Кашталян, каштэлян (фр.: chatelain, польск.: kasztelan, літ.: kastelionas, з лац.: castellanus, ад castellum — замак) — у феадальных дзяржавах адміністратар замка і прылеглых тэрыторый.
Выконваў функцыі кіраўніка замка, адказнага за спраўнае ўтрыманне замка, гарнізона і абслуговага персанала, і кіраўніка тэрыторыяй, адказнага за яе бяспеку і абарону, збор падаткаў і даніны, ажыццяўленне судовай улады.
Каралеўства Польскае
У сярэднявечнай Польшчы назва kasztelan з’явілася ў XIII стагоддзі ў Каралеўстве Польскім. Спярша загадваў замкам, войскам у ім і меў пэўныя судовыя функцыі (на Мазоўшчыне спрабавалі змяніць назву на «грададзержца», але беспаспяхова). На пачатку XIV стагоддзя страціў практычную ўладу на карысць новаўведзеных гарадскіх старостаў. На нейкі час захаваў судзейства, але разглядаў толькі забойствы, калі не быў знойдзены забойца. У 1454 годзе страціў і гэта права.
Пасада, аднак, засталася, а ў выніку павелічэння гарадоў павялічвалася і колькасць гарадскіх кашталянаў.
Вялікае Княства Літоўскае
У Вялікім Княстве Літоўскім пасада была ўведзена ў 1413 годзе ў Вільні і Троках, а з 1506 года — у іншых літоўскіх ваяводскіх гарадах. У Інфлянтах на працягу 1598—1677 гадоў былі: кашталян вендэнскі, кашталян дорпацкі, кашталян парнаўскі. У 1677 годзе замест іх застаўся адзін — кашталян інфлянцкі.
У ВКЛ кашталянскія пасады займалі, як правіла, прадстаўнікі магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Гальшанскіх.
Рэч Паспалітая
Уваходзіў у Раду ВКЛ, з 1569 года — у Сенат Рэчы Паспалітай. Сярод кашталянаў усталявалася строгая іерархія, у адпаведнасці з якой яны займалі месцы ў сенаце (побач з ваяводамі). Самым старэйшым лічыўся кашталян кракаўскі, пасля яго ішлі ваяводы і роўня ім кашталян віленскі і кашталян троцкі. Далей падзяляліся на большых — крэславых (правінцыяльных) — сандамірскія, калішскія, жмудскія, кіеўскія, львоўскія, валынскія і іншыя; і меншых — дражковых (павятовых) — радамскі, хелмскі, варшаўскі і іншыя. Першыя праводзілі паседжанні ў Сэнаце вышэй, на крэслах, другія — ніжэй і на простых лавах. Гэты падзел быў ліквідаваны ў 1775 годзе, калі ўсіх кашталянаў прыраўнялі.
Кашталян не меў акрэсленых функцый, у службовай іерархіі займаў месца пасля ваяводы (акрамя кашталяна кракаўскага). Пасада кашталяна з часам стала ганаровым тытулам.
У адсутнасць ваяводы на Літве кашталян склікаў соймік галаўнога павета ваяводства і старшынстваваў на ім. Пры скліканні паспалітага рушэння збіраў шляхту з галоўнага павета (у Польшчы — з павета, ці ваколіц горада) і перадаваў яе пад кіраўніцтва ваяводы[1]. Першапачаткова ў ВКЛ подобныя функцыі выконвалі старосты або намеснікі, значная частка якіх паступова пад польскім уплывам пачала звацца кашталянамі, а меншая ваяводамі.
Кашталян не мог спалучаць пасады ваяводы, вялікага маршалка, канцлера і падскарбія, а таксама гарадскога старосты ці бурграфа на сваёй тэрыторыі. Затое мог, як і ваявода, стаць гетманам.
З падзеламі Рэчы Паспалітай у 18 ст. знікла і пасада.
Пазней кашталянамі звалі таксама наглядчыкаў касцёлаў, касталянкамі — кладаўшчыц у лячэбных, лячэбна-аздараўленчых і рознага роду прытулках для дзяцей, інвалідаў і старых.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Вяроўкін-Шэлюта У. Кашталян // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 79. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Zbigniew Góralski. Urzędy i godności w dawnej Polsce. — Warszawa, 1983.