Канстанцін Тызенгаўз | |
---|---|
польск.: Konstanty Tyzenhauz | |
| |
| |
Нараджэнне |
3 чэрвеня 1786 |
Смерць |
1 студзеня 1853 (66 гадоў) |
Месца пахавання | |
Род | Тызенгаўзы |
Бацька | Ігнацы Тызенгаўз[d] |
Маці | Марыяна з Пшаздзецкіх[d] |
Жонка | Валерыя з Ваньковічаў[d] |
Дзеці | Марыя Ганна Валерыя з Тызенгаўзаў і Райнольд Тызенгаўз |
Член у | |
Адукацыя | |
Дзейнасць | арнітолаг |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Канстанцін Тызенгаўз (3 чэрвеня 1786, Жалудок — 1853, Паставы) — навуковец-заолаг, заснавальнік беларускай арніталогіі[1].
Біяграфія
З шляхецкага роду Тызенгаўзаў, сын Ігната і Марыяны з Пшаздзецкіх. Унучаты пляменнік Антонія Тызенгаўза. Успадкаваў ад бацькі тытул графа.
Пачатковую адукацыю атрымаў у Варшаве. Навучаўся прыродным навукам у Віленскім універсітэце. На фізіка-матэматычным факультэце прафесар Станіслаў Баніфацы Юндзіл выкладаў батаніку і заалогію. Хаця ён збольшага быў выдатным батанікам, які прысвяціў свае кнігі розным аспектам гэтай навукі, былі ў яго навуковыя публікацыі і па заалогіі, а ў 1807 г. выйшла першае выданне яго падручнікаў па заалогіі для школ ў трох тамах, у якой другі том быў прысвечаны выключна птушкам. Менавіта яму К.Тызенгаўз прысвяціў сваю першую кнігу «Асновы арніталогіі, навукі аб птушках». Хутчэй за ўсё пад уплывам дзейнасці праф. Юндзіла К. Тызенгаўз вырашыў прысвяціць сябе арніталогіі[2].
У Варшаве атрымоўваў урокі малявання ў такіх майстроў як Норблін і Арлоўскі. Меў мастацкія здольнасці, што дапамагала яму і ў навуковай дзейнасці: большасць ілюстрацый да сваіх прац выканаў самастойна. Стварыў шмат акварэльных пейзажаў (знаходзяцца ў калекцыі мастацкага музея імя Чурлёніса ў Коўна), а таксама графічныя партрэты сваіх прыяцяляў. У Пастаўскім палацы ім была створана галерэя карцін, якая налічвала больш за трыста палотнаў вядомых мастакоў. Быў аўтарам нарысаў пра Рубенса ў часопісе «Варшаўская бібліятэка».
Таксама меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах, пераважна віяланчэлі, стварыў музычныя школы і аркестры ў Паставах і Ракішках.
У расійска-французскую вайну 1812 года выступіў на баку Напалеона, ачоліў 19-ы літоўскі пяхотны полк, сфарміраваны часткова за яго кошт[3]. Далейшы лёс закінуў яго да Седану, дзе ён стаў шэфам 3-й кампаніі польскай ганаровай гвардыі, а пазней — палкоўнікам войск Варшаўскага княства. Мужна змагаўся ў войсках князя Юзафа Панятоўскага, у тым ліку ў Лейпцыгскай бітве 16-19 кастрычніка 1813 года[4]. 10 жніўня 1813 года атрымаў ад княза Басана Крыж Ганаровага легіёна. У студзені 1814 года атрымаў звальненне са службы і пасяліўся ў горадзе Клермон.
За ўдзел у вайне супраць Расійскай імперыі Тызенгаўзу, як і ўсёй паспалітай шляхце, пагражала канфіскацыя маёмасці і выгнанне, аднак у маніфесце ад 12 снежня 1812 года імператар Аляксандр І аб’явіў «уселітасцівейшае агульнае і прыватнае дараванне, аддаючы ўсё мінулае вечнаму забыццю і глыбокаму маўчанню». Гэта амністыя дазволіла К. Тызенгаўзу пасяліцца на сталае жыхарства ў Паставах (прыкладна ў 1814 г.) і вярнуць мястэчку былую славу і веліч[5].
