Тытул | Уладар Карн Дума, кароль Ангмара, правадыр назгулаў |
---|---|
Раса | Чалавек, пасля — назгул |
Пол | Мужчынскі |
Месца пражывання | Мінас Моргул, раней Ангмар |
Гады жыцця | да 2251 Д.Э. — 3019 Т.Э. (больш за 4209 гадоў) |
Зброя | Меч, моргульскі клінок, булава |
Кароль-чарадзей Ангмара (англ.: Witch-king of Angmar) — у легендарыуме Дж. Р. Р. Толкіна правадыр назгулаў. Вядомы таксама як Чорны Правадыр ці Уладар Жаху.
Біяграфія
Першапачаткова быў каралём людзей. У рукапісных нататках для перакладчыкаў Толкін адзначаў, што імя Караля-чарадзея і яго мінулае нідзе не апісваюцца, але, магчыма, ён быў адным з нуменарскіх выгнаннікаў (у «Акалабет» ёсць указанне, што некаторыя назгулы раней былі нуменарцамі). Але некаторы час назад у яго нататках былі знойдзены некаторыя запіскі пра Ангмарца[1]. Ён атрымаў ад Саўрана старэйшае з Дзевяці Пярсцёнкаў, прызначаных для людзей.
У Трэцюю Эпоху быў каралём паўночнага каралеўства Ангмар і вёў войны з паўночнымі дунэдайн. Падчас яго кіравання палі і былі зруйнаваны каралеўствы Рудаўр і Кардалан. Ацалела толькі каралеўства Артэдайн са сталіцай у Форнасце. Узімку 1974 Т. Э. Форнаст быў узяты. Апошні кароль Паўночнага каралеўства Арведуі, прыкрыўшы адыход бежанцаў, паспеў бегчы да лосатаў, але загінуў на эльфійскім караблі, зацёртым і раздушаным ільдамі. У тым жа годзе падышлі саюзнікі Артэдайна: гондарскі флот пад камандаваннем Эарнура, і эльфы Ліндана і Рывендэла, якіх вялі Кірдан Карабел і Гларфіндэл. У бітве пры Форнасце войскі Ангмара былі разбіты. Але з’яўленне на поле бою самога Караля-чарадзея ледзь не пераламала ход бітвы. Ангмарац зрабіў спробу напасці на Эарнура, але яго спыніла з’яўленне Гларфіндэла. У адказ на спробу Эарнура пусціцца ў пагоню за Ангмарцам Гларфіндэл прамовіў прароцтва пра Караля-чарадзея:
Ён больш не вернецца сюды. Яму яшчэ не суджана загінуць. Ды і падзе ён не ад рукі смяротнага мужа.
Каралеўства Ангмар пала, а Кароль-чарадзей схаваўся ў Мордары. У 2002 годзе Т. Э. назгулы на чале з Ангмарцам захапілі Мінас Ітыль. А праз 7 гадоў пасля ўзыходжання прынца Эарнура на трон Кароль-чарадзей выклікаў яго на паядынак, пасля якога Эарнур згінуў. На ім згас каралеўскі род Гондара і пачалося кіраванне Намеснікаў.
Падчас Вайны Пярсцёнка Кароль-чарадзей удзельнічаў у паляванні за Пярсцёнкам і параніў Захавальніка Фрода на гары Аман Сул. У бітве на Пеленорскіх палях Кароль-чарадзей знішчыў закляццем вароты Мінас Тырыта. Таксама ён нанёс смяротны ўдар каралю Рохана Тэадэну.
Быў забіты пляменніцай Тэадэна Эовін і збраяносцам караля Рохана Мэрыядакам Брэндзібакам у бітве на Пеленорскіх палях. Па іроніі лёсу фатальны ўдар быў нанесены зачараваным арнарскім клінком, адзінай зброяй, здольнай паразіць Караля-чарадзея Ангмара, і дабіты Эовін (тым самым спраўдзілася прароцтва Гларфіндэла пра тое, што той загіне не ад рукі смяротнага мужа).
