Касцёл
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі
55°24′59″ пн. ш. 27°43′54″ у. д.
Краіна  Беларусь
Вёска Германавічы
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Віцебская дыяцэзія
Архітэктурны стыль віленскае барока
Заснавальнік Ігнацій Зрыня-Шырын
Дата пабудовы 1787 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000833
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, або Касцёл Перамянення Гасподняга — каталіцкі храм, помнік архітэктуры віленскага барока. Пабудаваны ў 1787 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка Ігнація Зрыні-Шырына. Размешчаны насупраць сядзібна-паркавага ансамбля на беразе р. Дзісна ў вёсцы Германавічы.

Гісторыя

Мураваны касцёл у Германавічах у стылі віленскага барока быў збудаваны ў 17701787 гадах. З 1810 года касцёл стаў парафіяльным, у другой палове XIX стагоддзя парафія налічвала больш 3 тысяч вернікаў. У XIX стагоддзі расійскія ўлады знішчылі або перарабілі ў праваслаўныя цэрквы ўсе іншыя германавіцкія каталіцкія храмы і капліцы, пасля чаго храм Перамянення заставаўся адзіным каталіцкім храмам мястэчка.

У 1948 годзе храм зачынены, будынак прыстасаваны пад гаспадарчыя патрэбы. У 1988 годзе касцёл быў вернуты вернікам, 31 кастрычніка 1988 года ён быў паўторна асвячоны.

Архітэктура

Помнік архітэктуры «віленскага барока». Храм падоўжанай сіметрычна-восевай ярусна нарастаючай кампазіцыі, якую фарміруюць прамавугольны ў плане неф i акруглая апсіда з нізкімі бакавымі сакрысціямі. Франтальны фасад вырашаны пластычнай архітэктурнай кулісай вертыкальна накіраванай кампазіцыяй. Ажурнасць i скульптурнасць 5-ярусных чацверыковых вежаў дасягаецца выкарыстаннем скразных лучковых i арачных праёмаў, круглых люкарнаў, вуглавых лапатак, увагнутымі гранямі верхніх ярусаў. Паміж вежамі размешчаны высокі фігурны шчыт з пілястравым порцікам. Пластычна насычаны галоўны фасад кантрастна спалучаецца з плоскаснымі сценамі асноўнага аб'ёму храма. У архітэктурным дэкоры выкарыстаны лучковыя сандрыкі, рустыка, фігурныя філёнгі, тонкапрафіляваныя карнізы. Уваход аформлены порцікам.

Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ззаду
Алтар касцёла

Унутры неф храма перакрыты цыліндрычным скляпеннем на папружных арках з люнетамі высока ўзнятых лучковых аконных праёмаў, пераходзіць у прастору 5-граннай алтарнай часткі. Па перыметры залы праходзіць прафіляваны антаблемент, дэкарыраваны ляпнымі выявамі галовак пуцці, раслінным арнаментам. Сцены расчлянёны канеліраванымі пілястрамі. Над вузкім нартэксам на 2 слупах, аркадзе i крыжовых скляпеннях узнесены выгнутыя дугой хоры, дэкарыраваныя канеліраванымі пілястрамі паміж якімі ракайльнае пано з ляпнымі выявамі музычных інструментаў. Убранне інтэр'ера дапаўняе арнаментальна-раслінная размалёўка верхняй часткі сцен i папружных арак.

Літаратура

  • Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. Л. М. Лабачэўская; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004 — С. 445—446.
  • Касцёл Перамянення Гасподняга // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. — Мн., 2008. — С. 91-92.
  • Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 253.
  • Германовичский костёл // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. Т. 4 / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1981. — Т. 4. — 712 с. 50 000 экз. (руск.)

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.