Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі | |
---|---|
Лідар | Эдвард Роп |
Дата заснавання | люты 1906 |
Краіна | |
Ідэалогія | кансерватызм, краёвасць |
Саюзнікі і блокі | Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя («кадэты») |
Колькасць членаў | каля 1000 |
Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі — адна з першых легальных палітычных партый Беларусі ў пачатку ХХ ст. Створана ў канцы 1905 — пачатку 1906 г. віленскім каталіцкім епіскапам Э. Ропам.
Гісторыя
На арганізацыйным з'ездзе, які адбыўся ў лютым 1906 г. у Вільні, прысутнічала каля 1000 яе прыхільнікаў, прадстаўнікоў каталіцкага духавенства, землеўладальнікаў, інтэлігенцыі, рабочых і сялян. Спалучала лібералізм кадэцкага кірунку ў адносінах да палітычнага жыцця, кансерватызм у падыходах да сацыяльна-эканамічных праблем Беларусі і Літвы і ідэалы хрысціянскай дэмакратыі.
Супрацоўнічала з польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыяй. Мела курсы навучання ксяндзоў, выдавала газету «Nowiny Wileńskie» («Віленскія навіны», студзень-люты 1906), «Towarzysz pracy» («Сябра працы», люты-сакавік 1906), «Przyjaciel ludu» («Сябра народу», са студзеня 1906). Патрабавала абласнога самакіравання для Беларусі і Літвы, аўтаноміі з заканадаўчым сеймам для Польшчы. Вырашэнне аграрнага і іншых пытанняў звязвала з устанаўленнем мясцовага самакіравання. Адстойвала памешчыцкае землеўладанне, выказвалася за садзеянне сялянам у набыцці зямлі.
Дзейнічала пераважна ў Віленскай і некаторых паветах Гродзенскай губерні, дзе большасць насельніцтва складалі католікі.
На выбарах у І Дзяржаўную думу блакіравалася з Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыяй («кадэтамі») і дамаглася значнага поспеху: з 7 дэпутатаў ад Віленскай губерні 6 — прыхільнікі партыі, з іншых заходніх губерняў яе падтрымлівалі 11 дэпутатаў (т.зв. аўтанамісты). У ІІ Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі ідэі партыі падтрымлівалі 11 аўтанамістаў.
Партыя распалася ўвосень 1907 г.
Зноскі
Літаратура
- Біч, М. Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі // ЭГБ, т. 4. - Мн., 1997.
- Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
- Смалянчук, А. Канстыгуцыйна-каталіцкая партыя Беларусі і Літвы // Голас Радзімы. 1993. 11 сак.
- Максім Гацак. Не Марксом единым...(недаступная спасылка) - Крыніца.INFO