Пётра Сергіевіч
Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года. 1936
Матэрыял палатно і алейныя фарбы
Тэхніка алейны жывапіс
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Гродна

«Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» — карціна Пётры Сергіевіча, напісаная ў 1936 годзе.

Апісанне

Карціна паказвае сустрэчу Кастуся Каліноўскага, аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў, з паўстанцамі. Сустрэча праходзіць на лясным узлеску. Кастусь Каліноўскі стаіць у цэнтры, ля вогнішча, яго атачаюць верныя паплечнікі. Вакол Каліноўскага стаяць прадстаўнікі беларускай шляхты, былыя вайскоўцы, але бальшыня тых, хто сабраўся на сустрэчу — сяляне і касінеры, узброеныя сякерамі і вертыкальна насаджанымі на шасты косамі.

Гісторыя

Пётра Сергіевіч, чые светапогляды фарміраваліся пад уплывам нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, у 1930-х гадах стварае партрэт Кастуся Каліноўскага, робіць некалькі эскізаў, а ў 1936 годзе — першы варыянт тэматычнай карціны «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў».

Слонімская мастачка Алена Бялецкая ў часы нямецкай акупацыі ў 1943 годзе да 80-годдзя з пачатку паўстання напісала на заказ дырэктара Слонімскага музея І. Стаброўскага партрэт К. Каліноўскага і зрабіла копію з карціны Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў». Гэтая карціна заняла пачэснае месца ў адной з залаў музея, але хутка абудзіла ў немцаў непрыемныя асацыяцыі і яны загадалі знішчыць яе, а мастачка была пасаджана ў турму. Партрэт Каліноўскага і іншыя карціны захаваў І. Стаброўскі, яны і па сённяшні дзень знаходзяцца ў музеі Слоніма.

У 1948 годзе Пётра Сергіевіч стварае другі варыянт жывапіснай карціны «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года», у 1965 — трэці, які знаходзіцца ў Мастацкім музеі Літвы[1].

Па сённяшні дзень карціна Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» ёсць адной з самых яркіх мастацкіх работ, якая вобразна раскрыла веліч Кастуся Каліноўскага і гістарычную значнасць паўстання 1863 года.

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.