Канфлікт у Капрыві
Дата з 1994 па жнівень 1999 года
Месца Паласа Капрыві
Вынік разгром АВК
Праціўнікі
 Намібія Армія вызвалення Капрыві
Камандуючыя
Сэм Нуёма Мішаке Муёнга

    Канфлікт у Капрыві (англ.: Caprivi conflict) — баявыя дзеянні паміж войскамі Намібіі і сепаратысцкай групоўкай «Армія вызвалення Капрыві»[1].

    Ход падзей

    Ваенны патруль у Капрыві

    Паласа Капрыві — гістарычная вобласць, размешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы Намібіі. У 1994 годзе ў рэгіёне ўспыхнулі беспарадкі, звязаныя з тым, што этнічная большасць рэгіёну, народ лозі, вырашыла аддзяліцца ад астатняй часткі краіны. Рухаючай сілай выступіла Армія вызвалення Капрыві (АВК)[1].

    У кастрычніку 1998 года Сілы абароны Намібіі пры падтрымцы Special Field Force выявілі лагер навучання баевікоў, пасля чаго адбылося ўзброенае сутыкненне. У выніку 2 500 чалавек беглі ў Батсвану, з іх каля 100 чалавек мелі зброю. Сярод уцякачоў быў таксама лідар паўстанцаў Мішаке Муёнга. Ён атрымаў палітычны прытулак у Даніі. Намібія беспаспяхова патрабавала ад Даніі і Батсваны выдачы паўстанцаў. Прэзідэнт краіны Сэм Нуёма назваў удзельнікаў АВК «здраднікамі і забойцамі» і заявіў, што яны будуць пакараныя за свае злачынствы.

    У ноч на 2 жніўня 1999 года паўстанцы здзейснілі нечаканыя напады на ваенную базу, дзяржаўную радыёстанцыю, памежны пост «Ванела» і паліцэйскі ўчастак у горадзе Каціма-Муліла, сталіцы рэгіёну Капрыві. Сілы абароны Намібіі былі заспеты знянацку. Падчас бою паміж урадавымі войскамі і АВК загінула 15 чалавек. Ва ўсім краі абвешчана надзвычайнае становішча. Былі арыштаваныя меркаваныя прыхільнікі сепаратыстаў. Мішаке Муёнга заявіў, што гэта «было толькі пачаткам», аднак больш падобных выбліскаў не ўзнікала.

    Наступствы

    У 1999 годзе 132 меркаваных удзельнікаў былі арыштаваныя, абвінавачаныя ў дзяржаўнай здрадзе, забойствах і шэрагу іншых злачынстваў. Дадзенае судовае разбіральніцтва стала вядома як «Працэс па справе аб здрадзе ў Капрыві» (англ.: Caprivi treason trial)[2]. Вынік так і не быў апублікаваны, на што неаднаразова скардзілася Amnesty International.

    7 кастрычніка 2002 Армія вызвалення Капрыві заявіла аб тым, што народ Ітэнге (так сепаратысты называюць гэты рэгіён) цалкам парваў сувязі з Намібіяй. Яны абвясцілі край свабоднай суверэннай дзяржавай (англ.: Free State of Caprivi Strip — Itenge). Ніякіх практычных наступстваў, аднак, гэтая дэкларацыя не мела.

    Заўвагі

    1. 1 2 Caprivi Liberation Front (англ.). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2013. Праверана 1 лютага 2013.
    2. Международная амнистия. DOCUMENT — NAMIBIA: JUSTICE DELAYED IS JUSTICE DENIED: THE CAPRIVI TREASON TRIAL (англ.). Архівавана з першакрыніцы 13 лютага 2013. Праверана 1 лютага 2013.

    Спасылкі

    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.