Каратэ ў Беларусі

Аляксандр Кажамякін атакуе

Са з’яўленнем каратэ ў СССР у канцы 1970-х, хваля захаплення гэтым навамодным у той час відам японскага адзінаборства закранула і БССР. Колькасць секцый каратэ хутка павялічвалася. Найболей папулярнымі і вядомымі інструктарамі ў Беларусі таго часу былі Алег Кірыенка, Леанід Лушчык, Пётр Калінін, Андрэй Вількін, Валерый Буяк, Аляксандр Ляцецкі (Мінск), Аляксандр Кажамякін (Наваполацк)[1]. У 1978—1983 каратэ актыўна развівалася. Аднак, у маі 1984 года ў Крымінальны кодэкс СССР увялі артыкул для пераследу за заняткі каратэ, бо за папярэднія два гады на афіцыйных спаборніцтвах адбылося пяць смяротных здарэнняў, сведкам аднаго з якіх стаўся беларускі інструктар Алег Кірыенка. За выкладанне гэтага баявога мастацтва пагражала зняволенне да 5 год. Мастацтва захавалася ў Беларусі дзякуючы яго выкладанню пад выглядам дзюдо ў ваенна-патрыятычных клубах «Юны дэсантнік» і «Дзяржынец», а таксама ў фізкультурна-аздараўленчых камбінатах — пад прыкрыццём боксу і ў дзіцячых спартыўных школах — пад прыкрыццём іншых відаў спорту[2].

У час Перабудовы была адноўлена федэрацыя баявых мастацтваў, у каратэ ў БССР пачаўся новы этап развіцця. З’явілася некалькі федэрацый па асобных відах і стылях каратэ. У Беларусі каратэ працягвала сваё развіццё, праходзяць спаборніцтвы, беларускія спартсмены ўдзельнічаюць і перамагаюць у міжнародных спаборніцтвах.

14 лютага 2009 года прайшоў міжнародны турнір па каратэ, прысвечаны 30-годдзю гэтага баявога мастацтва ў Беларусі. У спаборніцтве ўдзельнічалі маладыя спартсмены з 8 краін, былі ўшанаваныя ветэраны каратэ Беларусі і краін СНД[3].

Заўвагі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.