Канстанцін Кіслы | |
---|---|
Кастусь Кіслы | |
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 21 мая 1898 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 студзеня 1980 (81 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | беларускі музыка, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў |
Канстанцін Кіслы, Кастусь Кіслы (21 мая 1898, Лэнчыца — 8 студзеня 1980, Беласток, Польшча) — беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.
Біяграфія
Нарадзіўся ў беларускай праваслаўнай сям'і. Бацька паходзіў з-пад Слоніма. Пачатковую адукацыю атрымаў у Каліш.
Падчас Першай сусветнай вайны эвакуяваўся з сям’ёй у Марыупаль (паўднёвая Украіна). У час вучобы на занятках прафесара музыкі кампазітара Салаўёва выявіў музычныя здольнасці. У сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 годзе прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора выканаў і дзве беларускія песні («Чаму ж мне не пець» і «Ці свет, ці світае»). Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям'ю ў Беларускім камітэце Марыупаля, упершыню пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. У 1918 г. скончыў настаўніцкую семінарыю.
Пачатак грамадзянскай вайны ў Расеі і ваенныя дзеянні закінулі яго ў Турцыю, дзе ён жыў пэўны час у мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля. З 1921 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, дзе арганізаваў царкоўны хор пры Спаса-Праабражэнскім саборы. Адначасова стварыў мясцовы свецкі хор.
З 1933 года жыў у Беластоку. Быў арганізатарам і дырыжорам школьнага хору пры саборы Св. Мікалая. Таксама вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы. У другой палове 1930-х гадоў на іх аснове быў створаны супольны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных уладаў, ён шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў.
З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі быў арыштаваны НКУС у 1939. Сядзеў у турме, уцёк у 1941 годзе.
У ліпені 1941 года вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асветную справу. Наладзіў супрацу з Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 г. выступаў з публічнымі канцэртамі. У хуткім часе хор быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца. У гарадах і вёсках шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа. З 1944 у эміграцыі, спачатку ў Германіі. Пазней, у 1948 перабраўся ў Бельгію, дзе працаваў у вуглездабывальнай шахце. У 1953 (пасля смерці Міколы Равенскага) быў запрошаны на пасаду дырыжора студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў г. Лёвене (Бельгія). Шырока папулярызаваў беларускую песню ў Заходняй Еўропе. З ансамблем выступаў у Бруселі, Лондане, Парыжы, Кёльне і Боне.
У маі 1956 года прыехаў у ЗША. Жыў у Кліўлендзе, дзе прымаў удзел у беларускім культурна-грамадскім жыцці. Быў кіраўніком беларускіх свецкіх і царкоўных хораў, музычных калектываў і драматычнага гуртка. Удзельнічаў у рэарганізацыі кліўлендскага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Кампанаваў царкоўную музыку, аўтар музычнага зборніка «Вялікдзень». Сябра БАЗА, уваходзіў у кіраўніцтва Кліўлендскага аддзела арганізацыі. Настаўнік беларускай суботняй школы. Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.
Увосень 1976 года выехаў да дачкі ў Польшчу. Жыў у Беластоку.
Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Электронная Энцыкляпэдыя. Кіслы Канстанцін .