Менавіта пры Канстанціне быў дабудаваны пастаўскі палац Тызенгаўзаў. Бо пад час жыцця Антонія Тызенгаўза былі ўзведзены толькі два бакавыя флігелі (кухонны і канюшанны), закладзены фундамент асноўнага будынку і быў заснаваны парк пейзажнага тыпу з сажалкамі. Па ініцыятыве Канстанціна ў палацы была ўзведзена каланада — парадны пад’езд. З’явіўся новы, больш рэпрэзентатыўны фасад, павялічыліся і абодва флігелі. Паўночная частка палацу была цалкам прызначана для заняткаў навукамі і мастацтваў. Направа ад вестыбюля размяшчалася вялізная зала, прыстасаваная пад арніталагічны музэй, налева — капліца. Былі таксама кабінеты заалогіі, мінералогіі і этнаграфіі краю. Злева знаходзіліся анфіляды пакояў з ляпнінай і мармуровымі камінамі, сцены якіх упрыгожвалі палотны знакамітых мастакоў.
У 1831 падтрымаў вызваленчае паўстанне, дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю і кантаністаў. Быў арыштаваны, сядзеў у турме ў Дынабургу, адкуль быў перавезены ў Мінск, адтуль у Вільню, дзе быў судзімы Віленскай следчай камісіяй[6].
Пасля смерці бацькі Ігната, атрымаўшы ў спадчыну графства Рокішкі, Канстанцін Тызенгаўз замовіў правесці яго інвентарызацыю. Навукоўцу было важна дакладна ведаць, якімі багаццямі ён тут кіруе. Таксама, у 1848 г. Міхаіл Скіндар намаляваў карту графства. На ёй пазначаныя мястэчкі графства, вёскі, карчмы, паказаныя межы фальваркаў, дарогі, рэкі і іншыя вадаёмы.
У Ракішках Канстанцін Тызенгаўз пачаў стварэнне заапарка, заснаваў лабараторыю, у парку маёнтка пашырыў аранжарэі і цяпліцы, дзе вырошчваў шмат раслін з цёплых і субтрапічных краёў. У апісанні Ракішак 1825 г. паказана, што некаторыя лімонныя і апельсінавыя дрэвы ўжо лакалізаваны і распаўсюджваюцца па іншых маёнтках. Гандаль саджанцамі быў вельмі паспяховы, і для казны Ракішскага графства прынёс вялікія прыбыткі. Частку з іх граф інвеставаў у культуру і адукацыю.
Разам са сваім таксідэрмістам Скіндэрам прэпараваў шматлікія экзэмпляры птушак і звяроў з навакольных мясцін Віленшчыны. Каб мець магчымасць параўноўваць птушак з розных месцаў і частак свету, ездзіў у экспедыцыі па краі і за яго межы (на Гродзеншчыну, Піншчыну, у Карпаты, Падолле, Бесарабію, на ўзбярэжжа Чорнага мора), здабываючы там не толькі новыя экспанаты для сваёй знакамітай калекцыі, але і новы досвед, новыя знаёмствы сярод навукоўцаў.
У 1829 і 1844 быў у Парыжы і Вене, у 1841 наведаў Дрэздэн, Мілан і Венецыю, у 1851 — Берлін. Некалькі разоў наведваў Варшаву і мясцовы Заалагічны кабінет.
Сабраў велізарную калекцыю: каля 3000 відаў птушак з усяго свету, а таксама значную колькасць птушыных яек. З 1831 апублікаваў больш за 20 навуковых прац, напісаных на польскай, лацінскай і французскай мовах[2]. У пастаўскай рэзідэнцыі знаходзілася вялікая бібліятэка па натуральнай гісторыі, «дзе меліся скарбы, якіх ніколі не было ў Польшчы», як сцвярджаў яго калега Антоні Вага, вялікія і каштоўныя альбомы англійскіх, французскіх і нямецкіх арнітолагаў.
