Керкена | |
---|---|
ар. قرقنة | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 6 |
Найбуйнейшы востраў | Шаркі |
Агульная плошча | 159,7 км² |
Найвышэйшы пункт | 13 м |
Насельніцтва | 15 501 чал. (2014) |
Шчыльнасць насельніцтва | 97,06 чал./км² |
Размяшчэнне | |
34°43′22,20″ пн. ш. 11°10′51,60″ у. д. | |
Акваторыя | Міжземнае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Керкена (араб. قرقنة) — архіпелаг у заліве Габес на ўсходзе Туніса. Агульная плошча - 159,7 км². Насельніцтва (2014 г.) - 15 501 чал.
Геаграфія
Архіпелаг Керкена месціцца ў 18,7 км ад туніскага горада Сфакс. Складаецца з 6 астравоў. Найбуйнейшы з іх — Шаркі (110 км²). Паверхня нізкая. Найвышэйшы пункт дасягае ўсяго 13 м над узроўнем мора. Значную частку берагоў займаюць пясчаныя пляжы і саланчакі. Плошча апошніх з кожным годам расце.
Карысныя выкапні: фасфаты, нафта.
Клімат сухі міжземнаморскі. Для архіпелага характэрны частыя вятры і недахоп вільгаці.
Прырода
З-за сталага засушлівага надвор'я дзікая флора абмежавана ксерафітамі. Астравіцяне вырошчваюць пальмы. На астравах спыняюцца пералётныя птушкі. У 2012 г. Керкена была абвешчана рамсарскім угоддзем.
Гісторыя
Архіпелаг Керкіна вядомы са старажытных часоў. У II ст. да н. э. рымляне пабудавалі тут буйны порт. У V ст. н. э. у дакументах узгадвалася хрысціянскае Керкінскае епіскапства. У сярэднявеччы архіпелаг быў амаль пакінуты жыхарамі з-за пірацтва.
У 1941 г. каля берагоў архіпелага адбыўся напад брытанскіх ваенных сіл на нямецка-італьянскі марскі канвой.
Гаспадарка
Аснова эканомікі архіпелага — рыбалоўства. Прыбярэжныя жыхары займаюцца ловам васьміногаў. Сельская гаспадарка абмежавана вырошчваннем пальм і дробнай жывёлагадоўляй. Прыбыткі ад здабычы нафты пакуль невялікія. Дадатковую галіну складае турызм, прычым значная частка наведвальнікаў — тунісцы.