
Карлсан (шведск.: Karlsson på taket — Карлсан, які жыве на даху) — літаратурны персанаж, створаны шведскай пісьменніцай Астрыд Ліндгрэн. Карлсан жыве ў маленькім доміку на даху шматкватэрнага дома ў Швецыі, у тым жа раёне, дзе жыла сама Астрыд Ліндгрэн. Лепшы сябар Карлсана — сямігадовы (на момант знаёмства з Карлсанам) Свантэ, малодшае дзіця ў сям’і Свантэсан, па мянушцы Малы (у арыгінале Lillebror — Братка, Маленькі брат).
Апісаны ў трылогіі:
- «Малы і Карлсан, які жыве на даху» (1955),
- «Карлсан прылятае зноў» (1962),
- «Карлсан хітруе зноў» (1968).
Упершыню на беларускай мове ўсе тры кнігі цыкла выйшлі ў 2019 годзе[1].
Характарыстыка персанажа
У Швецыі прозвішча Карлсан трэцяе па распаўсюджанасці. У 2008 годзе ў Швецыі былі зарэгістраваныя 201681 носьбітаў гэтага прозвішча[2]. У кнігах не згадваецца імя Карлсана, ён усюды называе сябе «проста Карлсан і ўсё».
У Карлсана на спіне — прапелер, пры дапамозе якога ён можа лятаць. Нягледзячы на адсутнасць якіх-небудзь сродкаў рулення і процідзеяння рэактыўныму моманту і насуперак таму, што прапелер больш падобны на вяслярны шруб, Карлсан можа вольна перамяшчацца па паветры, завісаць і спрытна манеўраваць.
Да матору у Карлсана ёсць глушыцель, які ён выкарыстоўвае, каб не шумець, калі лётае ў якасці прывіда. У другой кнізе згадваецца, што ў звычайнай сітуацыі матор Карлсана выдае гук, адпаведны гуку верталёта, што адзначыў і карэспандэнт з тэлебачання, калі быў у Свантэсанаў у доме і запрасіў фрэкен Хільдур Бок (шведск.: Fröken Hildur Bock) для ўдзелу ў кулінарным шоу. Карлсан часта плаціць за рэчы, якія бярэ без дазвалення, манеткамі ў 5 эрэ.
На радзіме, у Швецыі, Карлсана не любяць, лічачы яго «хамам, эгаістам, падманшчыкам, хвалько і падбухторшчыкам»[3].
Сіндром Карлсана — псіхалагічная асаблівасць дзяцей 3-7 гадоў, якім патрэбны ўяўны сябар[4].
Беларускія пераклады
- Малы і Карлсан-з-даху / Перакл. са швед. Ю. Жалезкі. — Мн., 2007. ISBN 978-985-6783-39-8
- Малы і Карлсан, які жыве на даху: [казачная аповесць: для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту] / Астрыд Ліндгрэн. - Мінск : Папуры, 2019. - 166, [1] с.
- Карлсан прылятае зноў: [казачная аповесць: для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту] / Астрыд Ліндгрэн. — Мінск : Папуры, 2019. — 190, [1] с.
- Карлсан хітруе зноў: [казачная аповесць: для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту] / Астрыд Ліндгрэн. — Мінск : Папуры, друк 2019 (макет 2020). — 203, [4] с.
Зноскі
- ↑ budzma.by
- ↑ Namnstatistik . scb.se. Архівавана з першакрыніцы 1 чэрвеня 2012. Праверана 12 мая 2013.
- ↑ Які ён, Карлсан — добры ці дрэнны?
- ↑ Сіндром Карлсана Архівавана 6 мая 2012.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Карлсан
- Карлсан загаварыў па‑беларуску