Кантабры, лац.: Cantabri — старажытная канфедэрацыя 11 плямёнаў[1], якія засялялі паўночнае ўзбярэжжа Іспаніі на тэрыторыі сучаснай правінцыі Кантабрыя, на ўсходзе Астурыі і ў прылеглых горных раёнах Кастыліі-Леона.
Паводле паведамлення Страбона, кантабры або раней зваліся лузітанамі (гэта значыць былі індаеўрапейскім народам), або, як лічыў Юлій Цэзар, яны былі народам мясцовага паходжання[2].
Кантабры карысталіся рэпутацыяй неўтаймаваных і незалежных горцаў. Працяглы час ім удавалася адбіваць напады рымлян. Упершыню войскі Рымскай рэспублікі напалі на іх каля 150 г. да н.э. У сваіх «Запісках пра Гальскую вайну» (iii.26) Цэзар апісвае, як Крас перамог аб'яднаную армію кантабраў і аквітанаў, якіх ён заве «роднаснымі плямёнамі», што ставіць пад сумнеў прыналежнасць кантабраў да кельтыбераў (гэты пункт гледжання папулярны сярод часткі заходнееўрапейскіх гісторыкаў). Сама назва «кантабры» — лігурскага паходжання і азначае «горцы». Назвы кантабрскіх плямёнаў і іх мясцовыя традыцыі таксама адрозніваюцца ад суседніх кельтыберскіх.
Перамагчы кантабраў здолелі толькі Агрыпа і Актавіян Аўгуст, якія асабіста ўдзельнічалі ў кампаніях, вядомых як Кантабрыйскія войны (29-19 гг. да н.э.), у выніку якіх кантабры і саюзныя ім астуры былі часткова знішчаны[3]. Тыберый атрымаў першы ваенны вопыт у вайне супраць кантабраў у 25 г. да н.э. на пасадзе салдацкага трыбуна[4].
Пасля гэтага землі кантабраў былі ўключаны ў склад правінцыі Тараконская Іспанія, з абмежаванай аўтаноміяй. Кантабры пастаўлялі рэкрутаў у рымскія дапаможныя войскі (auxilia), як і іх заходнія суседзі, астуры. У старажытнай Кантабрыі знаходзіліся свінцовыя шахты, пра якія вядома мала.
Мясцовае насельніцтва так і не было да канца раманізавана, паколькі заставалася галоўным чынам сельскім. Канчатковая раманізацыя адбылася толькі пасля ўварвання арабаў на Іберскі паўвостраў.
Гл. таксама
- Дарымскае насельніцтва Іберыі
- Палеаіспанскія мовы
Зноскі
Спасылкі
Літаратура
- Venceslas Kruta, 2000. Les Celtes, histoire et dictionnaire, (Paris: Éditions Robert Lafont) ISBN 2-7028-6261-6