Касмічная медыцына — галіна медыцыны, мэтай якой з'яўляецца бяспека і стварэнне аптымальных умоў жыццядзейнасці чалавека на ўсіх стадыях касмічнага палёту. Вывучае ўздзеянне фактараў касмічнага палёту (касмічнае выпраменьванне, бязважкасць, паскарэнне, вібрацыя, ізаляцыя ў замкнутай прасторы інш.) на арганізм чалавека, распрацоўвае меры па змяншэнні іх шкодных уплываў, прафілактыцы і лячэнні захворванняў, метады адбору, падрыхтоўкі касманаўтаў і адаптацыі іх да зямных умоў пасля палёту. Выкарыстоўвае дасягненні фізіялогіі, псіхафізіялогіі, радыебіялогіі, гігіены, генетыкі і інш.
Гісторыя
Касмічная медыцына зарадзілася ў 1950-я гады на базе авіяцыйнай медыцыны і фізіялагічных даследаванняў у касмічнай біялогіі. Развіццё касмічнай медыцыны звязана з дасягненнямі ў асваенні касмічнай прасторы: першым палётам чалавека ў космас (1961), выхадам чалавека ў адкрыты космас (1965), высадкай на паверхню Месяца (1969). У СССР працу па касмічнай медыцыне ўзначальвала Камісія па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы АН СССР і Міністэртва аховы здароўя СССР.
Міжнародныя арганізацыі ў галіне касмічнай медыцыны:
- Камітэт па даследаванні касмічнай прасторы (COSPAR),
- Акадэмія авіяцыйнай і касмічнай медыцыны,
- Камітэт біяастранаўтыкі Міжнароднай астранаўтычнай федэрацыі.
Даследаванні па касмічнай медыцыне праводзяць Расія, ЗША, Германія, Францыя і інш.
На Беларусі даследаванні ўплыву гіпергравітацыі на механізмы кампенсацыйных рэакцый вестыбулярнага апарату і біяхімічныя зрухі ад малых доз радыяцыі праводзіліся ў Інстытутце фізіялогіі НАН Беларусі.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).