Быў сябрам многіх навуковых таварыстваў: Сябраў Навук у Варшаве, у Вільні, натуралістаў у Дрэздэне і Рызе, эканамічнага — у Галіцыі, навуковага — у Кракаве, даследчыкаў прыроды — у Берліне, медыка-хірургічнай акадэміі і медыцынскага таварыства ў Вільні.
Асноўныя навуковыя працы
У 1841 годзе ў Вільні выйшлі «Асновы арніталогіі, навукі аб птушках» (польск.: Zasady ornitologii albo nauki o ptakach), дзе ахоплена тэрміналогія, аалогія (навука аб птушыных яйках), таханомія, гласалогія і інш. з дадаткам 5 літаграфічных табліц і 1 каляровай. У
У 1843—1846 гадах у Вільні былі надрукаваныя тры тамы «Агульнай арніталогіі, альбо апісання птушак усіх частак Свету» (польск.: Ornitologia powszechna, czyli opisanie ptaków wszystkich części świata). Таксама адзначаецца сярод яго фундаментальных прац «Каталог птушак і млекакормячых Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага» (лац.: Catalogus avium et mammalium..., 1844), у якім апісаў 351 від птушак і 167 відаў звяроў з тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны.
З іншых прац: Вывучэнне савы лапланскай (мшарнай), выяўленай у Літве (1820), Агульныя назіранні за шкоднымі для пасеваў вусенямі (1838), Назіранне за некаторымі відамі рыб у Літве (1841). Падаў таксама вынікі даследаванняў над еўрапейскімі арламі, аб выпадковай ружовай афарбоўцы дзікіх качак, аб птушцы кашатка, аб вусенях, якія выпалі разам са снегам у адной з вёсак Мядзельшчыны.
Незадоўга да сваёй смерці пачаў выдаваць у Парыжы апісанне яек усіх птушыных парод паўночна-заходніх абшараў Расійскай імперыі. Пад яго кіраўніцтвам таксідэрміст Скіндэр выканаў значную колькасць адлюстраванняў яек з калекцыі сабранай арнітолагам з вялікім стараннем. Аднак смерць не дазволіла здзейсніць задуманае. Ён памёр 28 сакавіка 1853 года ў Паставах.
Сын Райнольд распарадзіўся закончыць у Парыжы рэшткі табліц па Аалогіі птушак польскіх, што засталіся незавершанымі. Даручыў вопытнаму арнітолагу У. Тачаноўскаму падрыхтаваць тэкст. Апошняя, ўжо пасмяротная праца, была апублікавана ў 1862 г. на дзвюх мовах: польскай і французскай з дадаткам 170 каляровых табліц[7].
Прызнанне
Як сцвярджаў яго сучаснік і калега Антоні Вага:
Што ў іншых ў іншых краях прафесары вышэйшых навучальных устаноў, прызваныя ўрадам на свае кафедры, стваралі доўгай і мазольнай працай, — тое апантаны грамадзянін у ваколіцах, далёкіх ад сталічных гарадоў, аддадзены вясковай гаспадарцы, талентам і добрай воляй адораны стварыў у адну хвіліну!
Кандыдат біялагічных навук В. В. Грычык адзначыў, што менавіта К. Тызенгаўзу беларуская навука «… абавязана першымі па-сапраўднаму навуковымі звесткамі аб прыродзе і, у прыватнасці, жывёльным свеце Беларусі».
Найбольшую каштоўнасць у спадчыне магната ўяўляюць канкрэтныя звесткі аб складзе фаўны Беларусі ў першай палове ХІХ ст.
Сям’я
Меў аднаго брата — Рудальфа, і дзвюх сясцёр — Аляксандру (выйшла замуж за графа Адама Гюнтэра дэ Гільдэсгайма) і Сафію (выйшла замуж за графа Актава Шуазёль-Гуф’е).
