Канстытуцыя Лівана — асноўны закон Ліванскай рэспублікі. Была прынятая падчас французскага мандату, 23 мая 1926 года. Пасля ў Канстытуцыю неаднаразова ўносіліся папраўкі — 17 кастрычніка 1927 года, 8 мая 1929 года, 9 лістапада 1943 года, 7 снежня 1943 года, 21 студзеня 1947 гады, 22 мая 1948 года, 24 красавіка 1976 года, 21 верасня 1990 года.

Прэамбула Канстытуцыі абвяшчае, што дзяржаўны лад Лівана заснаваны на прынцыпе падзелу ўлад, а асноўнай нацыянальнай задачай з’яўляецца адмена канфесійнай сістэмы, абвяшчае роўнасць грамадзян Лівана, свабоду асобы і сумлення. Частка 2 ўстанаўлівае парадак выбару дэпутатаў парламента і прэзідэнта краіны. Прэзідэнт, у адпаведнасці з артыкулам 49, абіраецца ў першым туры парламентам (Палатай дэпутатаў) большасцю ў дзве траціны галасоў шляхам тайнага галасавання. Калі ў першым туры прэзідэнт не абраны, праводзіцца другі тур, для перамогі ў якім досыць набраць простую большасць галасоў. Тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта — шэсць гадоў, ён можа быць пераабраны на гэты пост толькі па сканчэнні шасці гадоў пасля заканчэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў.

Выканаўчую ўладу, у адпаведнасці з артыкулам 65, ажыццяўляе ўрад — Савет міністраў, якому падпарадкаваны ўзброеныя сілы краіны. Для прыняцця рашэння па найважнейшых пытаннях (перагляд Канстытуцыі, абвяшчэнне надзвычайнага становішча ў дзяржаве і яго адмена, пытанні вайны і міру, агульная мабiлiзацыя, заключэнне міжнародных дагавораў, бюджэт дзяржавы, доўгатэрміновыя агульнанацыянальныя праграмы развіцця, прызначэнне служачых першай катэгорыі або аналагічнага статусу, рэарганізацыя адміністрацыйных акругаў і г. д.) патрабуецца кваліфікаваная большасць у дзве траціны складу ўрада.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.