Славутасць
Касцёл і калегіум езуітаў
Юравіцкі кляштар езуітаў
Юравіцкі кляштар езуітаў
51°56′31″ пн. ш. 29°31′58″ у. д.
Краіна  Беларусь
Вёска Юравічы
Канфесія БПЦ
Епархія Тураўская епархія
Ордэнская прыналежнасць езуіты
бернардзінцы
Архітэктурны стыль позняе барока
Дата заснавання 1726
Будаўніцтва 17261746 гады
Рэліквіі і святыні Абраз Маці Божай Юравіцкай
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000407
Стан рэстаўруецца як праваслаўны манастыр
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл і калегіум езуітаў — сакральны комплекс у в. Юравічы (Калінкавіцкі раён). Размешчаны ў цэнтры вёскі, на беразе р. Прыпяць. Касцёл захаваўся часткова, не дзейнічае. Помнік архітэктуры позняга барока.

Гісторыя

Касцёл і калегіум езуітаў, абмеры 1865

У другой палове XVII ст. у Юравічах з'явіліся прадстаўнікі каталіцкага ордэна езуітаў, з дзейнасцю якіх звязваюць з'яўленне цудоўнага абраза Маці Божай і ўзвядзенне тут сакральнага комплексу. 8 верасня 1673 адбылося асвячэнне капліцы, у якую ўрачыста ўнеслі цудоўны абраз.

Комплекс пабудаваны ў 17261746 гг. на месцы драўлянага кляштара, узведзенага ў другой палове XVII ст. У 1756 тут адкрылася школа, пераўтвораная ў 1778 годзе ў калегіум. У 1820 годзе, пасля ліквідацыі ордэна езуітаў, кляштар перададзены мазырскім бернардзінцам.

Пасля здушэння вызваленчага паўстання расійскія ўлады зачынілі Юравіцкі кляштар, аднак у 1841[1] будынкі вярнулі каталікам.

Касцёл пасля перабудовы ў праваслаўную царкву

Пасля паўстання 1863—1864 гг., у лістападзе 1864 г., зноў закрыты і ў 1865 г. перабудаваны паводле праваслаўных канонаў: захоўвалася форма купалаў франтальных вежаў, над дахам прапаноўвалася ўзняць дзевяць макавак і купал над алтарнай часткай, змяняўся абрыс аконных праёмаў. Работы ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам губернскага архітэктара Іванова, аўтара першага праекта. Унутры касцёла галоўны алтар быў закрыты іканастасам, восем бакавых алтароў выратаваў ад разбурэння мясцовы архірэй[2].

У 1958 годзе па загадзе мясцовага старшыні калгаса храм пачалі разбіраць на цэглу.

З 1990-х гг. — дзеючы праваслаўны жаночы манастыр у гонар Ражства Прасвятой Багародзіцы. З 2006 г. — дзеючы праваслаўны мужчынскі манастыр[3]. У наш час вядзецца аднаўленне комплексу Беларускім экзархатам Маскоўскага патрыярхату.

Архітэктура

Брама і агароджа

Комплекс уключае касцёл і корпус калегіума, аб'яднаныя ў адзіную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Размешчаныя на высокім узгорку, за высокай мураванай агароджай з уязной брамай (захаваліся паўднёвая і заходняя сцены), абкружаны пладовым садам. Па вуглах агароджы і абапал брамы круглыя ў плане вежы з байніцамі.

Касцёл

Касцёл
Бакавы фасад

Касцёл уяўляе сабой трохнефную мураваную базіліку з выцягнутай паўкруглай алтарнай апсідай і дзвюхвежавым галоўным фасадам, які падзелены на тры ярусы развітымі антаблементамі, расчлянёны вязкамі пілястраў, крапаваны франтонамі. Разнастайныя нішы і вокны аздобленыя складанымі профілямі і лепкай. Бакавыя сцены расчлянёныя спаранымі лапаткамі і неглыбокімі нішамі. Абапал алтара — двухпавярховыя сакрысціі. Да паўночнай сакрысціі прылягае дзвюхсветлавы калідор, які вядзе ў будынак калегіума. Пад касцёлам размешчанаяя крыпта.

Калегіум

Будынак калегіума

Корпус калегіума — двухпавярховы П-падобны ў плане будынак. Яго сіметрычная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя падкрэсленая дзвюма трох'яруснымі вежамі на вуглах дваровага фасада. Сцены рытмічна расчлянёныя пілястрамі, аконныя праёмы маюць фігурныя абрамленні. Планіроўка галерэйная з вялікай залай у цэнтры. Перакрыцці абодвух паверхаў скляпеністыя.

Зноскі

Літаратура

  • «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 160.
  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.