абезжалезвання. У 2009 годзе на Касцюковіцкім спіртзаводзе замянілі 3-калонную брагарэктыфікацыйную ўстаноўку на 6-калонную. У чэрвені 2010 года ў Касцюковічах увялі новае варачнае аддзяленне. У верасні 2010 года пусцілі ўстаноўку сярэбранай фільтрацыі. У студзені 2011 года паставілі ўстаноўку паліравальнай фільтрацыі. У верасні 2013 года УП «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» асвоіла выпуск спірту з найвышэйшай у Беларусі ступеняй ачысткі «Белальфа», што прадугледжвала змяшчэнне не больш як 0,003% бясколернай атруты метылавага спірту ў пераліку на бязводны спірт. Пагатоў дагэтуль выкарыстоўвалі спірт вышэйшай ачысткі, дзе дапускалася 0,03% бясколернай атруты метылавага спірту[4]. 17 ліпеня 2015 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынгу па вытворчасці алкагольнай прадукцыі» пад кіраўніцтвам ААТ «Мінск Крышталь», якому падпарадкавалі ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод»[5]. На час уключэння ў холдынг «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» быў 2-м найбольшым падаткаплатнікам Магілёўскай вобласці. 16 мая 2018 года Магілёўскі абласны суд зацвердзіў 1,5-гадовы план санацыі завода ў сувязі з неплатаздольнасцю па запазычанасці на 59 млн рублёў[2].

Кіраўнікі

  • Камінскі (1914—1917)
  • Цехін (1929)
  • Арлоўскі (да 1935 года)
  • В. К. Мянькоў (1935—1941)
  • Арсеній Дзянісаў (1944—1948)
  • Языкоў (1948)
  • Кавалёў (1-я палова 1950-х)
  • Лявонаў (2-я палова 1950-х)
  • С. І. Анжэнка (да 1962 года)
  • Нічыпар Гнедчык (1962—1970)
  • Уладзімір Патоцкі (1970—1981)
  • Міхаіл Белавусаў (1981—2003)[3]
  • Вячаслаў Рамашкевіч (2003—2005)
  • Мікалай Бялко (8 чэрвеня 2010 — красавік 2014 года)
  • Алег Буянаў (красавік 2014 — люты 2017)
  • Мікалай Акулік (люты — жнівень 2017)[6]
  • Эдуард Арэшка (са жніўня 2017 года)

Зноскі

  1. "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год" [руская]. Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. 23 мая 2016. Праверана 3 снежня 2018. {{cite news}}: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры: |trans_title=, |separator=, |month=, і |coauthors= (даведка)
  2. 1 2 На Магілёўшчыне ратуюць лікёра-гарэлачны завод. Радыё «Свабода» (16 мая 2018). Праверана 3 снежня 2018.
  3. 1 2 3 4 Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод(недаступная спасылка). Магілёўская абласная бібліятэка (28 сакавіка 2006). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2021. Праверана 3 снежня 2018.
  4. Коратка // Звязда : газета. — 19 верасня 2013. — № 176 (27541). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  5. А. Лукашэнка. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2015 г. № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынгу па вытворчасці алкагольнай прадукцыі» (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт партал Рэспублікі Беларусь (22 ліпеня 2015). Праверана 3 снежня 2018.(недаступная спасылка)
  6. Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод заявіў пра банкруцтва. Радыё «Свабода» (24 жніўня 2017). Праверана 3 снежня 2018.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.