Ква́ркі — фундаментальныя часціцы ў стандартнай мадэлі, якія не назіраюцца ў свабодным стане; спецыфічныя састаўныя часткі адронаў — элементарных часціц, якім уласцівы моцныя ўзаемадзеянні.
Антычасціцы кваркаў называюцца антыква́ркамі і адрозніваюцца ад кваркаў тым, што ўсе іх квантавыя лікі процілеглыя па знаку.
Паводле стандартнай мадэлі, барыёны складаюцца з трох кваркаў, мезоны — з кварка і антыкварка.
Гіпотэза кваркаў прапанавана амерыканскімі фізікамі М. Гел-Манам і Дж. Цвейгам у 1964 годзе для тлумачэння ўласцівасцей адронаў і заканамернасцей у іх спектраскапіі.
Маюць спін 1/2, электрычны зарад +2/3 ці −1/3 ад зараду пратона, барыённы зарад 1/3, а таксама спецыфічныя квантавыя лікі — «водар», «колер» і іншыя.
Вядома шэсць «водараў» кваркаў, якія маюць розныя назвы і пазначаюцца лацінскімі літарамі u, d, s, c, b, t (масы спакою 5, 8, 100 МэВ і 1,5, 5, 175 ГэВ адпаведна), адпаведныя антыкваркі — u, d, s, c, b, t.
Пры гэтым кваркі u і d утвараюць звычайнае ядзернае рэчыва, астатнія нараджаюцца ў якасці кароткажывучага штучнага ядзернага рэчыва на паскаральніках зараджаных часціц.
Кваркі існуюць толькі ў ядзерным рэчыве; эксперыментальна ўскосна выяўлены ў доследах па сутыкненні адронаў, электронна-пазітроннай анігіляцыі ў струменях адронаў і рассеянні лептонаў на нуклонах.
Гл. таксама
Літаратура
- Кваркі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. С. 211.
- Окунь Л. Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кварк
- Кварки // Физическая энциклопедия.
- Антикварки // Физическая энциклопедия.
- Эксперыментальная інфармацыя пра кваркі на сайце Particle Data Group