Каталіцкі храм
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
53°48′02,70″ пн. ш. 25°09′47,78″ у. д.
Краіна  Беларусь
Вёска Белагруда
Канфесія каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Благачынне Лідскі дэканат 
Архітэктурны стыль неараманскі стыль
Будаўніцтва 19001905 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000039
Стан Дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — каталіцкі храм у вёсцы Белагруда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы вёскі, на высокім беразе р. Дзітва. Пабудаваны ў 1900—05 г. з цэглы на месцы драўлянага храма. Дзейнічае.

Гісторыя

Касцёл пад тытулам св. Міхала Арханёла быў заснаваны тут у 1609 годзе па фундацыі віцебскага ваяводы Яна Завішы пасля яго навяртання з кальвінізму. Драўляную святыню пабудавалі на маляўнічым пагорку на левым беразе ракі Дзітвы. З часам вакол касцёла ўтварыліся могілкі.

Драўляная вежа-званіца на могілках

Апошні драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1703 годзе у стылі барока на сродкі шляхціча Шэмета, дзедзіца Дзітвы. Уваход на касцёльны ўчастак, абнесены бутавай агароджай, пазначала трохпралётная каменная брама, над якой узвышалася драўляная двух’ярусная чацверыковая вежа-званіца.

Бакавы фасад касцёла

Драўляныя храмы змянялі адзін аднаго да 1902 года, калі вернікі вырашылі пабудаваць на свае сродкі каменны касцёл. Будаўніцтва пачалося ў наступным 1903 годзе і скончылася ў 1907. У 1908 годзе касцёл быў асвечаны пад гістарычным тытулам св. Міхала Арханёла.

З канца XIX ст. да белагрудскай парафіі далучалася могілкавая капліца тут жа ў Белагрудзе. У ёй у 1933 годзе быў знойдзены цікавы клад касцёльных медальёнаў-памятак, які цяпер захоўваецца капуцынамі ў Ліпнішках. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, якой да 1832 года апекаваліся лідскія піяры. У часы польскай улады да парафіі далучыліся капліцы ў Кургане і Мохавічах. У тыя гады колькасць парафіян перавышала 3600 асоб.

Раней да парафіі належалі капліцы ў Вялікім Ольжаве, Дайнове, Данеўшчыне, Дзітве Шэметаўскай, Мядзеўшчыне.

Дзейнічаў у парафіі і шпіталь, фундаваны князёўнай Радзівіл, падкаморыяй літоўскай.

Касцёл св. Міхала дзейнічаў увесь час, нават калі тагачасны пробашч кс. Стэфан Гародка быў арыштаваны і зняволены, парафіяне прыходзілі ў свой касцёл, маліліся, спявалі. З пачатку 1960-х пробашчам тут быў а. Казімір Шаняўскі. У 1970-я касцёл у Белагрудзе быў залічаны да помнікаў архітэктуры.

Архітэктура

Касцёл з боку апсіды

Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Манументальны храм збудаваны з жоўтай вонкавай цэглы паводле канона трохнефавай дзвюхвежавай базілікі, з трансептам і пяціграннай апсідай, да якой прымыкае складаная сістэма аб’ёмаў сакрыстый. Галоўны фасад пад трохвугольным франтонам фланкаваны чатырох’яруснымі тэлескапічнымі вежамі-званіцамі, увенчанымі гранёнымі спічакамі з люкарнамі. Шматаб'ёмная прасторавая кампазіцыя мае дынамічнае нарастанне ад нізкіх сакрысцій, гранёнай апсіды, крылаў трансепта да яе вертыкальных дамінантаў — дзвюх вежаў з шатровымі завяршэннямі. Крылы трансепта і апсіда паніжаны да ўзроўню бакавых нефаў, усе аб’ёмы накрыты двухcхільнымі (над апсідай і сакрыстыямі з вальмамі) бляшанымі дахамі. Уваход на галоўным фасадзе вылучаны высокім парталам, акном-ружай, галерэяй. Над алтарным франтонам узведзена стромкая сігнатурка.

Цаглянай муроўкай выкананы элементы архітэктурнага дэкору: лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы адзіночных і здвоеных арачных аконных праёмаў, профілі і раскрапоўкі.

Інтэр'ер

Інтэр'ер

Унутраная прастора перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі з падпружнымі аркамі і люнетамі, упрыгожанымі фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. Інтэр’ер, падзелены трыма парамі калон на тры навы і перакрыты сістэмай крыжастых скляпенняў на падпружных арках, упрыгожваюць пяць алтароў.

У завяршэнні нефа — манументальны шматкалонны галоўны двухярусны алтар, вырашаны накшталт курданёра ў неараманскім стылі. Першы ярус трыфорыумны. У яго цэнтры знаходзіцца абраз Маці Божай Міласэрнасці (вядомы з канца XVIII ст., памеры 130 х 86 см, лічыцца цудадзейным), упрыгожаны шматлікімі вотамі. Гэта копія выявы Багародзіцы канца XV ст. з Вастрабрамскай капліцы ў касцёле Св. Тэрэзы ў Вільні. У нішах размешчаны фігуры св. Мікалая (злева) і св. Казіміра (справа). Над першым ярусам усталяваны чатыры фігуры анёлаў і чатырохкалонны партал вакол надалтарнага акна-люкарны.

Іншыя алтары па сваёй архітэктурнай стылістыцы падобныя на галоўны. Левы бакавы алтар прысвечаны Божай міласэрнасці, правы – св. Міхалу Арханёлу (абраз мае рысы мадэрну). У капліцах, зробленых у крылах трансепта, змешчаны яшчэ два алтары: злева – св. Юзафа, справа – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Унутраная прастора касцёла (асабліва скляпенні) размалявана раслінным арнаментам у стылі мадэрн.

Над уваходам на дзве калоны абапіраюцца арганныя хоры, якія асвятляе акно-ружа на галоўным фасадзе.

Званіца

За касцёлам, сярод могілак, захавалася драўляная двух’ярусная брама-званіца ад комплексу папярэдняга драўлянага храма. Яна ўяўляе сабой двух’яруснае (меншы чацвярык на большым) збудаванне пад чатырохсхільным чарапічным дахам.

Галерэя

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.