Жонка
19 снежня 1821 года Канстанцін Тызенгаўз у касцёле святога Тадэвуша Апостала ў Лучаі (валоданне Ваньковічаў) пабраўся шлюбам з Валерыяй Ваньковіч (1805 — 2 сакавіка 1843). Бацькамі яе былі ігуменскі павятовы маршалак Антон Тадэвушавіч Ваньковіч (1780—1812) і яго жонка Ганна з Солтанаў (каля 1790—1812).
Дзеці
У шлюбе з Валерыяй Ваньковіч тры сыны і дзве дачкі[8]:
- Збігнеў (1822—1845)
- Алена (1825—1864)
- Марыя Ганна Валерыя (13.11.1827—22.5.1890) — жонка польскага пісьменніка, гісторыка, этнографа і выдаўца Аляксандра Нарцыза Караля Пшаздзецкага
- Уладзіслаў (1830-?)
- Райнольд Тызенгаўз (1830—1881) — прадпрымальнік і мецэнат.
Памяць
Астанкі графа Канстанціна Тызенгаўза спачываюць у катакомбах Рокішскага касцёла. Пра гэта 1880 г. паклапацілася яго дачка, якая перапахавала астанкі бацькі, маці Валерыі з Ваньковічаў, братоў Збігнева і Уладзіслава, і сястры Алены з Паставаў у нядаўна пабудаваны касцёл Рокішак.
У 2006 г. да 220-годдзя з дня нараджэння Канстанціна Тызенгаўза ў Паставах перад будынкам палаца быў усталяваны бронзавы помнік у поўны рост. На пастаменце з чорнага паліраванага граніту надпіс: «Канстанцін Тызенгаўз, 1786—1853 гг.». У правай нагі вучонага сядзіць сава, на правую руку яго прыселі дзве птушкі.
У 2007 г. у Жалудоцкім касцёле адкрылі памятную шыльду ў гонар К. Тызенгаўза[9].
Зноскі
- ↑ Бусел, сімвал Беларусі, з’явіўся ў нас параўнальна нядаўна…(недаступная спасылка) // «Звязда» № 162 (26520), 29 жніўня 2009.
- 1 2 Дзмітрый Вінчэўскі. Канстанцін Тызенгаўз (1786—1853). Да 220 годдзя з дня народзінаў. // Состояние и перспективы охраны животного мира Гродненской области и сопредельных территорий: сборник материалов II Гродненской областной открытой зоологической конференции учащихся, посвященной 220-летию со дня рождения Константина Тызенгауза (17-19 февраля 2006 г., г. Гродно) / ред. кол.: Д. Е. Винчевский, В. С. Гуменный, А. В. Рыжая. — Гродно, 2006. — С. 5-23.
- ↑ Nawrot D. Litwa i Napoleon w 1812 roku. Uniwersytet Slaski, 2008. S. 483.
- ↑ Adamowicz Adam Ferdynand. Wiadomość o życiu i pismach Konstantego Tyzenhauza. Biblioteka Warszawska. 1855. t. 4.
- ↑ Пракаповіч Ігар. Паставы. Гістарычная хроніка горада. Мінск: Кнігазбор. 2007. С. 27-28.
- ↑ Ziemczonok, Józef. Konstanty Tyzenhauz, 1786—1853: Uczony. Mecenas. — Warszawa : Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2007. — 138 s.
- ↑ Зямчонак Юзаф. Канстанцін Тызенгаўз як даследчык фаўны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы // Literatura. Język. Literatura. Red. naukowa Mikołaj Timosyuk i Mikolaj Chaustowicz. Warszawa, 2007. Cc. 434—442.
- ↑ Генеалогія Валерыі Ваньковіч (польск.)
- ↑ Канстанцін Тызенгаўз вярнуўся ў Жалудок // «Наша Ніва», 19 лістапада 2007.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Канстанцін Ігнатавіч Тызенгаўз
- Генеалогія Валерыі Ваньковіч (польск.)
- Генеалогія Валерыі Ваньковіч(недаступная спасылка) (польск.)