Капыльскае ткацтва — традыцыйнае народнае ткацтва ў вёсках Капыльшчыны. Вядомае з XVI ст. У XVII ст. працавалі ткацкія майстэрні. З 1850-х гг. да пачатку Першай сусветнай вайны ў вёсцы Агароднікі дзейнічала пабудаваная князем Радзівілам вялікая майстэрня па вырабе абрусоў (у XIX ст. кіраваў прыгонны ткач Міхалевіч), дзе ткалі на шырокіх кроснах. Узорамі гэтай майстэрні карысталіся майстры больш позніх часоў (М.Парыбак з Цімкавічаў, С.Шаравар з Крывасёлкаў ды іншыя). Вядомыя тэхнікі закладнога, пераборнага і шматнітовага ткацтва, у іх вырабляюць абрусы, ручнікі, дываны, посцілкі і іншае.
У пашыраным да XX ст. закладным ткацтве (мясцовыя назвы «старасвецкае ткацтва», «старасвецкае натыканне») меліся шчыліны; выкарыстоўвалі габеленавую тэхніку, характэрныя спалучэнні чырвонага і чорнага колераў. У XX ст. развівалася шматнітовае і пераборнае ткацтва. У шматнітовай тэхніцы (да 12 нітоў) налічваецца больш за 200 узораў — «простых» і «павучковых», найбольш уласцівыя спалучэнні белага і шэрага колераў. Асаблівую разнавіднасць шматнітовай тэхнікі складаюць тканіны з фактурай «у бубікі» («касматыя»), дзе ў пэўных месцах выцягваюць уточную неразразную нітку. Пераборнае ткацтва мае 2 разнавіднасці. Традыцыйныя арнаменты: геаметрычны (мясцовыя назвы «кашэчая лапка», «шпора», «кругі», «катушкі», «вакенцы», «зоркі»; «касіца», «вада», «маланкі», «шахінь», «калатушкі» і іншыя), зааморфны («пеўні», «каты», «сабачкі», «вавёрка», «ільвы», «птушкі», «рыба», «чалавек» і інш.), раслінны («дуб», «вяночак», «васількі», «ландыш» і інш. Характэрныя спалучэнні белага з блакітным або рознымі адценнямі сіняга колеру. Гэтыя спалучэнні ў ручніках абумоўленыя вясельным фальклорам.
У 1950-1980-я гг. ткацтвам займаліся ў вёсках Макраны (Г. Паляшчук), Семежава (А. Серада), Лешня (Н. Чаркас), Кіявічы (Л. Пілат і В. Кіеня), Гулевічы (А. Мяшэчак), Цімкавічы, Агароднікі, Душава, Ванелевічы, Крывасёлкі ды іншыя. Многія ткачыхі працуюць надомніцамі Слуцкай фабрыкі мастацкіх вырабаў.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).