Славутасць | |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы | |
---|---|
![]() | |
52°52′01″ пн. ш. 24°53′29″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Горад | Ружаны |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Пінская дыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | Ордэн дамініканцаў |
Тып будынка | касцёл |
Архітэктурны стыль | позні рэнесанс |
Заснавальнік | Леў Сапега |
Будаўніцтва | 1615—1617 гады |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Стан | дзейны |
![]() |
|
![]() |
Касцё́л Найсвяце́йшай Тро́йцы — каталіцкі храм у Ружанах Пінскай дыяцэзіі[1], збудаваны на пачатку XVII стагоддзя па фундацыі Льва Сапегі.
Гісторыя
![](../I/Ru%C5%BEany%252C_Daminikanski._%D0%A0%D1%83%D0%B6%D0%B0%D0%BD%D1%8B%252C_%D0%94%D0%B0%D0%BC%D1%96%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_(J._Becker%252C_1762-88).jpg.webp)
У канцы XVI ст. быў заснаваны касцёл Святой Троіцы, мяркуецца, што ён уваходзіў у кляштарны комплекс кармелітаў. У 1615—1617 гадах перабудаваны ў камені, пасля неаднаразова быў рэканструяваны і рамантаваны. У 1768 і 1787 гадах да храма былі дабудаваныя дзве капліцы: Св. Крыжа і Св. Барбары. У 1780-я храм быў перабудаваны паводле праекта запрошанага з Саксоніі архітэктара Яна Самуэля Бекера, набыўшы рысы «барочнага класіцызму». У 1850 і 1891 адбываліся рамонты. За савецкім часам набажэнствы ў касцёле не перапыняліся.
Архітэктура
Аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе. Ніжні ярус вежы — васьмярык на чацверыку, астатнія васьмігранныя, танчэйшыя да верху, пакрытыя стромкім шатром. Ярусы аддзелены прафіляванымі карнізамі, дэкараваныя плоскімі нішамі і скразнымі арачнымі праёмамі.
Масіўныя сцены нефа знадворку ўмацаваныя контрфорсамі, па яго баках знаходзяцца капліцы. Неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, капліцы і сакрысціі — крыжовымі скляпеннямі, апсіда — конхавым з падпружнай аркай. Скляпенне прэсбітэрыя ўмацаванае падпружнымі аркамі.
Інтэр’ер
![](../I/08_%D0%A0%D1%83%D0%B6%D0%B0%D0%BD%D1%8B_2_(19).JPG.webp)
Над уваходам у інтэр’еры размешчаныя хоры. У апсідзе галоўны алтар, у вырашэнні якога яскрава выяўленае прысвячэнне Святой Тройцы. Алтарная карціна, аформленая чатырохкалонным архітэктурным порцікам са штучнага мармуру, прадстаўляе Укрыжаванне Хрыста, над ёю — Усёбачнае вока Бога-Айца, у консе апсіды — фрэскавая выява Святога Духа ў выглядзе голуба. Раскрапаваны лучковы франтон упрыгожваюць скульптуры анёлаў і герб Сапегаў. Абапал калонаў — драўляныя паліхромныя выявы апосталаў Пятра і Паўла.
Інтэр’ер храма багата ўпрыгожаны архітэктурнай пластыкай, скульптурай і жывапісам. Скляпенні ўпрыгожаныя сюжэтнымі і дэкаратыўнымі кампазіцыямі на евангельскія тэмы. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка, прывезеная з колішняга касцёла ў Юдзінавічах. Акрамя звіваў, валют і кветак, яе кампазіцыя змяшчае таксама манаграмы фундатара касцёла Льва Сапегі.
Зноскі
- ↑ Ружаны — парафія Найсвяцейшай Тройцы . Беларусь. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі. Праверана 15 красавіка 2012.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X. С. 93-95.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 5. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).[удакладніць]
- Zbigniew Hauser. Nowy ilustrowany przewodnik po zabytkach kultury na Białorusi. — Warszawa, 2005. — ISBN 83-87654-25-6.
- Michał Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brześć nad Bugiem (reprint: Lublin): reprint: Fundacja Pomocy Szkołom Polskim na Wschodzie im. Tadeusza Goniewicza, 1935 (reprint: 2008).
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Ружаны)
- Траецкі касцёл (руск.) на «Глобусе Беларусі»