Карыятавічы — сыны новагародскага князя Карыята, князі ў Падольскай зямлі. Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, братоў Карыятавічаў Юрыя, Аляксандра і Канстанціна вялікі князь Альгерд у 1362 годзе ўзяў у паход супраць татараў. У выніку бітвы каля Сініх Вод да Вялікага Княства Літоўскага была далучана Падольская зямля, дзе Карыятавічы былі пасаджаны намеснікамі, «пачалі бараніць Падольскую зямлю ад татараў» і збудавалі гарады Сматрыч, Бакота, Камянец-Падольскі. З іншых крыніц вядомы яшчэ некалькі Карыятавічаў. Відаць, першыя ўладанні на Падоллі Карыятавічы атрымалі ад князя Любарта, які вёў барацьбу за Падолле з польскім каралём Казімірам III пасля смерці апошняга падольскага князя Баляслава (Юрыя) Трайдзенавіча.
Літаратура
- Пазднякоў В. Карыятавічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.