Шарава́я мала́нка (ням.: Kugelblitz) — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад у Другой сусветнай вайне супраць партызан і насельніцтва Суражскай партызанскай зоны на тэрыторыі Гарадоцкага, Віцебскага і Суражскага раёнаў 14 лютага — 19 сакавіка 1943 года.

Сілы карнікаў

Аперацыя праводзілася сіламі 201-й ахоўнай дывізіі, 2-га матарызаванага палка, 3-й танкавай арміі, 3-х мясцовых паліцэйскіх фарміраванняў, 825-га «ост-мусульманскага» батальёна пры падтрымцы бронецягніка і 10 бронемашын. Кіраваў аперацыяй камандзір 201-й ахоўнай дывізіі генерал-маёр Якабі і камандуючы «ўсходнімі добраахвотніцкімі фарміраваннямі» генерал-маёр Вартэнберг.

Мэты аперацыі

У выніку аперацыі планавалася акружыць і знішчыць партызан у трохвугольніку ГарадокСураж—Мяжа, захапіць працаздольнае насельніцтва, забяспечыць бяспеку руху па чыгунцы на ўчастку Віцебск—Гарадок—Невель, перашкодзіць ўзаемадзеянню партызан і Чырвонай Арміі.

Ход аперацыі

Да 14 лютага 1943 г. партызаны на асобных участках перашкаджалі канцэнтрацыі сіл карнікаў. 14 лютага ў кальцы аказаліся (паміж рэкамі Аўсянка, Лужаснянка і чыгункай Віцебск—Езярышча) 9 тыс. партызан і больш за 20 тыс. мясцовых жыхароў. 15 лютага партызаны брыгады «Аляксея» авалодалі вёскамі Сахарава, Жабенцяі, Баліна, Мельна. Карнікі не змаглі ўварвацца ў зону і з 18 лютага пачалі гарматны абстрэл і бамбардзіроўку. 11, 15, 20—24 лютага савецкія самалёты дастаўлялі ў зону боепрыпасы, зброю, медыкаменты. 22 лютага карнікі перайшлі ў наступленне па ўсім перыметры блакады, баі працягваліся 5 сутак. На ўсход ад Гарадка партызанская брыгада імя М. І. Кутузава разграміла батальён праціўніка, захапіла зброю, боепрыпасы, падбіла 3 бронемашыны, грузавую і легкавую аўтамашыны. У ноч на 23 лютага на бок партызан амаль у поўным складзе перайшоў 825-ы «ост-мусульманскі» батальён (506 салдат) і ўліўся ў склад 1-й Віцебскай брыгады і брыгады «Аляксея»[1]. Партызаны, не ўступаючы ў зацяжныя баі, невялікімі групамі прабіваліся з акружэння. Да 3 сакавіка партызаны і мясцовыя жыхары былі акружаны на драбналессі і ў балоцістай мясцовасці плошчай каля 112 км². Карнікі размяшчаліся на рубяжы Канашы—Дубрава—Азёркі, Кавалёва—Сапраны—урочышча Астроўская Дача. 5 сакавіка партызаны трымалі кругавую абарону, потым у выніку атакуючых дзеянняў да 11 сакавіка выйшлі ў раён вёсак Стайкі, Дражна, Платы, Коставічы[1].

Да 20 сакавіка карнікі адышлі ў Віцебск, Гарадок, Сураж[1].

Вынікі аперацыі

У ходзе аперацыі (паводле баявога дзённіка 201-й ахоўнай дывізіі) карнікі правялі «праверку» 169 вёсак, «прафільтравалі» 3583 чал. насельніцтва і перадалі іх эйнзацкамандзе СД, расстралялі 1456 чалавек, 804 чал. даставілі ў зборны лагер, узялі ў палон і забілі 260 партызан.
Карнікі страцілі каля 500 забітымі (з 201-й ахоўнай дывізіі[1]), амаль цалкам быў знішчаны бронедывізіён.
Партызаны страцілі каля 400 чал. забітымі і каля 100 чал. параненымі[1].

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 633. — 680 с. 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.

Літаратура

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2.: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн.2. — 616 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 633. — 680 с. 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.