Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Міхаіла | |
---|---|
![]() | |
53°42′31,99″ пн. ш. 25°13′50,23″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Няцеч (Тарноўскі сельсавет) |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Будаўніцтва | 1837 |
Статус |
![]() |
Стан | дзейнічае |
![]() |
Касцёл Святога Міхаіла — каталіцкі храм у вёсцы Няцеч Лідскага раёна. Помнік культавай архітэктуры з утрыраванымі формамі класіцызму[1], занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. Пабудаваны ў XIX стагоддзі з цэглы і дрэва[1]. Дзейнічае.
Гісторыя
Касцёл, першапачаткова асвечаны пад тытулам Пана Езуса, быў заснаваны тут у 1715 годзе. Ваўкавыскі лоўчы Казімір Станіслаў Калушэўскі і яго жонка Марыяна з Невяроўскіх фундавалі ў Нецечы касцёл і 19 жніўня 1715 г. надалі новастворанай рыма-каталіцкай парафіі фундуш: 3 валокі зямлі, 10 прыгонных сялян і карчму. Першым пробашчам парафіі стаў ксёндз Антоні, родны брат фундатара.
Апошні будынак святыні, асвечаны пад тытулам Міхала Арханёла, пабудаваны з дрэва на цагляных пабеленых слупах на старых могілках у 1837 годзе (капітальна перабудаваны, а на ўваходным камяні-прыступку перад дзвярыма ў сакрыстыю адзначаны 1821 год) у стылі класіцызму маршалкам Станіславам Ласковічам, лідскім павятовым старастам. Да 1860-х гг. пры касцёле існавала парафіяльная школа, а таксама шпіталь, які фундавалі Францішка Буржымоўская, кс. Носевіч і кс. Сіпайла. Да гэтага ж часу існавала і капліца на могілках.
Перад ІІ Сусветнай вайной парафія налічвала амаль 4000 вернікаў. У 1943 фашысты расстралялі мясцовага пробашча кс. Аляксандра Аўгусціновіча разам з іншымі васьмю каталіцкімі святарамі з ваколіц Ліды. Пасля вайны касцёл быў зачынены. Вернуты парафіянам у 1989 годзе. У 1990 святыню, ужо аб’яўленую помнікам архітэктуры, рэстаўрыравалі.
Да парафіі па-ранейшаму належыць капліца ў в. Бахматы. Цікава мясцовая традыцыя будаўніцтва прыдарожных каплічак на ўчастках перад хатамі ў выглядзе драўляных слупкоў з завяршэннямі «домікамі» з укрыжаваннем ці фігуркай Маці Божай.
Архітэктура
![](../I/%D0%9A%D0%B0%D1%81%D1%8C%D1%86%D1%91%D0%BB_%D0%A1%D1%8C%D0%B2._%D0%9C%D1%96%D1%85%D0%B0%D1%96%D0%BB%D0%B0_%D0%9D%D1%8F%D1%86%D0%B5%D1%87_2.jpg.webp)
Касцёл пабудаваны ў цэнтры вёскі, арыентаваны алтаром на ўсход.
Прамавугольны ў плане накрыты двухсхільным дахам аб’ём з трохграннай алтарнай часткай. На фасадах будынка вылучаны канструкцыйны каркас у выглядзе цагляных слупоў. Драўляныя прасценкі ашаляваны і прарэзаны аконнымі праёмамі. Галоўны фасад вылучаны 4 калонамі і завершаны трохвугольным шчытом з вежачкай-званіцай над ім. Унутраная прастора 4 гранёнымі слупамі падзелена на 3 нефы, цэнтральны з якіх (а таксама і паніжаны прэсбітэрый) перакрыта цыліндрычным падшыўным дашчатым скляпеннем, бакавыя — плоскай падшыўной столлю. Унутраныя перагародкі вылучаюць у алтарнай частцы дзве сіметрычныя бакавыя сакрысціі. Алтарнай перагародкай аддзелены аб’ёмы апсіды. Над уваходам — хоры на 2 калонах[1].
![](../I/%D0%9A%D0%B0%D1%81%D1%8C%D1%86%D1%91%D0%BB_%D0%A1%D1%8C%D0%B2._%D0%9C%D1%96%D1%85%D0%B0%D1%96%D0%BB%D0%B0_%D0%9D%D1%8F%D1%86%D0%B5%D1%87_%D1%96%D0%BD%D1%82%D1%8D%D1%80.jpg.webp)
У інтэр’еры 3 алтары. Галоўны алтар уяўляе сабою барокавы табернакль у атачэнні фігур святых Антонія і Юзафа, над ім змешчаны абраз Святой Сям’і. Бакавыя алтары трактаваны як дзвюхкалонныя мураваныя дарычныя порцікі, левы — Маці Божай Вастрабрамскай, правы — Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Над уваходам зроблены хоры на двух слупах.
Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе 4 цагляных атынкаваных слупкоў. Злева ад касцёла, у куце ўчастка, стаяла двух’ярусная драўляная званіца, якую ў першай трэці ХХ ст. змяніла цагляная і атынкаваная, трох’ярусная, накрытая чатырохсхільным дахам з глаўкай. Перад касцёлам у 1990 г. айцы рэдэмптарысты ўсталявалі высокі драўляны вулічны крыж.
Зноскі
Спасылкі
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Няцеч) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Няцеч) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- slowo.grodnensis.by\