Канстанцін Аляксандравіч Чалоўскі
Дата нараджэння каля 1823[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 29 сакавіка 1899(1899-03-29)[2][1]
Месца смерці
Месца пахавання
Род дзейнасці выкладчык універсітэта, батанік
Навуковая сфера батаніка, педагогіка і прыродазнаўчыя навукі
Месца працы
Альма-матар

Канстанцін Аляксандравіч Чалоўскі (каля 1823, Гладкава, Чавускі павет — 29 сакавіка 1899) — выкладчык Магілёўскай семінарыі і іншых навучальных устаноў Магілёва. Займаўся навуковай працай і зрабіў першае апісанне флоры Магілёўскай губерні.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і святара сяла Гладкава Чавускага павета[3].

У К. Чалоўскага рана з’явілася цікавасць да прыродазнаўчых навук. Ён назіраў за раслінамі з дзяцінства[3].

Паступіў спачатку ў Магілёўскае духоўнае вучылішча, а потом у Магілёўскую духоўную семінарыю, дзе схільнасць да заняткаў батанікай і медыцынай не страціў, а працягнуў увесь вольны час займацца любімай справай. Падчас вучобы склаў калецыю лекавых раслін і аптэчку, якой дазваляў карыстацца іншым. Бацька хацеў адправіць сына ў Медыка-хірургічную акадэмію, але памёр, з-за чаго далейшая адукацыя апошняга не склалася. Нават з аплатай за семінарыю былі цяжкасці з-за недахопу грошай, але К. Чалоўскаму як лепшаму вучню і сіраце даравалі казённае семінарскае ўтрыманне і дазволілі навучанне[3].

У студзені 1842 года К. Чалоўскі прасіў дазволу паступіць у Медыка-хірургічную акадэмію, але кіраўніцтва семінарыі пад пагрозай адмовіць у казённым утрыманні адмовіла. Але паколькі па новай рэформе семінарыям патрэбны былі выкладчыкі сельскай гаспадаркі, выпускніка К. Чалоўскага накіравалі ў Горацкую земляробчую школу, якую той выдатна скончыў і вярнуўся выкладчыкам у Магілёўскую духоўную семінарыю, дзе наступныя трыццаць гадоў выкладаў сельскую гаспадарку і натуральную гісторыю, фізіку, матэматыку, каморніцтва, практычную геаметрыю, лацінскую і нямецкую мову. 10 гадоў быў таксама бібліятэкарам, а 2 гады — членам будаўнічага камітэта па перабудове семінарскіх будынкаў[3].

Адначасова з працай у семінарыі К. Чалоўскі з 1873 года быў выкладчыкам фізікі і натуральных навук у жаночым вучылішчы духоўнага ведамства пры Буйніцкім жаночым манастыры, з 1873 года ж — выкладчыкам фізікі, хіміі, батанікі і фізіялогіі ў жаночай гімназіі; з адкрыццём у Магілёве цэнтральнай фельчарскай школы ў 1874 годзе — выкладчыкам фізікі ў гэтай школе. Акрамя гэтага, больш за 10 гадоў (1862—1873) выкладаў таксацыю, а потым і натуральную гісторыю ў каморніцка-таксатарскіх класах, якія тады існавалі пры мужчынскай гімназіі, і каля 2 гадоў (1878—1879) натуральную гісторыю ў той жа гімназіі[3].

З 1877 года па ўласным прашэнні скончыў працу ў семінарыі, адначасова пачаў скарачаць колькасць сваіх службовых абавязкаў. З 1892 года пакінуў службу ў жаночым вучылішчы, а ў 1895 — і ў фельчарскай школе. Апошні год працы ён ужо не мог падымацца на верхні паверх школы, таму яму адмыслова дазволілі весці заняткі на ніжнім паверсе[3].

К. Чалоўскі быў чалавекам, маральныя і асабістыя якасці якога ацэньваліся высока ўсім грамадствам: ад вучняў і калег да шырокіх колаў жыхароў Магілёва і навукоўцаў з усяго свету. Ледзь не да самых апошніх дзён яго дом быў адкрыты для самых розных гасцей і з’яўляўся месцам, дзе людзі сустракаліся і вялі размовы на розныя тэмы, а сам Чалоўскі быў цэнтрам гэтага кола[3].

Памёр на 77 годзе жыцця 29 сакавіка 1899 года[3]. Смерць К. Чалоўскага і яго пахаванне сталі важнай падзеяй у жыцці горада Магілёва, цела было выстаўлена ў кафедральным саборы, а ўдзел між іншых прынялі настаяцель Брацкага манастыра архімандрыт Афанасій (вучань памерлага) з большасцю гарадскога духавенства і начальнік губерні М. А. Зіноўеў[3].

Пахаваны быў на саборных могілках Магілёва[3].

Навуковая дзейнасць

Увесь вольны час К. Чалоўскі аддаваў батаніцы. Больш за 10 гадоў увесь канікулярны час ён займаўся батанічнымі даследаваннямі, вынікам чаго стала капітальная праца «Флора Магілёўскай і блізкіх да яе губерній»[3].

Акрамя гэтага, склаў шмат батанічных калекцый, высока ацэненых сучаснай яму навуковай супольнасцю[3].

З 1850 года быў карэспандэнтам Імператарскага Вольнага эканамічнага таварыства, а з 1854 года — членам Магілёўскага губернскага статыстычнага камітэта[3].

У 1853—1855 гадах выдадзена першая кніга «Могилевская флора» Р. Пабо і К. Чалоўскага[4].

Прызнанне ў Расійскай імперыі і за мяжой

У 1879 годзе К. Чалоўскі атрымаў афіцыйнае запрашэнне на Санкт-Пецярбургскі VI з’езд прыродазнаўцаў, дзе быў прыняты з пашанай і павагай. К. Чалоўскі вёў жывую перапіску з рознымі навукоўцамі, якія звярталіся да гэтага сціплага працаўніка з просьбамі выслаць ім яго гербарыі, артыкулы, дзяліліся сваімі навуковымі працамі[3].

У 1886 годзе Швейцарскае таварыства батанікаў прапануе К. Чалоўскаму абмен гербарыямі і супрацоўніцтва. У 1892 годзе яго афіцыйна запрашаюць на кангрэс прыродазнаўцаў у Геную, а ў 1897 — такое ж запрашэнне на X з’езд прыродазнаўцаў і ўрачоў у Кіеве[3].

У 1898 годзе французскі навуковец М. Гандажэ прасіў яго аб абмене гербарыямі для сваёй навуковай працы[3].

Бібліяграфія

  • Флора Магілёўскай і блізкіх да яе губерній (рукапіс).
  • Перечень общеизвестных вредных и полезных грибов // Опыт описания Могилевской губернии. Могилев. 1882. Кн. 1, разд. 6. С. 415—419.

Зноскі

Літаратура

  • Дубовик Д. В. К истории изучения флоры восточной части Беларуси // Ботаника (Исследования) : Сб. науч. тр. — Минск, 2008. Вып. 35. С. 184—196. — О гербарии Чоловского на с. 185, 186, 189, 190. — Гл. таксама эксікаты Пабо і Чалоўскага.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.