Выкарыстанне выявы
Літаратура
- Кароль-чарадзей фігуруе ў рамане Кірыла Яськова «Апошні пярсцёнканосец». Той, каго дзякуючы «Уладару Пярсцёнкаў» лічаць Каралём-чарадзеем — усяго толькі камандуючы паўднёвай арміяй Мордара, які не валодае ніякімі звышнатуральнымі здольнасцямі. Пад яго камандаваннем армія Мордара, за некалькі гадзін узяўшы Асгіліят і Пеленорскія ўмацаванні, бярэ ў аблогу Мінас Тырыт. У Пеленорскай бітве, пасля дзіўных рапартаў пра гондарскае падмацаванне, салдат якога нельга забіць, камандуючы выехаў на перадавую і ўбачыў армію мёртвых, якую вёў Арагорн. Бачачы, што яго салдаты цяпер пусцяцца наўцёкі, кінуўся на Арагорна, аднак той зрабіў выгляд, што прымае сумленны паядынак, а насамрэч падставіў камандуючага пад удар жывых мерцвякоў. (Яго гібель ад рук Мэрыядака і Эовін — складзеная па загадзе Арагорна легенда.) У эпілогу таксама згадваецца кароль-чарадзей Ангмара, які жыў калісць даўно.
- У рамане Наталлі Някрасавай «Вялікая гульня» (з цыклу «Чорная кніга Арды») выкладаецца варыянт гісторыі паходжання Караля-чарадзея: па аўтарскай задуме, ён першапачаткова быў адным са сваякоў караля Нуменара Тар-Атанаміра і яго намеснікам у Міжзем’і. Прынц Эльдарыян, вядомы таксама, як Хэлкар, паводле меркавання Някрасавай, стаў ахвярай шпіёнскай гульні Саўрана-Анатара, які пасля паланіў яго, але не проста зламаў таго катаваннямі і жахам, а здолеў пераканаць былога нуменарскага прынца крыві ўстаць на бок Цемры, пераканаўшы таго ў здрадзе з боку царскага сваяка і прапанаваўшы свайму новаму адэпту сваю дапамогу ў справе помсты.
Музыка
- Каралю-чарадзею прысвечаны тры песні Наталлі Васільевай, вядомай таксама як Элхэ Ніэнах, аўтара кнігі «Чорная кніга Арды»: «Ангмарац», «Хэлкар-I» і «Хэлкар-II».
Камп’ютарныя гульні
Гульнябельны персанаж у гульнях «Уладар Пярсцёнкаў: Бітва за Міжзем’е», «Уладар Пярсцёнкаў: Бітва за Міжзем’е 2» і дадатку да яе «Пад сцягам Караля-чарадзея». «Уладар Пярсцёнкаў: Супрацьстаянне», дзе таксама з’яўляецца як бос у місіі «Пеленорскія палі». Бос у гульні «Уладар Пярсцёнкаў: Вяртанне Караля» у місіі «Пеленорскія палі».
У гульні «Lego Уладар Пярсцёнкаў» з’яўляецца звычайным гульнявым персанажам.
Гл. таксама
Зноскі
Літаратура
- Hammond, W. G., Scull, C. The Lord of the Rings: A Reader's Companion. — London: HarperCollins, 2005. — 894 p. — ISBN 0-00-720907-X.
- Толкин Дж. Р. Р. Властелин Колец. Книга I. Содружество Кольца = The Lord of the Rings. The Fellowship of the Ring / Пер. с англ. М. Каменкович, В. Каррика. — СПб: Азбука, 1999. — 704 с. — 7000 экз. — ISBN 5-7684-0747-2.
- Толкин Дж. Р. Р. Властелин Колец. Книга III. Возвращение Короля = The Lord of the Rings. The Return of the King / Пер. с англ. М. Каменкович, В. Каррика. — СПб: Азбука, 1999. — 734 с. — 7000 экз. — ISBN 5-7684-0749-9.
- Tolkien. J. R. R. Unfinished Tales of Númenor and Middle-earth / Ed. C. Tolkien. — Boston: Houghton Mifflin, 1980. — 472 p. — ISBN 0-395-29917-9.