Кляштар | |
Клюні | |
---|---|
Cluny | |
| |
46°26′03″ пн. ш. 4°39′33″ у. д. | |
Краіна | Францыя |
Дэпартамент | Сона і Луара |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Ацёнская дыяцэзія[d] і Territorial abbey of Cluny[d] |
Ордэнская прыналежнасць | Бенедыкцінцы, Клюнійская кангрэгацыя |
Тып | Абацтва |
Архітэктурны стыль | раманскі стыль |
Заснавальнік | Гільём I Аквітанскі |
Дата заснавання | 909 |
Статус | ліквідавана ў 1790 годзе, захаваўся шэраг пабудоў |
Сайт | cluny-abbaye.fr/en/ |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Клюні́ (фр.: Cluny) — былое бенедыкцінскае абацтва ў Верхняй Бургундыі, недалёка ад Макона.
Гісторыя
У верасні 909 года герцаг Аквітаніі Гільём I Набожны заснаваў на базе сваёй вілы Клюні бенедыкцінскі кляштар святых Пятра і Паўла. Першым настаяцелем стаў абат Бернон.
Адметнай рысай Клюні было тое, што кляштар быў выняты з-пад улады як свецкіх кіраўнікоў, так і мясцовага біскупа і падпарадкоўваўся непасрэдна Папе. Неўзабаве кляштар, у якім выконваўся строгі бенедыкцінскі статут, стаў на чале невялікі кангрэгацыі з сямі кляштароў.
Другім настаяцелем кляштара быў святы Адон Клюнійскі, які стаў адной з галоўных дзеючых асоб Клюнійскай рэформы. У 931 годзе Папа Ян XI дараваў абату Адону прывілей прымаць пад сваю юрысдыкцыю кляштары, якія праводзілі ў сябе Клюнійскую рэформу, сутнасць якой складалася ў адраджэнні строгага духоўнага і аскетычнага жыцця ў перыяд заняпаду манаства. Гэты прывілей спрыяў хуткаму росту кангрэгацыі з цэнтрам у Клюні, нягледзячы на магутнае процідзеянне французскага епіскапата, які не жадаў губляць кантроль над французскімі кляштарамі. Пры абаце Адылоне (994—1049) да Клюні адносілася ўжо большая частка французскіх і бургундскіх кляштараў. Пры настаяцелях Гуга Клюнійскім (1049—1109) і Пятры Вялебным (1122—1157) само абацтва дасягнула росквіту, а кангрэгацыя перасягнула межы сучаснай Францыі, клюнійскія кляштары з'явіліся ў Італіі, Іспаніі, Англіі, Германіі і Польшчы, а агульны лік іх набліжаўся да 2000.
Кляштар карыстаўся вялікім уплывам і аўтарытэтам у грамадстве. Абаты Клюні аказвалі істотны ўплыў на рэлігійную і свецкую палітыку. З абацтва выйшла 12 кардыналаў і некалькі Пап, у тым ліку Папа Рыгор VII, ініцыятар Грыгарыянскай рэформы, якая шмат у чым базіравалася на падмурку Клюнійскай рэформы. З першых дзевяці настаяцеляў Клюні пяцёра былі прылічаны да ліку святых. У Клюні строга сачылі за дысцыплінай, надавалі вялікае значэнне аскетызму. Асаблівая ўвага надавалася поўнай глыбокай пашане здзяйсненню літургіі, працяглым малітвам. Паколькі ў абацтве заахвочвалася маўчанне, у Клюні выпрацавалася асаблівая мова жэстаў. У XII стагоддзі манастырская бібліятэка налічвала 570 манускрыптаў і была адной з самых вялікіх у Еўропе.
Першы храм абацтва (Клюні I) быў пабудаваны пры абаце Берноне ў 927 годзе. У канцы X стагоддзя пры абатах Маёлі і Адылоне царква была цалкам перабудавана (Клюні II). Гіганцкая базіліка, вядомая як Клюні III, была збудавана ў 1088—1095 гадах і аказала моцны ўплыў на раманскі стыль у архітэктуры. Даўжыня базілікі складала 187 м, вышыня — 30 метраў, што рабіла яе самай вялікай царквой Еўропы аж да будаўніцтвы Сабора Святога Пятра.
З XIII стагоддзя пачаўся паступовы заняпад абацтва, выкліканы фінансавымі праблемамі, паслабленнем манастырскіх нораваў і ўзвышэннем іншых манаскіх ордэнаў, у першую чаргу цыстэрцыянцаў, іншай рэфарматарскай галіны бенедыкцінцаў, і зноў створаных жабрацкіх ордэнаў. У 1516 годзе кароль Францыі дамогся права прызначаць абатаў Клюні, што прывяло да яшчэ большага заняпаду кляштара. У 1562 годзе Клюні быў цалкам разрабавана гугенотамі.
Абацтва Клюні было зачынена пасля Вялікай французскай рэвалюцыі ў 1790 годзе, трыма гадамі пазней спалена і разрабавана сялянамі. У 1798 годзе рэшткі абацтва былі прададзены і некалькі дзесяцігоддзяў выкарыстоўваліся як каменяломня. Да нашых дзён захавалася толькі каля 10 % працэнтаў базілікі Клюні III, у тым ліку паўднёвая званіца. Захаваныя пабудовы былі рэстаўраваны ў XX стагоддзі. У наш час у будынках абацтва размяшчаецца навучальная ўстанова — клюнійскі цэнтр Нацыянальнай вышэйшай школы мастацтваў і рамёстваў.
Першыя абаты кляштара
- Бернон (909—926)
- Адон (926—942), святы
- Аймар (942—954)
- Маёль (954—994), святы
- Адылон (994—1049), святы
- Гуга (1049—1109), святы
- Понс (1109—1122)
- Гуга II (1122—1122)
- Пётр Вялебны (1122—1157), святы
Гл. таксама
- кангрэгацыя Клюні
- Клюнійская рэформа
- Недалёка ад Клюні знаходзіцца сусветна вядомая экуменістыченая абшчына Тэзэ.
- У гонар абацтва названы астэроід (229631) Клюні[1].
- Абацтва з'яўляецца ўладальнікам Знака Еўрапейскай спадчыны
Зноскі
Літаратура
- «Клюни» // Католическая энциклопедия. Изд. францисканцев. Т.2. М.:2005
- Мулен, Лео. Повседневная жизнь средневековых монахов Западной Европы (X-XV вв.). — М.: Маладая гвардыя, 2002. — ISBN 5-235-02450-8.
- Catholic Encyclopedia. Congregation of Cluny (англ.)