Карабанькі — магілёўскі мяшчанскі і шляхецкі род. Разам з Казановічамі і Хамутоўскімі найбольш часта займалі пасаду магілёўскага войта[1].

Карабанькі фундавалі капліцу пры Брацкай царкве і падаравалі абраз Магілёўскай Божай Маці[2]. Каля 1750 года былыя магілёўскія войты Карабанькі прыбудавалі да царквы Богаяўлення прыдзел у імя Феадосія Пячэрскага і вялікі прытвор[3]. У сутарэннях прыдзела хаваліся прадстаўнікі роду[4].

18 лютага 1777 года Галоўны земскі суд Магілёўскай губерні прызнаў шляхетныя правы як былых членаў магілёўскага магістрата, так і былых магілёўскіх войтаў, а таксама прызнаў іх гербы, якімі яны карысталіся згодна з набілітацыйнымі прывілеямі. У выпісе з земскіх кніг ісцамі згадваюцца войт Юзаф і яго сын Грыгор Карабанькі, якія карысталіся гербам «Кораб»[5].

Партрэт Ганны з Карабанькаў

Дачка магілёўскага войта Юзафа Карабанькі Ганна (1766—1829) выйшла замуж за шляхціча Фёдара Паскевіча і нарадзіла будучага фельдмаршала Івана Паскевіча. Вядомы яе партрэт канца XVIII ст.

Зноскі

  1. З. Л. Яцкевіч. Да пытання арганізацыйна-адміністрацыйнай структуры Магілёўскага магістрата ў сярэдзіне XVI—XVII ст. Архівавана 5 чэрвеня 2020.
  2. Яцкевіч З. Л. Мастацтва ў дакументах. // Мастацтва: Мінск / Гал. рэд. Гіль М. Мн., 2006. с. 48-49
  3. Пікулік А. М. Мастацтва магілёўскіх старадрукаў / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы. Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2002. — С. 118. — 199 с. — ISBN 985-464-126-0.
  4. Алесь Асіпцоў. 100 зруйнаваных архітэктурных помнікаў Магілёву. Богаяўленскі сабор. Тыднёвік Магілёўскі. 14-20 красавіка 2000 г. № 14 (78)
  5. Доўнар, А. Б. Пацвярджэнне шляхецтва прадстаўнікам гарадскога самакіраванння Магілёва ў 1777 г. / А. Б. Доўнар // Куляшоўскія чытанні : сборник научных статей по материалам Международной научно-практической конференции, 18-19 апреля 2019 г. / под ред. Т. В. Мосейчук. — Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова, 2020. — С. 206—211.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.