Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля | |
---|---|
55°17′19″ пн. ш. 29°38′03″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Опса |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Віцебская дыяцэзія |
Дэканат | Відзскі |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Заснавальнік | Ядвіга Цеханавецкая |
Дата пабудовы | 1887 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000207 |
Стан | дзейнічае |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля — каталіцкі храм, помнік архітэктуры. Знаходзіцца ў аграгарадку Опса (Браслаўскі раён, Віцебская вобласць), непадалёку ад цэнтральнай плошчы, на ўзвышшы па-над возерам Опса.
Гісторыя
Драўляны храм 1768 года пабудовы згарэў у 1886 годзе. Старажылы расказваюць, што здарылася гэта ў час набажэнства, калі на алтар ахвяравалі кудзелю, якая загарэлася ад полымя свечкі як порах. Разам з будынкам згарэла шмат парафіян. На яго месцы ў 1887 годзе па фундацыі Ядзвігі Цеханавецкай быў узведзены неагатычны касцёл.
Будынак пацярпеў ад пажару 1928 года. У 1949 годзе зачынены. У 1989 ў будынку адкрылася канцэртна-выставачная зала Браслаўскага аддзела культуры. У лістападзе 1989 года будынак вярнулі католікам.
Архітэктура
Помнік неагатычнай архітэктуры. Аднанефавы храм мае адну вежу, якая выступае за плоскасць галоўнага фасада, з шатровым завяршэннем. Галоўны фасад упрыгожаны парталам з вымпергам, невялікім акном-ружай, аркатурай, паяском у выглядзе парэбрыка. Алтарная частка завершана гранёнай апсідай, сіметрычна па баках ад яе размешчаны нізкія сакрысціі. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам, больш нізкая апсіда — вальмавым, сакрысціі — двухсхільнымі дахамі, якія вырашаны накшталт вімпергаў.
У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя цягі, аркатурныя паясы, лапаткі і арачныя нішы. Унутры неф і апсіда перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Арачныя бакавыя аконныя праёмы запоўнены каляровымі сюжэтнымі вітражамі.
Цвітнар абнесены прыгожай агароджай з цэглы і бутавага каменю. Побач з касцёлам знаходзіцца будынак плябаніі, узведзены адначасова з храмам.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 376—377
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 153
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0. – С. 116.
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 271—272
- Шыдлоўскі, К. С. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Опсе / К.С. Шыдлоўскі // Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны : гістарычна-архітэктурны нарыс. – Мн., 1996. – С. 64–66.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Опса)
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Опса) на сайце Catholic.by (бел.)
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Опса) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Опса) на сайце Глобус Беларусі (руск.)