Карчма | |
Карчма ў мястэчку Мікалаеўшчына | |
---|---|
| |
Краіна | |
Вёска | Мікалаеўшчына |
Тып будынка | карчма |
Архітэктурны стыль | беларускае народнае дойлідства |
Першае згадванне | 1596 г. |
Дата пабудовы | 1881 год |
Мікала́еўская карчма́ — колішняя карчма ў Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, у якой у 1908—1910 гадах жыла сям’я беларускага паэта Якуба Коласа.
Карчма ў Мікалаеўшчыне ўпамінаецца яшчэ ў 1596 годзе, але яна неаднаразова знішчалася. Апошні будынак карчмы быў пабудаваны ў 1881 годзе на беразе Нёмана, пры дарозе на Новы Свержань. Акрамя будынку шынка, у яе склад уваходзілі вазоўня, прыбудаваная да карчмы і абора. Поўнае апісанне пабудоў знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Беларусі.
Пасля пераезду са Стаўбцоўскай лясной каморы ў Цёмных Лядах Міцкевічы выкупілі будынак колішняй карчмы ў Мікалаеўшчыне. Некаторы час у ім жыў і сам Кастусь, але вясной 1908 года ён з'ехаў у Мінск для адбывання пакарання за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе.
У 1910 годзе ў Мікалаеўшчыне адбыўся пажар, падчас якога згарэла карчма. Аднаўляць яе не сталі і Міцкевічы пераехалі з вёскі ў Смольню.
Крайнім будынкам ад Нёмана супраць броду была старая карчма на высозным падмурку. Калісь гэта быў вір сялянскага жыцця, і не адна мікуціцкая[1] душа захлынулася ў ім. З таго часу, як увялі манапольку, карчма заняпала, а потым згарэла. Але па старой прывычцы збіраўся тут народ, як на старадаўняе веча, дзе вырашаліся сялянскія справы і разважалі аб розных пытаннях мікуціцкага побыту. Якуб Колас «На ростанях» (1921—1955)[2] |
У адрозненне ад іншых сядзіб Коласа, такіх як Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня, карчма ў Мікалаеўшчыне не была адноўлена, хаця такія варыянты разглядаліся[3].
Зноскі
- ↑ Мікуцічамі ў творы называецца Мікалаеўшчына.
- ↑ Якуб Колас — На ростанях (руск.)
- ↑ На Радзіме Якуба Коласа не маюць грошай, каб годна адзначыць 120-годдзе паэта