Каталіцкі храм | |
Троіцкі касцёл | |
---|---|
![]() | |
54°09′18″ пн. ш. 27°14′26″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Дэканат | Маладзечанскі дэканат |
Будаўніцтва | 1855—1859 гады |
Стан | дзейнічае |
![]() |
|
![]() |
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у гарадскім пасёлку Радашковічы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці, помнік архітэктуры позняга класіцызму.
Гісторыя


У сярэдзіне ХІХ ст. згарэў у пажары драўляны барочны касцёл, і ў 1855 г. на сродкі парафіянаў, ахвяраванні памешчыкаў Валадковічаў і руплівасцю пробашча і дэкана кс. Пятра Жылінскага ў Радашковічах быў закладзены каменны касцел у стылі позняга класіцызму. У 1859 г. будаўніцтва завяршылася, і 3 верасня 1860 г. касцёл кансэкравалі пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы[1].
У сярэдзіне XIX ст. на старажытных радашковіцкіх могілках, на месцы драўлянай, была ўзведзеная каменная капліца пад тытулам Св. Яна Непамука. Акрамя яе, у канцы XIX ст. парафію касцёла Найсвяцейшай Тройцы абслугоўвалі філія ў в. Будзькі (цяпер Вілейскі раён), а таксама капліца ў в. Крамянец (цяпер Лагойскі раён). Да 1864 г. да радашковіцкай парафіі прыпісваўся таксама філіяльны касцёл у в. Батурына (цяпер Вілейскі раён) з капліцамі ў Лукаўцы і Карповічах. Колькасць парафіянаў перавышала 2600 чалавек[1].
Пасля Другой сусветнай вайны касцёл у 1946 г. закрылі і прыстасавалі пад цэх завода «Беларуская кераміка». З цягам часу будынак дайшоў да аварыйнага стану, аднак пры гэтым быў аб’яўлены помнікам архітэктуры. Капліца ж і ўвогуле ператварылася ў руіны[1].
У 1990 г. будынак касцёла вярнулі католікам. Святыня была адрэстаўраваная, у галоўным алтары зноў быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы, левы бочны алтар асвечаны ў гонар Маці Божай Чанстахоўскай, правы — у гонар Боскай Міласэрнасці[1].
Архітэктура
Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і дзвюма сакрысціямі абапал яе. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Галоўны фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках[1].
Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на галоўным фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам[1].
Інтэр’ер
Унутраная прастора члянёна 2 радамі квадратных у сячэнні слупоў на 3 нефы, перакрытыя скляпеннямі (конхавым у цэнтральным і крыжовымі ў бакавых нефах). Сцены крапаваны пілястрамі, буйнымі карнізамі. Скляпенні на падпружных арках. У нартэксе галерэя хораў. Часткова захавалася керамічная арнаментаваная падлога ў апсіднай частцы. Перад касцёлам размешчана трох’арачная брама з лучковым франтонам і паўкалонамі на фасадзе[1].
Цікавыя звесткі
У гэтым касцёле хрысцілі Янку Купалу.
Зноскі
Літаратура
- Радашковіцкі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 207. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Радашковічы)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Радашковічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Радашковічы) на сайце Radzima.org