Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла | |
---|---|
55°08′39″ пн. ш. 27°11′44″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Пасёлак гарадскога тыпу | Варапаева |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія |
Віцебская дыяцэзія Пастаўскі дэканат |
Благачынне | Пастаўскі дэканат |
Будаўніцтва | 1991—1996 гады |
Стан | дзейнічае |
|
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — мураваны каталіцкі храм у г.п. Варапаева Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на вул. Завадская, 51а.
Гісторыя
Першы драўляны касцёл быў перавезены сюды з Дунілавічаў на пачатку 1930-х гадоў. У 1933 г. дэкрэтам арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага адбыўся падзел дунілавіцкай парафіі і ўтварылася парафія ў Варапаеве, дзе першым пробашчам стаў кс. Антоній Скурко, які і быў душпастырам парафіі да 1948 г. У 1948 г. улады арыштавалі кс. Віктара Завадскага, а касцёл перарабілі пад склад збожжа.
У 1990 г. сюды пачалі прыязджаць ксяндзы з навакольных парафіяў, адным з іх быў кс. пралат Юзаф Булька, які пачаў збіраць будаўнічыя матэрыялы і ўладкоўваць справы па распачацці будаўніцтва касцёла.
Касцёл у Варапаеве пачалі будаваць на пачатку 1991 г. намаганнямі кс. пралата Юзафа Булькі, новапрызначанага пробашча Казіміра Акушкі. 27 ліпеня 1991 г. кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў новы касцёл, які быў яшчэ ў недапрацаваным стане. У 1996 г. пробашчам святыні стаў кс. пралат Юзаф Булька, які і завяршыў будаўніцтва.
У 2000 г. пробашчам стаў кс. Павел Кубік, які пачаў будаўніцтва плябаніі. Пасля пробашчам быў прызначаны кс. Ежы Ноцунь, пры якім распачалося будаўніцтва парафіяльнага дома.
На тэрыторыі парафіі знаходзяцца капліцы: у Балаях — у калгасным доме, пераробленым пад капліцу, у Казлоўшчыне — капліца св. Пятра (старая, мураваная з каменя могілкавая капліца) і ў Навадруцку — капліца св. Юзафа Рамесніка, якая з’яўляецца ўласнасцю парафіі. У Гуту святар прыязджае раз на два тыдні, вернікі моляцца ў жылым доме.
Архітэктура
Твор архітэктуры постнеагатычнага стылю. Вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад пакатым двухсхільным дахам. Па цэнтры фасада далучана двух’ярусная чатырохгранная шатровая вежа-званіца, трохвугольны франтон крапаваны стральчатай аркатурай. Фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з трохвугольнымі сандрыкамі. Уваход накрыты двухсхільным казырком на кранштэйнах[1].
Зноскі
Літаратура
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.